Гурт Neuro Dubel прадставіў у клубе “Гудвін” свой 14-ты студыйны альбом “Do..уя советчиков”. Як заявіў Аляксандр Кулінковіч, гэта самы лёгкі і самы цэнзурны дыск у гісторыі яго каманды.
Заля “Гудвіна” запаўнялася паволі. У гэты ж час непадалёк, на стадыёне “Дынама” БАТЭ рыхтавалася праіграць “Лілю”. Кулінковіч хадзіў па клубу і відавочна перажываў з той нагоды, што людзей няшмат, хоць вонкава выглядаў спакойным і вясёлым ды нікому не адмаўляў у сумесным фота. “Ледзве паспелі з нашым новым альбомам, літаральна ў дзень канцэрта надрукавалі дыскі”, – распавядае лідар Neuro Dubel. Пра запіс новай кружэлкі ён заявіў фактычна адразу па выхадзе альбому “Афтары правды” у 2010 годзе. Пару раз назву альбома мянялі і ўрэшце вырашылі назваць душэўна і нецэнзурна – “Do..уя советчиков”. “Гэта толькі можа так падацца, што песні там жорсткія і ў іх нямерана лаянкі. На самой справе – ён вельмі лагодны, як па музыцы, так і па тэкстах. Можа нават самы лёгкі і цэнзурны ў нашай дыскаграфіі”, – разважае выканаўца ды выбачаецца – трэба выходзіць на сцэну.
Нягледзячы на футбол і немалы кошт квітка (у дзень канцэрту ўваход каштаваў 120 тыр.), публіка прынамсі танцпляц запоўніла. Кулінковіч выйшаў да публікі ў майцы з выявай Чэ Гевары і яўна ў гуморы, у адрозненні ад папярэдняга канцэрту тут. Выступ пачаўся з бяскрыўднай і ў той жа час ваяўнічай песні-лічылкі “Раз, два, три”. Вакаліст паспачуваў, што людзі не могуць падпець, хоць спробы падхапіць нячутыя раней песні ўсё ж былі, як у выпадку з будучым вега-хітом “Карпа труп”. Але гэта толькі справа часу – “Мандаты”, “Жаба”, “Козла” ды іншыя маюць усе шанцы, каб стаць у шэраг лепшых твораў каманды. Будзем шчырымі – гук на першых песнях быў поўнай кашай. Сітуацыя змянілася, калі раптоўна заігралі “Гуси-лебеди”, запісаную яшчэ 17 год таму для альбому “Умные вещи”. Апынулася, што музыкі вырашылі запісаць яе наноў ды ўключылі ў новы дыск. Кулінковіч паўтарыў сэнтэнцыю пра тое, што яго свежы дыск добры і лагодны. А потым падумаў і дадаў: “Як вы самі”. У асяроддзі сваіх прыхільнікаў лідар Neuro Dubel яшчэ і шанаваны паэт. Пару вершыкаў змяшчаецца і на яго новым дыску. Адзін з іх быў прачытаны ў “Гудвіне”:
Шел дядя Саша однажды по рельсам,
Ты не повериш, трезвый, как Ельцин.
Верил в чужих и любил всех своих,
А поезд его – ты-ды-дых…
ты-ды-дых.
“Мы ступілі на касмічны шлях!”, – перахапіў у пэўны момант ініцыятыву другі вакаліст каманды Юры Навумаў. Заспявалі неад’емны кавер “Дети Галактики” Тухманава і Раждзественскага. На новым альбоме прысутнічае кавер на яшчэ адзін савецкі шлягер – “Куба, любовь моя” Пахмутавай і Дабранравава. Кажуць, што ў будучыні музыкі хочуць запісаць яшчэ па-свойму “Чунга-чангу”. “Касмічная” тэма была працягнутая пасля яшчэ сваёй уласнай песняй “Касманаўты”.
Агулам музыкі адыгралі без перапынку 20 з лішкам хітоў, мінулых і будучых. “Зараз прагучыць песня, е..нуцца якая”, – так быў прадстаўлены“Резиновый дом”, без якога не абыходзіцца ніводзін канцэрт гурта на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Пры канцы Кулінковіч заключыў пагадненне з прыхільнікамі – нібы яго ўжо выклікалі на біс, і ён пяе дзве апошнія песні. Тыя, хто прасіў пасля выканання “Ничего на свете больше нету”, былі пасланыя. На паўторны канцэрт гурта, які адбудзецца ў тым жа “Гудвіне” 21 лістапада.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч