Канцэрт гуртоў Pomidor/OFF і «Людзі на балоце» ў межах праекту «Жывы Тузін» прайшоў у Loft Café з прэм’ерамі песняў, шалёнымі скокамі і абурэннем у зале пасля слова «ўсё».
Гэты канцэрт для гарадзенскага гурта «Людзі на балоце» меў стаць суцэльнай прэм’ерай – прэзентаваўся не толькі іх дэбютны альбом, але і сама каманда, якая ўтварылася менш як год таму, трансфармаваўшыся з панк-рок гурта «КальЯн» і дагэтуль не мела паўнавартасных выступаў у Мінску. Таму, каб завабіць публіку на новы гурт ды падмацаваць знаёмства, арганізатары зрабілі ход рок-каралём, паставіўшы ў пару да навічкоў мацёрую знакамітасць Аляксандра Памідорава.
Ён чаргаваў даўнія песні са «Свята пакрадзенага» і апошнія з леташняга “Патас/Попс/Прапаганда”. Слухалі Памідорава паважна, адступіўшы ад сцэны на некалькі крокаў, таму вакол яе быццам утварылася варонка: «Чаму вы здалёк назіраеце? Блізка да кратаў не падыходзіць, звяроў не карміць?» – жартаваў артыст. Што праўда, у коле неўтаймавана скокаў і трос галавой саліст гурта Rockerjoker Міхей Насарогаў, ён зняў майку, дэманструючы татуяванае пуза, і, разгарачаны, перасоўваўся па клубе, пакуль ахоўнік не папрасіў музыку апрануцца. Першапачатковую стрыманасць гледачоў на правах сапраўднага хіта ўмомант парушыла песня «Дым»: публіка імгненна прыйшла ў рух, захапіўшы танцпляц і ледзь не збіўшы з ног афіцыянтку, якую хіт заспеў з падносам у руках напаўдарозе да століка.
У перапынку паміж выступамі вядоўца Алег Хаменка спрабаваў высветліць, колькі гадоў Аляксандру Памідораву, абяцаючы за правільны адказ прызы ад «Будзьма беларусамі». Доўга перабіраючы варыянты ад непаўналецця да пенсіі, гледачы ўсё ж угадалі саракагадовы ўзрост музыкі.
Тым часам на сцэне ўжо з’явіліся «Людзі на балоце». Пасля доўгай падзякі Памідораву заснавальнік гурта Алесь Дзянісаў сказаў некалькі словаў пра свой дэбютны альбом: «Ён прысвечаны антыбальшавіцкаму супраціву на Беларусі. Мы хацелі зірнуць на гісторыю без нейкага налёту ідэалогіі, падзелу на правых ці левых, нас больш цікавіла ўспрыманне простых людзей, якія жылі ў той час». Хоць песні пісаліся на зададзеную тэму, альбом атрымаўся вельмі разнастайным, выступ гурта нікому не даваў занудзіцца. Гучалі і слёзна-тужлівыя рэкруцкія песні з плаксівай партыяй скрыпкі пра мілага Янку, які пайшоў на вайну, і рокавыя мелодыі з разбітнымі фолькавымі матывамі ды адважнымі паўстанчымі тэкстамі-заклікамі аўтарства Алеся Дзянісава: «Баця, бяры ружжо!» У жывым выкананні музыку «Людзей на балоце» асабліва прыемна разгадваць, бо на сцэне прысутнічаюць акардэон, гітара, скрыпка, перкусія і флейта, якая часам змянялася на губны гармонік.
Інтэрнэт-рэліз першага альбома «Людзей на балоце» з’явіўся на сайце «Тузін Гітоў» колькі дзён таму, але ўжо ёсць зачын другога – ён будзе зусім іншым, лірычным, з песнямі на вершы паэтаў Гарадзеншчыны. Музыкі выканалі некалькі песняў на словы Дануты Бічэль. «Бывае, што прачытаеш верш, і словы проста кладуцца на душу. Прысвячаю наступную песню сваёй будучай жонцы», – нясмела сказаў у мікрафон басіст Паша «Трабл» Трублін, і гурт выканаў песню пра каханне на вершы падляшскай паэткі Марыі Базылюк-Саснюк.
Але ў канцы канцэрту «Людзі на балоце» вярнулі разухабіста-крыклівы настрой, сыграўшы беларускі варыянт песні Захара Мая «Калі нашыя танкі заедуць у Мінск», ды яшчэ разам з Аляксандрам Памідоравым.
«Ну, гэта ўсё», – на развітанне сціпла прамовіў Алесь Дзянісаў, і Loft тут жа адгукнуўся ненажэрным: «Яшчэ!» Як для прэм’еры, гэта яўны поспех.
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Ждановіч
Відэа: Яўген Шапчыц, Aляксей Сіпачоў. Tuzin.fm.