Музыкі зь Беларусі, Украіны і Расеі ўшанавалі гурт “Ляпіс Трубяцкі”, жыць якому застаўся адзін месяц. Збольшага выйшла кісла, млява і нецікава.
Першая частка трыб’юту “Ляпісаў” атрымалася вельмі стракатай у пляне прадстаўнічасьці. Міхалка перасьпявалі рокеры, рэпэры, мэталісты ды гард-кораўцы. Трэба разумець, што мэнэджмэнт гурта вырашыў нікога ня крыўдзіць і жорсткі кастынг не праводзіць, таму рэліз перапоўнены няўцямнымі, бляклымі і проста прахаднымі рэчамі. Не ратуюць нават імёны – Noize MC зрабіў свой нумар прадказальна і нясмачна, папсаваўшы песьню пра “12 обезьян”, хоць ужывую выконвае яе з нэрвам і больш сакавіта.
Яшчэ адна славутасьць, рэпэр Баста, без надрыву і пантоў зрабіў нечакана кранальную вэрсію “Евпатории” зь пяшчотным жаночым бэкам – адзін зь нешматлкіх гітоў даўніх часоў, які трымаўся ў рэпертуары “Ляпісаў” да апошняга. Але назваць яе пераадкрыцьцём і цьвіком рэлізу таксама цяжка.
Наогул не стае “труб’юту” перцу, хоць тут і прысутнічаюць радыкальныя кавэры, як вядомая ўжо даўно “Парагалактика” TT-34 ці “Нафта” з экстрэмальным жаночым вакалам ад Exist-M. Цікавы падыход абралі ўкраінскія каманды “Бумбокс” і O.Torwald, якія ўзяліся на пару пераасэнсаваць ненавісную Міхалку песьню “Сочи”, уклаўшы ў яе “крымскі” падтэкст. Стала так, што крадуць не нявесту, як там задумвалася ў арыгінале, а ўласна паўвостраў.
Але безумоўныя слупы першай часткі праекту – дзьве песьні замежных выканаўцаў. Нямецкамоўная вэрсія “Капіталу” ад нідэрляндца Ёгана Мэера зробленая менавіта так, як мусіць выглядаць песьня на якім-кольвек трыб’юце: са зламанай аранжыроўкай ды ўласным творчым унёскам, цікавай прыдумкай паверх арыгіналу. Той выпадак, калі арыгінал і кавэр параўнаць між сабой проста немагчыма, бо кожны зь іх уяўляе самастойны творчы прадукт. Другая выдатная рэч – “Грай” ад Сяргея Бабкіна, таксама ад просталінейнага арыгіналу вельмі далёкая і ў нечым нават больш выйгрышная, раптоўна лёгкая і паветраная, з саксафонам і хорам.
“Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1” мае выйсьці на дысках з трэк-лістом на 19 песень, у электронным выглядзе рэліз складаецца ажно з 29 песень – дадалося некалькі неабавязковых кавэраў, зь якіх можна вылучыць хіба “Грай” ад “Вороны”, зроблены з падкрэсьленай павагай да арыгіналу, ды ўкраінскамоўны варыянт “Броненосца” ад Lazy Fingers. Мяркуецца выдаць яшчэ дзьве часткі трыб’юту – глядзіш, і назьбіраецца такім спосабам зь дзясятак цікавых трэкаў.
«Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1» можна набыць на iTunes, паслухаць рэліз можна празь «Яндекс.Музыка».
Ідэя: 9
Выкананьне: 6
Тэксты: 9
Запіс: 8
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін