Праз тыдзень пасля апошняга выступу ў Кіеве гурт “Ляпіс Трубяцкі” спыніць сваё існаванне. Але віленскі канцэрт з развітальнага туру “Клоуна нет – Happy End Tour” неяк зусім не ўспрымаўся як грандыёзная гістарычная падзея, пра якую ўсе відавочцы плануюць расказаць унукам. У канчатковае развітанне, вядома ж, ніхто не паверыў.
Усё было як заўжды: яшчэ за пару дзён да канцэрта ў Вільні пачаўся масавы злёт беларусаў. На стаянках пашыхтаваліся машыны з беларускімі нумарамі, гарачыя дзянькі насталі для «Акропаліса», ля Вострай Брамы мільгалі знаёмыя твары, напрыклад, вальяжна прахаджваўся спявак Тэа са сваёй спадарожніцай, ствараючы ідэальную карцінку для ўяўных таблоідаў. Беларусаў у горадзе можна было лёгка распазнаць па вершніках на цішотках, а таксама па вышыванках: здаецца, яны сапраўды зрабіліся моднымі.
Стрэлачка на дзвярах «Лофтаса» скіроўвала ва ўнутраны дворык клуба, дзе меўся адбыцца канцэрт. Рабіць яго пад адкрытым небам было вельмі рызыкоўна – дождж, які ліў паўдня, скончыўся за пару гадзін да канцэрта, а парасонаў ахова пазбаўляла на ўваходзе. Людзі скакалі проста па лужынах, прыкрытых дошкамі, і ўвогуле ўсё гэта нагадвала неахайныя фестывальныя ўмовы. Нехта ў натоўпе бубніў, што для беларусаў, відаць, аднавілі натуральны антураж – балота. Чатыры тысячы чалавек з цяжкасцю ўціснуліся ў адведзеную прастору.
Але з’яўленне “Ляпісаў” на сцэне ўмомант прывяло чалавечае мора ў рух, натоўпам авалодала суцэльная эйфарыя. Кажуць, адна дзяўчына нават зламала ў слэме нагу, і яе забрала «хуткая». Пра тое, што гурту сапраўды канец, нагадвала бадай ціхая сур’ёзнасць Міхалка. Ён не размаўляў з залай і выглядаў стрыманым і сумным. Якія прычыны закрываць на піку папулярнасці гурт, што сваімі выказваннямі трапляе ў самы яблычак, з’ядноўваючы гіганцкую колькасць людзей? Дзіўна думаць, што гэта нейкі піяр-ход. Хутчэй за ўсё ёсць цалкам аб’ектыўныя прычыны – альбо ўнутраны крызіс, неабходнасць завяршыць пэўны перыяд, і тады ў хуткім часе мы пабачым новы погляд Міхалка на самога сябе. Альбо прычына ў банальным расколе ўнутры калектыву – тады ёсць імавернасць, што цяпер Міхалок будзе выступаць пад новай назвай і ў новым складзе музыкаў.
Толькі пры канцы Міхалок узяў развітальны лад: «Гурт памірае, але ён жыве, пакуль жывуць яго песні», – сентыментальна заўважыў ён. На біс «Ляпісы» вярнуліся з самымі з’яднальнымі хітамі. На апошніх песнях натоўп зусім ашалеў, па сцэне пачалі бегаць прыхільніцы, якіх лавіў тайбаксёр Віталь Гуркоў у якасці ахоўніка.
«Збываюцца звычайна нашыя самыя змрочныя песні, а гэтая так і не збылася. Няхай яна збудзецца» – сказаў ён пра песню «Свежий ветер». За ёй былі «Грай» і «Беларусь Freedom». Доўгіх провадаў і слязлівых расстанняў, вядома ж, не атрымалася.
Аляксандра Дорская
фота – Аляксандр Ждановіч, Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»