Свята-фестываль “Лялькі над Нёманам” праходзіць у Гародні другі раз. І хоць фестываль тэатраў лялек звонку наўрад ці выглядае нечым салідным, гэта сур’ёзная культурная падзея міжнароднага маштабу. Менавіта ў Гародні працуе Алег Жугжда, адзін з найбольш выбітных беларускіх рэжысёраў тэатра лялек. Яго аўтарытэт і сувязі дазваляюць запрашаць вельмі цікавыя айчынныя і замежныя пастаноўкі. Думаецца, самі гарадзенцы наўрад ці тое ўсведамляюць, але ім шчыра зайздросцяць многія сталічныя жыхары, якія магчымасці прыехаць на фестываль не маюць.
Фестываль прыемна здзіўляе сваім стаўленнем да ўдзельнікаў, якія маюць магчымасць пабыць у горадзе, паглядзець іншыя спектаклі, паўдзельнічаць у фестывальных абмеркаваннях. Нагадаю, што такія цікавыя маладыя рэжысёры, як Яўген Карняг, Аляксандр Янушкевіч, Ігар Казакоў, Святлана Бень, калі былі студэнтамі, шмат паездзілі па фестывалях, вынік мы бачым самі.
Тэатр лялек незаслужана лічыцца тэатрам дзіцячым. Між тым такія майстры, як Алег Жугжда і Аляксей Ляляўскі паказваюць, як, выкарыстоўваючы яркую вонкавую выразнасць, працуючы з эфектным мастацкім афармленнем, можна рабіць жывы і цікавы сучасны тэатр. Тэатр формы, тэатр парадаксальнай думкі. Не дзіўна, што на фестывалі было шмат класікі, бо на гэтым полі рэжысёрам тэатра лялек зацвердзіцца асабліва важна.
Перамог на “Ляльках над Нёманам” спектакль Беластоцкага тэатра лялек “Мантэкі і Капулеці”. Вядомы піцерскі рэжысёр Руслан Кудашоў далёка адышоў ад традыцыйнага разумення лялечнага спектакля. Гэта спектакль прасторы, ён адбываецца ў дзіўным кубе, у якім то апускаюцца, то ўзнімаюцца шкляныя перагародкі. Персанажы раз-пораз надзяваюць папяровыя даспехі. Вось і ўся “лялечнасць” спектакля, яна сапраўды ўзыходзіць да спецыфічнага ўспрыняцця мастакамі тэатра лялек прасторы. Чаго ім толькі не даводзіцца прыдумляць, каб выйсці з надакучлівай скрынкі-шырмы. І тут менавіта гэтая вынаходлівасць дае галоўнае адчуванне ад спектакля — крохкасць чалавечага існавання, неабачлівасць агрэсіі, наступствы якой рана ці позна абавязкова вернуцца да таго, хто яе распачаў.
Рэжысёр у сваім спектаклі без словаў паспрабаваў, як гэта бачна з назвы, адысці ад рамантычнай лініі трагедыі Шэкспіра, большую ўвагу надаючы менавіта агрэсіі. Маленькая Джульета гуляецца з братам, той вучыць яе “прыёмчыкам”. Мы глядзім, як няўклюдна яна аперуе ножыкам, і прадчуваем, чым такія гульні для яе скончацца. Цікава раскрыецца вобраз Рамэа праз стасункі з маці, якая ці не занадта апякае яго. Тым не менш найбольш удалымі здаюцца менавіта рамантычныя сцэны. Яны паказаныя настолькі адчайнымі, што сыход Джульеты, каб злучыцца з каханым на тым свеце (які паказаны яркай светлавой плямай на прасцэніуме), здаецца нечым натуральным. На фестывалі выказвалася справядлівая думка, што цікавей было б яшчэ больш адысці ад шэкспіраўскага сюжэту, больш расказаць пра саміх Мантэкі і Капулеці… Збольшага мастака трэба судзіць за тое, што ён зрабіў, а не за тое, што мы хацелі, каб ён зрабіў…
Таксама паводле класікі прадставілі спектакль гаспадары. Алег Жугжда па-за конкурсам паказаў сваю новую работу “Фаўст. Сны”. Мастак Аляксандр Сільвановіч прыдумаў дзіўную прастору, у цэнтры якой круціцца “магічны куб” — на ім мы бачым праявы тых самых мрояў Фаўста. Містычнасці афармлення і дэкламаванню вершаў Гётэ супрацьпастаўляецца вобраз Мефістофеля, якога вельмі жвава грае цудоўная актрыса Ларыса Мікуліч. Да Бога гэты Мефістофель прыходзіць з папкай на Фаўста, гэтыя “матэрыялы” зачытваюцца цягам усёй дзеі. Жаноцкая прырода Мефістофеля цікава раскрые эпізод з Маргарытай, якую маладая артыстка Аляксандра Літвінёнак сыграла высакароднай і элегантнай — атрымліваецца такі любоўны трохкутнік. Што праўда, адстароненая, халодная манера выканання Аляксандрам Шаўкаплясавым ролі Фаўста не дазваляе спектаклю зваліцца ў амурна-авантурную гісторыю. Гэта спектакль, дзе, такое ўражанне, не проста прамаўляюць разумныя словы, а сапраўды спрабуюць разважаць пра прыроду чалавека і сілу яго розуму. Бачыць такое ў беларускім тэатры, на жаль, ужо нязвыкла.
Хацелася б адзначыць яшчэ адзін спектакль. Літоўскі тэатр увогуле прадставіў шмат цікавых работ, у Каўнасе, Клайпедзе працуюць вельмі цікавыя тэатры лялек. Але мяне па-сапраўднаму зачапіла работа віленскага тэатра “Леле” “Метэа”. Умоўная гісторыя пра чатырох ці то касманаўтаў, ці то навукоўцаў, якія эксперыментуюць з элементаламі вады, зямлі, ветру і гінуць, сутыкнуўшыся з таемнымі, містычнымі сіламі. Настрой найлепшых узораў навуковай фантастыкі кшталту Рэя Брэдберы ці Курта Вонэгута лунае над сцэнай. Дзіўнае афармленне, вырабленае са старых лядоўняў. Містычнае, магічнае дзеянне з прадметамі, сярод якіх раптам з’яўляюцца выдатна анімаваныя лялькі. Прыз журы за музыку заслужана атрымаў Шарунас Дацяніс, які ўжывую з дапамогай электронных спецэфектаў атмасферна насыціў сцэну.
Работа захавала настрой студэнцкага эксперымента, нагадала спектаклі Светы Бень “Цуд святога Антонія” і “Vermes”. Шкада, што такія спектаклі могуць існаваць толькі ў фестывальным фармаце.
Увогуле праграма фестывалю атрымалася вельмі насычанай, гаспадары імкнуліся зрабіць фестывальны настрой больш лёгкім і непасрэдным. Нават самыя сур’ёзныя спектаклі суправаджаліся канферансам ужо знакамітых фестывальна-гарадзенскіх дзевак. Здорава, што многія добрыя спектаклі атрымаецца пабачыць у Мінску. Гарадзенскі фестываль паказаў, што суперніцтва і супрацоўніцтва маюць шмат агульнага.
Аляксей Стрэльнікаў