Галерэя і музей у кантэксце сучаснага мастацтва — паняткі адносныя. Прасторай для выставы сёння можа быць усё што заўгодна: пляцоўка для гульні ў бадмінтон, тупік у гаражах на ўскраіне горада, цэхі заводаў. І плот нічым не горшы за ўсё астатняе. Zabor — выстава рэпрадукцый сучасных беларускіх мастакоў, якая адкрылася на плоце парка Чалюскінцаў у Мінску. На агароджы, што па правы бок ад цэнтральнага ўваходу ў парк, экспануецца некалькі дзясяткаў прац чатырох беларускіх мастакоў: Руслана Вашкевіча, Сяргея Каваля, Уладзіслава Стальмахова і Віктара Альшэўскага.
Цікавая рэч: быў сабе плот як плот. А цяпер на ім цэлыя планеты. Вось маленькі падрабязны свет Сяргея Каваля: “Сінагога на вуліцы Даўмана”. Бабуля думае, як пракарміць дзетак, побач з ёй — карміцелька-карова, а вось і закаханыя, скрыпач, каты і птушкі. Усё гэта нагадвае нейкі добры рэтра-комікс. А вось і стары “Віцебск”: Марк Шагал на паветраным шары і мастак Уладзіслаў Стальмахоў на самалёце. Сам жа Стальмахоў прадставіў свае працы на суседняй частцы плота. Вось ягоны карыкатурны і ў нечым шчымліва-настальгічны Парыж: два савецкія піянеры з другога атрада сядзяць на Трыумфальнай арцы. Побач знарочыста павялічаныя да гіганцкіх памераў музыкі джаз-бэнда граюць на дахах маленькіх аўтамабіляў — гэтакія Гуліверы ў краіне ліліпутаў.
Мастак Віктар Альшэўскі гуляецца ва ўрбаністыную геаметрыю, спалучаючы ў сваіх працах пластычнае і непластычнае. Тут вам і Вялікі тэатр, і Нацыянальная акадэмія навук, і “карабель” БНТУ, знаёмы Мінск у новай форме — на паркавым плоце.
Вельмі цікавы эксперымент атрымаўся ў Руслана Вашкевіча. Асновай ягонага праекту стала карціна “Жанчына з парасонам” нямецкага авангарднага мастака Герхарда Рыхтэра і амерыканскага сейсмолага Чарлза Фрэнсіса Рыхтэра, які ў 1935 годзе прапанаваў шкалу для ацэнкі сілы землятрусаў. У шкале Рыхтэра 8 балаў, і серыя Вашкевіча таксама складаецца з васьмі палотнаў. На кожным з іх жанчына з парасонам робіцца паступова ўсё больш не ў фокусе. У выніку атрымліваецца вельмі дзіўны медытатыўны эфект, аптычны і сэнсавы.
Праект Zabor — якраз той выпадак, калі лепей прыйсці і ўсё паглядзець самім. Тым больш што гэта вельмі зручна: выйшаў з метро — вось табе і мастацтва. Чаму менавіта плот парка Чалюскінцаў? Як кажуць арганізатары, ён самы зручны, каб замацаваць вялікія рэпрадукцыі. Плюс гэта галоўны праспект горада, кожны дзень тут праходзіць шмат людзей. Такім чынам Мінск дакранецца да сучаснага мастацтва па максімуме.
“Год таму я быў у Вене і бачыў там аналагічную выставу, якая мяне вельмі ўразіла, — расказаў на адкрыцці выставы міністр культуры Беларусі Павел Латушка. — А калі я быў паслом у Польшчы, то бачыў нешта падобнае ў варшаўскім парку Лазенкі. Чаму б і нам не зрабіць такое ў Мінску, у еўрапейскай сталіцы? Выстава Zabor — выдатны прыклад сітуацыі, калі прыватны капітал супрацоўнічае з дзяржавай. Вельмі спадзяюся, што праект не абмяжуецца адным Мінскам, і працы мастакоў убачаць у абласных цэнтрах, а таксама за мяжой. Ужо цяпер мы акрэсліваем гарады Еўропы, дзе нашыя мастакі маглі б быць прадстаўленыя, прабачце, на агароджы”.
Мастак Руслан Вашкевіч дадаў, што пасля такіх праектаў у краіне можна рабіць культурную рэвалюцыю. І што для мастакоў Zabor — гэта спосаб гаварыць на адной мове з гледачом, абыходзячы крытыкаў. З мастаком згодныя і самі арганізатары праекту — прадстаўнікі кампаніі “Зубр Капітал” — якія лічаць, што, змяняючы звыклую гарадскую прастору, Zabor робіць беларускае мастацтва больш зразумелым гледачу. Апроч таго, гэты арт-праект — спроба з іншага боку падысці да самага складанага пытання ў беларускай культуры, пытання ідэнтычнасці беларусаў увогуле і асобнага чалавека ў прыватнасці. І адказ на гэтае пытанне варта шукаць у штодзённасці, часткай якой ужо стаў чалюскінскі плот і ягонае мастацтва.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева