This movie requires Flash Player 9
06.08.2014 | Магічная Мапа

Магічная мапа Жодзіна ад Уладзіміра Сіўчыкава

Пісьменнік і перакладчык Уладзімір Сіўчыкаў расказаў пра месцы, што вабяць, нягледзячы на незваротныя змены, – пра лёс ракі Жодзінкі, пра намоленае месца, дзе калісьці быў храм, ды пра ажыўленае водасховішча, якое заўжды прыцягвала жыхароў.

 

Сутокі

 

Найбольшы стэрэатып пра Жодзіна палягае ў тым, што гэта малады горад аўтамабілебудаўнікоў. Між тым “Смалявіцкі інвентар” за 1643 год сведчыць, што паселішчу, знанаму раней пад назвамі Жодзіна Слабада, Жодынь, Багуслаў Поліс і іншымі, больш за 370 гадоў. Узнік ён па волі князя Багуслава Радзівіла ў чымсьці магічным чынам, але і згодна з тагачаснай горадабудаўнічай традыцыяй, на сутоках Жодзінкі і Плісы. Даў князь не толькі двум млынарам, але і іншым рамеснікам і гандлярам нечуваныя “слабоды” (“свабоды”) ад падаткаў аж на чвэрць стагоддзя, выдзеліў пад будаўніцтва 400 пляцаў!

Толькі ў сталым узросце дазнаўся я, што дзяцінства маё прайшло, лічы, у самым гістарычным цэнтры. Паўз Жодзінку ляжаў шлях на гульні да недалёкай лесапасадкі і ў школу, яе марыў запрудзіць з сябрамі, каб сплаўляцца на плытах не раўнуючы як тыя Том Соер і Гекльберы Фін, пры ёй ля невялічкага вадаспадзіка пажарнага вадаёма жыў пенсіянер-чыгуначнік Давыдзенка, які расказваў дзівосныя гісторыі і частаваў проста райскай смокваю…

Адносна нядаўна ўдалося ўсталяваць пры рачулцы памятны знак пра пачэсны ўзрост горада, а ў назве вуліцы, што пралягае паралельна, увасобіць імя заснавальніка Жодзіна. Паралельна, бо сённяшнія ўлады выпрасталі ледзь не ўсю Жодзінку, ператварылі яе ў глыбокую і роўную канаву.

І ўсё ж такі я веру, што рэчка, якая дала гораду імя, адродзіцца, вернецца да свайго спрадвечнага жыцця.

 

Царковішча

 

Пасля таго, як задушылі паўстанне Кастуся Каліноўскага, на месцы Петрапаўлаўскага ўніяцкага храма расійскія карнікі заклалі на каменным падмурку драўляную праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар Арханёла Міхаіла.

У 20-я гады мінулага стагоддзя бальшавікі царкву тую разрабавалі і ператварылі ў зернясховішча, а нанова адкрылі яе немцы ў 1942 годзе.

Састарэлы айцец Яўген Зубовіч яшчэ паспеў ахрысціць мяне ў ёй патаемна, і ў тым самым 1958 годзе яго перавялі ў іншае месца. Новы святар праслужыў нядоўга: неўзабаве камунякі царкву зачынілі зноў, разабралі, а бярвенні ад яе перавезлі ў Плісу і збудавалі там клуб. Казалі старажылы, што як разбіралі храм, дык знявечыўся, стаў калекам адзін з вандалаў, што ў званіцы знайшлі рэвальвер часоў Першай сусветнай вайны, а ў аканіцы – схованку з пачкам нямецкіх акупацыйных марак.

А вось гісторык і краязнаўца Алесь Каралёў, брат знакамітага вучонага Міхася Ткачова, папраўдзе адшукаў на царковішчы некалькі напаўзакінутых магіл, а ў 1980-м – і скарб старадаўніх манет, сярод якіх была дацкая марка 1618 года!

Царковішча пад старасвецкімі ліпамі здавён ёсць месцам намоленым, а праз тое застаецца не толькі адным з месцаў супакаення, але і месцам прыцягальнай, спакойлівай сілы. Сцяжына паўз яе даўно не вядзе да храма з крыжам, затое доўга прыводзіла да чыгуначнага вакзала і да храмаў дзіцячых цудаў – да дзіцячай бібліятэкі, што мясцілася ў колішнім доме святара, і да вельмі папулярнага, а немалы час і адзінага кінатэатра “Юнацтва”.

Неверагодна, але бярвенні ад колішняга храма вярнуліся ў Жодзіна. Іх паводле легенды нібыта нельга спаліць, а належыць закапаць, пахаваць, нібыта наўцоў.

Мімаволі згадваецца на царковішчы, асабліва ў трагічныя дні нашай гісторыі, і абраз “Маці Божая ахвяраў Чарнобыля”, напісаны Алесем МаRа і асвечаны святарамі розных канфесій на сталічнай плошчы Свабоды, бо месціцца ён сёння ў цэнтры іканастаса жодзінскай Свята-Архангела-Міхайлаўскай царквы, што адрадзілася пры старых могілках.

 

Вадасховішча

 

Вадасховішча на Плісе ўтварылася, калі ў пачатку 50-х гадоў збудавалі колішнюю Смалявіцкую ДРЭС, і заўсёды аказвала на жодзінцаў магічны, прыцягальны, магнетычны ўплыў.

Усё лета можна было купацца, катацца на лодках, здабываць аер, вадзяны арэх ці лілеі, праседжваць на беразе з вудамі або з эцюднікам…

Нават узімку ў найлепшыя гады вадасховішча не замярзала, бо проста ў рэчку праз берагавую насосную з цыркуляцыйнымі вадаводамі, якія ў прастамоўі зваліся “брызгалкай” і “бурлілкай”, інжынеры-“чарадзеі” надумаліся скідаць адпрацаваную пару і гарачую ваду!

Цяпло даўно ўжо ашчаджаюць, і электрастанцыя цяпер завецца Жодзінскай цеплаэлектрацэнтраллю. “Брызгалка” з яе абсалютна ўнікальнай сістэмаю труб ужо колькі гадоў як парэзаная на металалом. Разабраны драўляны басейн, дзе трэніраваліся плыўцы і ватэрпалісты, а таксама агароджа “жаботніка”, а гарадскі пляж выглядае малалюдным нават у спякотныя дні.

Дый і ўсё вадасховішча не выглядае цяпер ажыўленым і гаманкім, як было гэта даўней.

Прынятыя драконаўскія законы, паводле якіх нават гумовую надзіманую лодку трэба рэгістраваць, а дзеля гэтага везці яе ажно ў Барысаў! Таму ні папулярных колісь прагулачных лодак, ні нават пласкадонак з рыбалоўцамі на рацэ не згледзіш.

Ажыўляецца роўнядзь толькі тады, калі спраўджваюцца дзіцячыя гульні ў індзейцаў, калі выбіраюцца трэніравацца спартоўцы адной з наймацнейшых у краіне вяслярскіх школ – байдарачнікі і канаісты, якіх суправаджае часам і трэнерская маторка.

Затое як гіганцкі абеліск жыццесцвярджальна ўзвышаецца па-над вадасховішчам і пасёлкам энергетыкаў выносісты, фаласападобны комін электрацэнтралі – самы выразны архітэктурна-будаўнічы гарадскі элемент.

Не губляе сваёй вабнай, крыху жудаснай красы і вадаспад пры плаціне, які разбіваецца ў пырскі пад мостам, па-ранейшаму, хоць і закутая ў бетон, бруіць непадалёк крыніца вадою неверагоднай смакаты.

 

 

Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў —  стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі.  Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце  на адрас кампаніі  razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста «Магічная Мапа») спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і  патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі «Будзьма беларусамі!»

 

Інфармацыйныя партнёры:


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика