У Магілёўскім абласным тэатры драмы ўжо не ўпершыню праходзяць чытанні п’ес маладых драматургаў. Аднак 20 красавіка магілёўцы змаглі пазнаёміцца з нямецкамоўнай літаратурнай сцэнай Швейцарыі і параўнаць вопыт нашых драматургаў з вопытам заходніх. На Малой сцэне тэатра прайшоў праект «LESEBUHNE.CH» пры падтрымцы швейцарскага культурнага фонду Pro Helvetia і Інстытута імя Гётэ.
У рамках праекту магілёўцы змаглі пачуць ўрывак з рамана «Лётаць, пакуль не пойдзе снег» у аўтарскім чытанні Андрэаса Незера, паслухаць і абмеркаваць п’есы Герхарда Майстэра, а таксама пазнаёміцца з творамі Штэфані Гроб на нямецкай і беларускай мовах.
Паколькі пачалося мерапрыемства з чытання п’есы на нямецкай мове, прыйшлі на яго ў асноўным студэнты-лінгвісты. Каля гадзіны доўжылася чытанне ўрыўка нядаўна выдадзенага рамана Андрэаса Незера «Лётаць, пакуль не пойдзе снег». Па заканчэнні публіка магла задаць пытанні аўтару і абмеркаваць пачутае.
Да пачатку літаратурнага перформансу Штэфані Гроб гледачоў у зале паболела: чытанне праходзіла на беларускай і нямецкай мовах. Штэфані Гроб выступае ў жанры spoken word, калі важна перадаць не толькі змест твора, але і яго рытм, своеасаблівую музыку. Творы Штэфані публіцы спадабаліся – цікавыя думкі перамяжоўваліся смешнымі ўстаўкамі з серыі “Ці ведаеце вы, што…” Так, публіка даведалася пра колькасць самагубстваў, поўнае імя Моцарта і многія іншыя бескарысныя, але займальныя рэчы.
Скончыўся вечар чытаннем і абмеркаваннем дзвюх п’есаў драматурга Герхарда Майстэра. Асобныя сцэны прачытаў па-беларуску актор Віталь Краўчанка, а сам драматург расказаў пра ідэі п’есаў і свае думкі на іх конт. Гледачы таксама змаглі падзяліцца сваім меркаваннем, паразважаць пра швейцарскую драматургію і проста пагаварыць з Герхардам.
Марыя Гілёва