22.10.2013 | Магічная Мапа

Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада і робяць жыхароў Мінска — мінчанамі, Гомеля — гамельчукамі, Барысава — барысаўцамі…

І каб раскрыць гэтыя таямніцы, кампанія «Будзьма беларусамі!» распачынае праект “Магічная Мапа”.

Паводле словаў аўтара ідэі праекта, вядомага мастака Міхала Анемпадыстава, «магічныя мясціны звычайна не маюць ніякіх ахоўных статусаў і няўхільна знікаюць з мапы горада і з нашага жыцця. У выніку мы бяднеем — кожны паасобку і ўсе разам. Бяднее нашая культура і гісторыя. Горад і мы самі пакрысе страчваем свой твар, сваю адметнасць, памяць».

Сутнасць праекта: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў —  стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі.  Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Пачынаецца праект з Мінска. У інтэрв’ю асобы, вядомыя ў сваіх сферах, падзеляцца сваімі  “магічнымі” мясцінамі. Ілюструе магічную мапу музыка і мастак Андрусь Такінданг. Неабыякавымі да ідэі праекта засталіся і дызайнеры: Анатоль Лазар (студыя “Адліга”) прыдумаў адмысловае лога, якое, спадзяемся, хутка стане заўважным і ў горадзе.

Мы чакаем вашых допісаў! Дасылайце  на адрас кампаніі  razam@budzma.org (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і  патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Згадвайце магічныя мясціны і дасылайце іх нам! Першы матэрыял праекта — 23 кастрычніка на budzma.org.

 

Інфармацыйныя партнёры праекту:

AM1

 

 

 

 

TIO

 

 

 

 

holiday_2


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика