This movie requires Flash Player 9
29.07.2014 | Магічная Мапа

Магічная мапа Мазыра ад Віталя Рудака

Мазыр – дзіўны горад з процьмай магічных месцаў. Самая вялікая беларуская рака, найдаўжэйшыя масты, сталіца Палесся, беларуская Швейцарыя, наш Крым, дзевяціпавярховыя хмарачосы, загадкавыя палацы з выбітымі шыбамі, папулярны зімовы курорт, прыгарадны трамвай, цацачны замак у натуральную велічыню, праваслаўны ДТСААФ, Крупская-Шамякін і шэсць пасеяных Ільічоў, сад-прывід і гара Шайтан, загадкавыя цені зніклых меліяратараў і звычайныя гномы… Пра гэта вось усё і пра многае іншае вы не даведаецеся з магічнай мапы Мазыра. Але даведаецеся пра месцы яшчэ цікавейшыя, – піша ў прадмове да сваёй “Магічнай МапыВіталь Рудак, мазырскі краязнаўца і блогер.

 

Кімбараўка

 

Ці заўважалі вы, што ў кожнага горада ёсць свой смак? Вось так з завязанымі вачыма табе дадуць нешта паспытаць, і адразу здагадаешся, дзе ты ёсць. Пэўна ж заўважалі. Смак Мазыра – гэта медавуха. А дзе можна паспытаць найлепшай медавухі? Канечне, у бары “Кімбараўка”, які месціцца проста ў цагляным і пафарбаваным для надзейнасці ў колер цэглы будынку мазырскага бровара, пад гарой, дзе цяпер самалёт. Вы не глядзіце, што час там нібы спыніўся ў 60-х. Проста трэба зайсці, узяць дзве порцыі медавухі (адной будзе мала, а тры зваляць з ног і зубра Валеру), сесці на апошнюю лаўку, адпіць трохі, заплюшчыць вочы і… Добра, калі гарады захоўваюць памяць. Кімбараўка – старажытнае ўрочышча ля Мазыра, цяпер на яго месцы гарадская вуліца Гогаля. Некалі менавіта тут “звілі” сабе гарадзішча “першыя мазырчукі”. Таксама тут біліся дабро і зло ў легендзе пра паходжанне назвы “Мазыр”. І на тым месцы, дзе з гары скацілася пераможанае дабро, цяпер ляжыць Даліна Анёлаў і пекны касцёл. Зло таксама сканала, анягож. Але крыху вышэй па цячэнні Прыпяці, у Чортавай Даліне. Там таксама цяпер ёсць касцёл. Толькі не такі пекны… Смачна. Можна пабавіць час, размаўляючы пра надзённае з заўсёды немаладой цёткай-бармэнам.

– А ці ёсць у вас тут прыбіральня?

– А гара табе нашто?

Адказ заўжды будзе такі, праверана не адным пакаленнем “неафітаў”.

– Ці даўно ваш бар адкрыўся?

– Ой, даўненька. Ішчо Сталін стаяў…

Яшчэ старажылы баюць, што ў пачатку мінулага стагоддзя мазырскі бровар пастаўляў сваю прадукцыю на стол самога Мікалая ІІ. Але пэўна брэшуць. Бо мясцовая медавуха смачная толькі тут. Хто ні браў паўтарачку-другую ў сталіцы ці ў іншых месцах – скрозь пойла. А ў “Кімбараўцы” – амброзія. Магія? Магія.

 

Станцыя Мазыр

Прыехаць чыгункай у Мазыр лёгка. Парадокс, але тут галоўнае не ўзяць квіткі да аднайменнай станцыі. Мала што ехаць будзеш доўга і нязручна, дык яшчэ рызыкуеш знайсці прыгоды на сваю біяграфію. Станцыя – гэта, пэўна, самы міфалагічны раён ва ўсім Мазыры. Ён як бы ёсць, усе пра яго ведаюць, але ніхто там не быў. Затое ўсе чулі, што там рабуюць і гвалтуюць проста сярод белага дня. Такія сабе мясцовыя Шабаны. Толькі калі ў Шабанах хаця б здымаюць кватэры “панаехаўшыя” ў сталіцу, то на Станцыю і такім чынам не трапіш. Там усяго 2 ці 3 хрушчоўкі. Каб трапіць на Станцыю, на Станцыі трэба нарадзіцца. Тыповы мазырчук бывае на Станцыі, толькі калі працуе ў хуткай, міліцыі ці пажарцы. Сто гадоў таму, падчас Першай сусветнай вайны, тут пабудавалі чыгунку Калінкавічы – Оўруч, участак на дарозе з Пецярбурга ў Адэсу. Мясцовы рэльеф распарадзіўся так, што станцыя Мазыр апынулася аж за пяць кіламетраў ад тагачаснага горада. Раён рос і развіваўся адасоблена, спачатку вакол чыгункі і работ па закладцы моста праз Прыпяць, потым вакол дрэваапрацоўчага камбіната “Кіпратэх” і ГЭС. Так атрымалася, што да канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя сюды нават грамадскі транспарт не хадзіў. Ёсць легенда, што раз на год ці два які-небудзь мазырскі смяльчак не-не, ды і выбіраецца на Станцыю. І кожны, хто ўсё ж пераадолеў страх перад невядомасцю, адкрывае для сябе цэлы новы свет. Уявіце толькі сотню двухпавярховых шматкватэрных драўляных дамоў, што тонуць у зарасніку абрыкосавых дрэваў. Месцамі жоўтыя, месцамі чырвоныя дамы выглядаюць яшчэ даволі дабротна як на свой век. Некаторыя, што праўда, стаяць пустыя. Мясцовыя кажуць, што іх будавалі яшчэ палонныя немцы. І ўсё гэта на маляўнічым шырокім пагорку. Ідзеш па такой вуліцы і проста адчуваеш, што трапіў у мінулае. Машыны, людзі, будынкі – нічога тут не выдае, што з моманту закладкі вуліцы прайшло ўжо больш за 60 гадоў. Фоткаю помнік Леніну на Прамысловай.

– А ці знаеш ты, сынок, што гэты Ленін ходзіць па начах і помсціць за тое, што развалілі Саюз? – з такой прамовай падыходзіць да мяне абарыген нявызначанага веку. – Відзіш, ён увесь бытта склеены? Дык гэта яго і разбівалі, і вывозілі некуды далёка, а ён усё адно штораз вяртаецца на месца. Думаеш, чаго вунь той другі, што ля канторы завода, па пояс умураваны ў пастамент? Каб не хадзіў як гэты.

А яшчэ на Станцыі ўдзень, здаецца, нідзе і ніколі не зачыняюць дзвярэй. Вось такі “крымінальны” раён. Хаця ноччу там пэўна вусцішна. Галоўнае верыць.

 

 

Кінатэатр “Летні”

Мала хто ведае, што ў Мазыры ў другой палове ХХ стагоддзя адбылася кароткая рэінкарнацыя эпохі дыназаўраў. Дакладней, аднаго дыназаўра. І гэта быў не нейкі выкапень, а элемент культуры. “Мазырскі дыназаўр” захапляўся сучаснымі мастацтвамі, паказваў кіно. Пакуль сюды на раскопкі не кінуліся натоўпы чорных палеантолагаў, патлумачу, што “мазырскі дыназаўр” – гэта папулярны мясцовы кінатэатр “Летні”. Будынак кінатэатра на 400 месцаў быў узведзены па праекце літоўскіх архітэктараў у 1978 годзе. Менавіта праз незвычайную архітэктурную форму, падобную да тыповага прадстаўніка траваедных яшчараў Юрскага перыяду, яго ў народзе і празвалі “дыназаўрыкам”. Эх, колькі новых ячэек грамадства зарадзілася на яго апошніх шэрагах. У 2001 годзе будынак кінатэатра “Летні” чамусьці перадалі Тураўскай епархіі. Сам маскоўскі патрыярх асвяціў нейкі валун, што ляжаў побач, пад закладку праваслаўнай царквы. Пад пласцінкавым дахам ужо былога кінатэатра было абсталяванае месца для богаслужэння. Так і маліліся прыхаджане ў “Дыназаўры” яшчэ гадоў шэсць. Потым будынак кінатэатра дэмантавалі, каб вызваліць тэрыторыю пад царкву. Што праўда, гэтае месца і цяпер стаіць абгароджанае высокім плотам. На ніве культавага будаўніцтва “конь не валяўся”. Людзі ж дагэтуль любяць і памятаюць “Дыназаўрыка”. Вось такое кіно.

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў —  стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі.  Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце  на адрас кампаніі  razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і  патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

 

Інфармацыйныя партнёры:


Адзін каментар у “Магічная мапа Мазыра ад Віталя Рудака”

  1. Мiкiта says:

    Дзякуй, файна атрымалася

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика