Сыходзячы год быў багаты на выданні, у тым ліку і для дзяцей. Мінулым разам мы разглядзелі 5 найбольш прадаваных “дарослых” кніг ад выдавецтва “Кнігазбор”. А сёння мы падаем вам спіс найбольш папулярных дзіцячых кніг за 2016 год.
Свэн Нурдквіст, “Блінны торт”
Сёлетні безумоўны лідар продажаў – кніга “Блінны торт” Свэна Нурдквіста. Гэта ўжо другое выданне шведскага аўтара па-беларуску. Першай была кніга “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, якая атрымала шырокую папулярнасць у маленькіх чытачоў…
Як і ў мінулы раз, перакананыя вяскоўцы Пэтсан і Фіндус рыхтуюцца да свята. Аднак цяпер гэта ўжо не Каляды, а самы натуральны дзень народзінаў Фіндуса. Што праўда, каток святкуе яго тройчы на год, але гэта ніколі не перашкаджала добраму адзначэнню.
Свэн Нурдквіст, “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі”
На другой пазіцыі яшчэ адна перакладная кніга па-беларуску для дзетак і іх бацькоў, працяг гісторый пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса.
З кнігі “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі” юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як пазнаёміліся і пасябравалі дзядуля Пэтсан і ягоны ўлюбёнец коцік Фіндус.
Альманах “Гарбузік. Цуды свету”
Альманах “Гарбузік. Цуды свету” — цудоўная чытанка для дапытлівых дзетак, а таксама іхных неабыякавых бацькоў, выхавальнікаў і настаўнікаў. У зборнік увайшлі навучальныя і забаўляльныя матэрыялы: вершы, казкі, заданні, коміксы, настольная гульня ды іншыя цікавыя рэчы.
Першы выпуск альманаха выйшаў летась, прамінулай вясной, і стаўся папулярным, сярод іншага, дзякуючы кардоннаму замку, які можна было склеіць уласнаручна.
Сёлета “фішкай” нумару сталася гульня-“хадзілка”, гэтак распаўсюджаная сёння ў дзіцячых часопісах і аднак не дужа папулярная ў беларускіх выданнях для дзяцей.
Стася Наркевіч, “Як Васілёк выратаваў каралеўства”
Усе маленькія беларусачкі хацелі б пажыць у каралеўстве ды прымераць ролю прынцэсы! І кожная з іх марыць пра свайго адважнага Васілька, які заўсёды гатовы выратаваць яе каралеўства ад чорнага ведзьмака. А яшчэ ўсе маленькія прынцэсы дакладна любяць размалёўкі! Спецыяльна для прынцэсак-беларусачак у выдавецтва “Кнігазбор” ёсць вельмі мілая і пяшчотная казка-размалёўка “Як Васілёк выратаваў каралеўства”.
Сара Лундберг, “Віта Белая Крэска”
“Віта Белая Крэска” — кніга шведскай дзіцячай пісьменніцы і мастачкі Сары Лундберг, аздобленая цікавымі выразнымі малюнкамі. Гэта гісторыя дзяўчынкі Віты, якая малюе крэскі на дарогах. Як дапамагчы хлопчыку перайсці дарогу, калі раз’юшаныя машыны нават не думаюць спыняцца? Віта ведае — намаляваць пешаходны пераход!
Кніга аформленая ярка і незвычайна. Аўтарка і мастачка-афармляльніца атрымала за адну са сваіх кніг прэстыжную шведскую прэмію Аўгуста.
У рэйтынг не ўвайшлі самыя прадаваныя ў апошнія дні зборнік вершаў і казак “Чытанка для маленькіх – 2″ і “Снежны чалавек у Мінску” Эвы Суса, паколькі гэтыя выданні пабачылі свет у снежні 2016 года.
Некаторыя з гэтых кніжак яшчэ можна знайсці ў кнігарнях.
Спяшайцеся!