“Я сам зьдзіўлены, што палюбіў тое, што можна было і не палюбіць”, так выказаўся 21 траўня амбасадар Каралеўства Швэцыя Стэфан Эрыксан пра сваё захапленьне беларускай культурай.
Гэтае прызнаньне ён зрабіў на добрай беларускай мове ў прысутнасьці сваіх землякоў на супольнай літаратурнай імпрэзе, якая адбылася ў тэатральнай залі Акадэміі мастацтваў.
Вечарына адбывалася ў праграме Дзён швэдзкай культуры, якія распачаліся 20 траўня. Яны адбываюцца ў Беларусі ўжо ў восьмы раз пры падтрымцы Швэдзкага інстытуту. Ягоная прадстаўніца Юдыф Блэк сказала, што яе краіна вельмі зацікаўленая ў мацаваньні культурных стасункаў зь Беларусьсю. Адным з вынікаў гэтага стаўся выхад па-беларуску першага зборніка апавяданьняў сучасных швэдзкіх пісьменьнікаў. Складальніца і адна з самых актыўных маладых перакладчыц са швэдзкай Вольга Цьвірка (Рызмакова) сказала:
“З боку маладога выдавецтва „Галіяфы“ прыйшла прапанова зрабіць сумесны праект — зборнік сучаснага швэдзкага апавяданьня. Нам гэтая ідэя вельмі спадабалася і мы пачалі працаваць. Атрымалі са Швэцыі сьпіс зь імёнамі найбольш цікавых швэдзкіх пісьменьнікаў-навэлістаў і пачалі перакладаць. У выніку ў нас атрымалася гэтая кніжка”.
На фота: амбасадар Каралеўства Швэцыя Стэфан Эрыксан (svaboda.org)