29.03.2017 | Грамадства

Максім Жбанкоў: Дзэн Волі

“А у вас есть паспорт?” Ён даганяе нас шпаркімі крокамі і, не чакаючы адказу, хапае за рукавы. Сталёвыя вочы, чорная шапачка. Класіка. У мяне ў руках пакет з сурвэткамі і зубной пастай. Зараз звінцяць? Мінск. Звычайны вечар. Цэнтр горада. Заўтра – Дзень Волі.

Ёсць такі панятак – інфармацыйная нагода. Магчымасць выказацца наўздагон (ці напярэдадні) падзеям. “Элегантны” хапун 25-га дазволіў паразважаць адразу ўсім. Пра Еўрасаюз і Расію. Пра Статкевіча і Навальнага. Пра сцягі і шахматы. Пра паэтаў-палітыкаў ды імпартныя вадамёты. Што кажа КДБ, калі нічога не кажа. Як разумець, што затрымалі, і як чытаць, што адпусцілі. Тэму, як той кажа, адпрацавалі. Тэхнічна. Прафесійна. Але я не пра тое.

Я пра іншае. Проста навокал усё больш сядзельцаў. Глядзі і лічы. Паэтка з намётавага лагера 2006-га. Кіношнік з Плошчы 2010-га (проста вяртаўся з дня народзінаў). Кніжнік, з якім пад віскач спрачаліся пра правільныя джынсы (цяпер ужо “баявік”?). Багемны музыка, што перакладаў калісьці для нас ў Палацы прафсаюзаў “Бразілію” Тэры Гільяма. Дзёрзкі блогер. Гандляр вышымайкамі. Балетны артыст, ён жа паспяховы гандляр лядоўнямі. Белсатаўскі аператар, які безліч разоў здымаў мае каментары.

У пятніцу падчас хапуну на Фабрыцыюса, дзе збіралі рэчы затрыманым раней, здолелі сысці. Потым даведаўся: хвілін на дваццаць размінуліся з Бахарэвічам. Яго не ўзялі. Мяне не ўзялі. Бяда. Бо сябры ўжо знайшлі адваката.

Учора зайшоў на каву стары сябра-філолаг. Пра што гамонім? Як яны з калегам-мастаком у суботу на Акадэміі навук пазбеглі хапуну. Зранку тэлефануе яшчэ адна паэтка – вытанчаны лірычны талент, толькі выйшла дэбютная кніжка: “Мы ў суды. Назіральнікамі”.

Рэчаіснасць мяняецца на вачах. Штодзённымі робяцца тры рэчы: вострае пачуцце агіды, адчужанасць ад улады і жорсткі ментальны супраціў. Ніякіх там “Молатаў кактэйль”. Ніякай арматуры. Проста разуменне відавочнага: гэтым даверу няма. З гэтымі размаўляць бессэнсоўна. Углядзіцеся ў твары. Пагартайце фоткі. Згадайце відэа. Паслухайце вербальную пургу. Не трэба ілюзіяў: гэта не лекуецца. Яны апантана ратуюць свае азадкі – нават калі верашчаць пра “прымірэнне”, “дыялогі” ды “круглыя сталы”.

Тое, што маем, – не проста крызіс даверу. Гэта дэвальвацыя капітанаў і камандзіраў. Скажу больш: усіх былых капітанаў і камандзіраў. Асабістыя траблы “зверху” – не алібі. Асабістая мужнасць “знізу” – таксама. Падзеі апошняга часу паказалі татальную вычарпанасць крэатыву з абодвух бакоў. Гісторыя не тое каб збочыла. Яна пайшла па коле: адліга за адлігай, зачыстка за зачысткай, заява за заявай. А ў паўзах – зноў дэжавю. Чаканне заявы. Чаканне адлігі. Чаканне зачысткі.

Пытанне тут якраз у паслухмяным жаданні знешніх сігналаў – усё адно, траўматычных ці ратавальных. Мы самі робім сябе закладнікамі, калі абіраем залежнасць ад кагосьці звонку. Расіі. Еўрасаюза. Усенародна абранага. А потым скардзімся, што той недадаў свабоды. Недагледзеў. Не такі востры. Замала мяккі. Не так засвоіў сродкі. Ці ўвогуле мала нас любіць. Аднак хто сказаў, што нам немагчыма без той любві?

Адказ ад спадзяванняў – моцная пазіцыя. Бо яна робіць істотным не чарговы план глабальнага пацяплення і дэсант ратавальнікаў, а асабісты драйв ды прыватную годнасць. Пачынаеш жыць не заўтрашнім шчасцем, а сённяшняй няўтульнасцю. І ператвараць яе ў творчы рэсурс. Рэміксаваць навакольны абсурд.

Сістэма паліцэйскага ўціску, судовага шапіто, медыйнай фэйк-абслугі і бюракратычнай хлусні ідыятычная і бязглуздая. Але што нам да яе? Ёсць жыццё па-за матрыцай. Дзяржава – не краіна. Пасля 25-га гэта ясна і дзяржаве, і краіне.

Аднак хопіць шукаць свабоду і ў партызанскай рыторыцы ды стадыённых крычалках качкоў у татухах. Тыражаванне свабоды – таксама фэйк. Здолеўшы паблытаць шоў і палітыку, лёгка трапіць у клуб заўзятараў волі – дэкаратыўных змагароў ды фанатаў “воінаў свету” з пратэстным патэнцыялам даўжынёй у канцэрт.

Кажаце “скончылася шоў”? Магчыма. Але толькі для тых, хто здолеў сысці з дурнога цырку, каб пачаць свой прыватны дрыфт. Рух свядомай адзінкі скрозь заклікі ды мабілізацыі – да новага поля магчымасцяў, якія будуеш сабе сам. Без павадыроў ды тлуму аднадумцаў. Без гарантыяў ды ілюзіяў.

Лепшае жыццё – не “наш” дзядзька на вышэйшай пасадзе, а магчымасць быць асобным. Развітацца з залежнасцю. Жыць сваё. Паўсюль. Сярод сваіх і ворагаў. На працы. Пад дручкамі. У вязніцы.

Урэшце, у рашучыя моманты ты заўсёды адзін. Воля – гэта самастойны і асэнсаваны рух. Тое, што мы здольныя зрабіць з нашым жыццём і гэтай краінай. Не раз на год. Штодзень.

 

 

Максім Жбанкоў


Адзін каментар у “Максім Жбанкоў: Дзэн Волі”

  1. Чытач says:

    Аднак хопіць шукаць свабоду і ў партызанскай рыторыцы ды стадыённых крычалках качкоў у татухах. Тыражаванне свабоды – таксама фэйк. Здолеўшы паблытаць шоў і палітыку, лёгка трапіць у клуб заўзятараў волі – дэкаратыўных змагароў ды фанатаў “воінаў свету” з пратэстным патэнцыялам даўжынёй у канцэрт.

    У кропку!!!

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика