Макароны з хлебам перад здымкамі — можна!.. Ніколі не рваўшыся ў вялікі свет моды, яна раз ад разу спазнае новыя грані сябе, становячыся перад аб’ектывам фотакамеры. Тое, што для музыкаў і артыстаў — звыклая частка працы, для яе — любімае захапленне. Кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Любоў Дзёмкіна расказала нам у новай серыі праекта «Захапленні» аб тым, што такое «мадэльны» адрэналін.
— Кожная дзяўчынка марыць прыбірацца. Ніколі пра гэта не марыла, але праз шмат гадоў мне давялося заняцца гэтым шчыльна. Гэта хобі, каштоўнасць якога — у змене асноўнай дзейнасці. Для мяне кожная здымка непаўторная — розныя людзі, месцы, вобразы… Захапляльны мікс падзей.
Быць мадэллю цяпер вельмі модна. Любая дзяўчына, у якой правільныя прапорцыі, практычна адразу “карануе” сябе мадэллю. А калі ў наяўнасці грошы і знаёмы фатограф, робіцца фотасесія і ўсё — твая ўнутраная упэўненасць ва ўласнай захапляльнасці набывае форму. Цяпер толькі рызыкніце сказаць, што я не самая абаяльная і прывабная! Галоўнае, каб гэтыя акты самалюбавання не пераходзілі разумных межаў.
Стаўлюся да здымачнага працэсу як да любімага занятку. Для артыстаў і музыкаў гэта неад’емная частка працы. Для мяне, простай смяротнай, гэта задавальненне. У маёй сістэме прыярытэтаў усе гэтыя пераапрананні, стварэнне прычосак, макіяж — не больш чым захапленне. Але гэта не значыць, што я дзесьці халтуру або пазірую непрафесійна. Імкнуся кожны раз выкладвацца па поўнай.
На самай справе я заўсёды цвяроза ацэньвала свае здольнасці, свае дадзеныя, і ілюзій наконт кар’еры ў мадэльным бізнесе не мела. Проста так зоркі сышліся, што камусьці я стала неабходная ў якасці манекеншчыцы, мяне заўважылі.
Існуюць пэўныя стэрэатыпы, звязаныя з кар’ерай мадэлі: мадэльны бізнес — гэта абавязкова вялікія грошы, прыгожае жыццё, вечарынкі, забавы, адным словам, казка. Па сваім досведзе магу сказаць, што гэта не зусім так. Прынамсі ў нас у краіне гэтых “мадэльных” дабротаў я пакуль не адчула. Напэўна, таму што моцна іх і не шукала…
Да працы мадэллю трэба ставіцца сур’ёзна: гэта праца, які прадугледжвае, напрыклад, пад’ём у 6 раніцы, што для мяне як для жудаснай савы — сапраўдная катарга. Прымеркі, зноў жа, бясконцыя. З улікам таго, што пераапрананні трываць не магу з дзяцінства, кожная фотасесія ператвараецца ў своеасаблівую працатэрапію з пераадоленнем сябе.
Няўзброеным вокам бачна, што я — мадэль нестандартная. І, дарэчы, мне нават у паўсядзённым жыцці вельмі складана знайсці адзенне. Я б і радая насіць рэчы беларускіх вытворцаў, але яны мне не заўсёды падыходзяць. І гэта нягледзячы на велізарную колькасць строяў, якія я перамерала за час працы. З іх купіць змагла б ад сілы пару рэчаў. І ў гэтым бонус майго хобі — вытворцы часам дораць тое, што сядзіць на мне ідэальна.
Беларуская жанчына і беларускае адзенне для мяне да гэтага часу задачка з двума невядомымі. Растлумачу, чаму. Нашу Машу, Свету, Таню айчынныя прадпрыемствы па пашыве адзення чамусьці бачаць самавітай дамай гадоў 50 і больш. На такі тыпаж і шыюць. Я вам нават магу апісаць, як выглядае гэтая сярэднестатыстычная жанчына: рост 168, і ў грудзях у яе дабра багата, і ў жывоціку, і клубамі таксама Бог узнагародзіў. А як жыць іншым жанчынам, незразумела. Такое адчуванне, што жанчын іншай канстытуцыі і ўзросту не існуе.
Прызнаюся, худнець спрабавала, чыста для эксперыменту. Было цікава паглядзець, як я магу выглядаць, калі скіну 20 кг. Паспрабавала. Знік галоўны мой вонкавы здабытак — грудзі. Цяпер ад слова «дыета» хочацца сутаргава есці. А паесці я люблю. Што можа быць лепш за беларускую бульбу і свежае малако з-пад кароўкі? Але ўсё мусіць быць у меру, трэба трымаць сябе ў тонусе.
Адно магу сказаць дакладна: як толькі я стала працаваць фотамадэллю — разняволілася. Нават унутрана стала адчуваць сябе па-іншаму, смялейшай ці што. З’явілася ўпэўненасць у сабе і ўласнай прыгажосці. Напрыклад, я ніколі не любіла фатаграфавацца і нават смяялася з аматарак папазіраваць. Быў прамежак, гадоў 6, калі не было зроблена ніводнага майго здымка. Цяпер перад камерай паводжуся свабодна, атрымліваю задавальненне ад самога працэсу пазіравання. Адчуваю сябе прыгожай, сапраўды прыгожай.
Кадры ў клубных туалетах — вядома, «выдатна», але настойліва рэкамендую ўсім жанчынам не скупіцца на якасную фотасесію. У кожнай з вас павінен быць альбом з прыгожымі фатаграфіямі. Каб у момант, калі сумна, адкрыць, паглядзець на сябе і ахнуць: “А я – шыкоўная жанчына!” А там і настрой палепшыцца, і сітуацыя ўжо не здасца такой бязвыхаднай. Жыццё выдатнае!
Працэс, які я больш за ўсё люблю, — гэта стварэнне прычоскі. Заўсёды цікава, што атрымаецца на выхадзе: жанчына-вамп, панк, лэдзі… Вядома, ад гэтага пакутуюць мае валасы, але эксперыменты патрабуюць ахвяр. Затое як потым прыемна выгульваць усю гэтую прыгажосць: сустрэцца з сябрамі або пайсці на спатканне… Ну не прападаць жа дабру.
Гады два таму мяне наведвалі думкі прабіцца ў вялікі свет моды. Але стала страшна, ды і патрэбных навыкаў на той момант не было. Цяпер для сябе вырашыла канчаткова: мае здымкі — гэта ўсяго толькі хобі, не праца. Для любой справы павінная быць выразная матывацыя. Большасць мадэляў памеру плюс спрабуюць даказаць усяму свету, што яны не горш сваіх худасочных калег. Мне ж даказваць нікому нічога не хочацца, для мяне галоўнае — атрымліваць асалоду ад працэсу.
Наогул, уся гэтая гісторыя — не пра барацьбу са сваімі страхамі і комплексамі, якіх у кожнага хапае, і, канечне, не заклік да татальнага самалюбавання. Для мяне гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з таленавітымі людзьмі, здольнымі тварыць чарадзейства. Заўсёды з захапленнем назіраю за працай дызайнераў, візажыстаў, фатографаў, прафесіяналаў сваёй справы. Ды і дзе яшчэ я змагла б адкрыць для сябе ўсе этапы стварэння адзення? Лаўлю сябе на думцы, што мне прыемна адчуваць сябе маленькім звяном вялікага працэсу.
Трэба быць непадобным да іншых і вылучацца з натоўпу. Вельмі часта мне кажуць: «Я вас дзесьці бачыў». І адразу робіцца не па сабе: «Няўжо ў мяне такая тыповая знешнасць?» Хочацца быць самой сабой, самадастатковай адзінкай.
Маё захапленне не пазбаўленае адрэналіну, які звычайна людзі шукаюць у скачках з парашутам, палётах на велізарнай хуткасці, дайвінгу. У дадзеным выпадку працэс здымак, падрыхтоўка — ад усяго гэтага таксама бурліць кроў і з’яўляецца бляск у вачах… Але для мяне важнейшая змена асноўнай дзейнасці, прыемнае чаканне таго, што хутка настане дзень, калі я ўстану з-за камп’ютара, паеду на здымку і апынуся ў зусім іншым свеце, у іншай творчай плоскасці — і гэта крута.
Ганна Трубачова, Ілона Бутоўская
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)