17.09.2015 | Літаратура

Максім Танк. Сціплы герой

У нашай гісторыі шмат неадназначных датаў і столькі ж неадназначных постацяў. Дагэтуль дата 17 верасня, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, выклікае шмат дыскусій і спрэчак. Сімвалічна, што ў гэты дзень у 1912 годзе нарадзіўся Максім Танк, беларускі паэт, рэвалюцыянер і дзяржаўны дзеяч, які сваім жыццём увасабляў барацьбу беларускага народа за самавызначэнне.

Малады Яўген Скурко позна пазнаёміўся з беларускай літаратурай. Спачатку было знаёмства з літаратурай рускай, якую будучы паэт вывучаў падчас знаходжання з сям’ёй у Маскве. У той час многія беларусы праз наступствы Першай сусветнай вайны вымушаныя былі стаць уцекачамі. Добра, дарэчы, гэтую з’яву апісаў у сваіх артыкулах і кнізе ўспамінаў “На жыццёвым шляху” віленчук Янка Багдановіч – сучаснік Максіма Танка. Пасля вяртання на радзіму будучы паэт знаёміцца з польскай культурай і літаратурай. І толькі ў сярэдзіне 1920-х ён знаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці, з вершамі Янкі Купалы. Гэтае знаёмства стане асноўным штуршком для ягонай творчасці ў будучыні.

Акрамя паэзіі малады Яўген Скурко актыўна цікавіцца палітыкай і ўдзельнічае ў рэвалюцыйным руху, які разгарнуўся ў адказ па палітыку ўрада Другой Рэчы Паспалітай, далучаецца да самай радыкальнай беларускай арганізацыі – КПЗБ. Ужо па ранніх вершах паэта можна заўважыць, што ён быў не проста беларусам левых перакананняў, але і нацыяналістам. За сваю дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў на Лукішках, дзе здолеў наладзіць выданне рукапіснай газеты “Краты”. Свежанадрукаваны дэбютны зборнік вершаў Максіма Танка “На этапах” быў канфіскаваны паліцыяй у 1936 годзе.

Пра свае маладыя гады Максім Танк пакінуў вельмі шчырую кнігу ўспамінаў “Лісткі календара”, у якой аматары заходнебеларускай культуры могуць сустрэць шмат цікавостак. Гэта, бадай, адна з найлепшых, калі не найлепшая кніга пра вірлівае жыццё міжваеннай Вільні, напісанае беларусам.

Пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, Максім Танк займаў самыя розныя пасады, ад галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” да старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Да свайго становішча ён заўжды ставіўся сціпла: не насіў узнагародаў, не пантаваўся, дапамагаў чым мог людзям, у тым ліку рэпрэсаванай савецкімі ўладамі паэтцы Ларысе Геніюш.

Часцяком некаторыя нашы “адраджэнцы” спрабуюць выставіць Максіма Танка зашораным камуністам, які слепа верыў у савецкія ідэалы, такім сабе “агітацыйна-плакатным” паэтам. Насамрэч гэты чалавек з добрым падпольным вопытам быў не такім простым, як здаваўся. Да ўсяго, яшчэ ўмеў і трапна пажартаваць.

Янка Брыль у сваіх успамінах пра Максіма Танка згадвае такі эпізод: “Вясной пяцьдзясят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, што называецца “нагляднай агітацыяй”, – ні партрэтаў, ні лозунгаў…

– Во! – засмяяўся Максім. – А ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе, – з-за кожнага куста цікуе член палітбюро!..”

Гэта было ў траўні, калі група беларускіх літаратараў выправілася ў Югаславію, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтай паўднёваславянскай краінай. Па дарозе заехалі ў Венгрыю. Не пазбаўлены любові да прыгожага, Танк у тыя дні пісаў: “Цэлы дзень наша сімпатычная правадніца Маргарыта Сігеці знаёміць з музеямі, з гістарычнымі помнікамі Будапешта. Стаміліся чартоўскі, вандруючы па гэтым цудоўным горадзе. Я ў захапленні гляджу на яго самабытную архітэктуру, у якой адчуваецца шматвекавая гісторыя венгерскага народа. І можна толькі пазайздросціць, што ўсё гэта захавалася да нашага часу, хоць над горадам не раз бушавалі вогненныя навальніцы”. У чарговы раз вогненныя навальніцы загрымяць над горадам увосень таго ж года, калі савецкія войскі будуць займацца падаўленнем паўстання супраць мясцовага камуністычнага рэжыму.

Максім Танк шмат паездзіў па свеце і добра апісаў свае вандроўкі па самых розных краінах, што для савецкага грамадзяніна ў тыя часы было за межамі рэальнасці. Увогуле, ягоныя ўспаміны – гэта надзвычай цікавае чытво. У дзвюх кнігах дзённікаў (тамы 9 і 10 са збору твораў) адлюстраванае не проста жыццё чалавека, але станаўленне сусветна вядомай асобы. Танкаўскія занатоўкі – гэта прыватныя думкі, упісаныя ў кантэкст вялікіх падзей, непасрэдным удзельнікам якіх ён часцяком і быў. Выразна бачная эвалюцыя галоднага і беднага рэвалюцыянера ў рэспектабельнага дзяржаўнага чыноўніка, які здолеў не страціць запалу ва ўласнай творчасці да самага скону. І не дзіва, што часам цяжка нават вызначыць, што ўсё ж цікавейшае: паэзія Максіма Танка ці жыццё Яўгена Скурко.

Максім Танк вельмі цяжка пераносіў развал Савецкага Саюза, але разам з тым ужо ў 1993 годзе перажываў, што не змог трапіць на свята з нагоды Дня Незалежнасці, якое ў тыя часы адзначалася 27 ліпеня, у дзень, калі Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Дзяржаўнымі сімваламі ў той час былі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг, якім малады паэт Яўген Скурко (яшчэ не Танк) прысвяціў адзін са сваіх першых вершаў пад назвай “Ты чуеш, брат?”. Напісаны ён быў у 1930 годзе, калі пра будучага літаратара яшчэ мала хто ведаў. Вельмі сімвалічна, што пад гэтым сцягам яго і пахавалі, калі Яўген Іванавіч Скурко пайшоў з жыцця 20 гадоў таму – у жніўні 1995 года.

 

Ты чуеш, брат?

 

Ты чуеш, брат, як на прадвесні

Вятры, лёд крышучы, гудуць,

Як на сваю радзіму з песняй

Зноў птушкі з выраю лятуць.

 

Пагоні сілы баявыя,

І вы рыхтуйцеся ў паход,

Каб знішчыў путы векавыя

Наш заняволены народ.

 

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас.

 

Няхай жа меч Пагоні ззяе!

Гартуйма нашу еднасць, моц!

Вядзі нас, Воля прасвятая,

Да новай славы, новых сонц!

М. Танк, 1930

Канстанцін Касяк


2 Каментаў у “Максім Танк. Сціплы герой”

  1. ВілыПікіТопры says:

    Дзякуй аўтару за артыкул.
    паўстала пытанне з нагоды надрукаванага верша.
    як за такі буржуазны нацыяналізм Танк не паехаў карміць камароў на якія выспы?

    • У кнізе Мікалая Мікуліча “Максім Танк: на скразняках стагоддзя”, якая складаецца з прыжыццёвых гутарак з паэтам можна і не такіх дэталяў пазнаходзіць, там і пра спробы супрацы з хрысціянскімі дэмакратамі і пра іншае добра распавядаецца. Хутчэй за ўсё Танк умела хаваў непажаданае. Зрэшты ён сам пра гэта кажа ў кнізе “Лісткі календара”, якая пачынаецца са словаў: “Лісткі майго календара ўвесь час перагортвае і шматае навальнічны вецер. Некаторыя з іх я сам вырываю і нішчу. Цяжка па такім календары жыць, яшчэ цяжэй будзе некалі аднавіць мінулае, а па ініцыялах і клічках – уваскрасіць сапраўдныя імёны многіх маіх сяброў”. Што да рэпрэсій, то Максім Танк, безумоўна, іх чакаў і загадзя рыхтаваўся: “Апошнімі часамі, калі пішу новы верш, чамусьці трывожыць думка, што мне яго могуць не даць закончыць. Таму зубную шчотку і мыла нанач кладу, на ўсякі выпадак, у кішэню свайго паліто”.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика