22.12.2016 | Свой погляд

Максім Жбанкоў: Тэле(неда)бачанне. “Белсат”, любоў і маўчанне разумнікаў

Кожны ведае: у нармальным серыяле мусіць адбывацца рух сюжэту і ратацыя траблаў. Шматсерыйны серыял нашай барацьбы атрымаў новы выклік – трывожную сітуацыю з “Белсатам”. Але адгукнуўся на яе звычайным чынам, вербальнай эквілібрыстыкай ды мабілізацыйнымі кампаніямі. Што ў нас робяць, калі наспелі праблемы? Правільна, збіраюць нарады. Ладзяць пікеты. Кідаюць у сеціва звароты. Агучваюць заявы. Карацей, робяць карцінку. Чарговы блок таго самага серыялу. Ці ёсць жыццё па-за ягонымі межамі? Напэўна ж, ёсць. Але яно няправільнае. У сцэнары такога няма. “Белсатаўскі” сюжэт – насамрэч не пра мас-медыя. І не пра Варшаву. Ён пра нас – пра залежнасць ад супольных мрояў.

У класічных схемах культурнай вытворчасці заўсёды была асіметрыя: адны выраблялі, іншыя спажывалі. Эліты па вызначэнні працавалі генератарамі масавых міфаў ды легенд, ствараючы штучны свет для ўдзячнай публікі. Але ж інтэлектуальныя высілкі – шкодная вытворчасць і непазбежна ўплывае на сваіх носьбітаў. Наша прафесійная хвароба – закахацца ў самаробны свет. І сысці ў яго, нібыта ў сапраўдны. А калі рэчаіснасць раптам нагадае пра сябе – скажам, што мы з ёй не згодныя.

Не маю нічога супраць недзяржаўнай тэлевізіі і тых калегаў, што спрабуюць яе рабіць. Але ратавальныя кампаніі вакол “Белсата”, пры ўсёй сваёй эмацыйнай прыгажосці, да якой так і цягне далучыцца, – чарговая гульня ў хованкі з самім сабой. Бо зноў абараняем не годнае, а “сваё”. Не эфектыўнае, а “правільнае”. Не важкае, а “важнае”. Па сутнасці – не канкрэтную вытворчасць медыятэкстаў, а яе легенду. Супольную казку пра грамадзянскую тэлевізію на матчынай мове. Як абараняем? Натуральна, памнажаючы яе казачную моц аповедамі пра апошні бастыён супраць “русского мира”, рыторыкай пра фантастычны рост аўдыторыі, апакаліптычнымі абяцанкамі татальнага калапсу беларускасці і канчатковай паразы дэмакратычнага руху. Каго пераконваем? Саміх сябе. Каго палохаем? Зноў сябе. Хто нас не чуе? Той, хто не падсеў на наш серыял.

Варта паглядзець на прабелсатаўскія сеткавыя каментары, каб зразумець: наша “альтэрнатыўная нацыя” – скрозь паэты. Актывісты. Літаратары. Публіцысты. Вяскоўцы-блогеры. Палітыкі. Усё адно паэты. Бо разважаюць як належыць майстрам вершаванкі. Узвышана. Эмацыйна. Натхнёна. Блытана. Насуперак фактам. У сваім кіно.

З паэтамі спрачацца бессэнсоўна: яны майстры мрояў. Маюць права. Але калі эмацыйна-катастрафічная хваля ператвараецца ў вектар супольнага (як бы) грамадзянскага руху – пачынаюцца пытанні. Бо тады іншадумцы (дакладней, тыя, хто думае, а не ляціць на той хвалі татальнага экстазу) адназначна трапляюць у ворагі “нашай агульнай справы”. І пачынаюць шыфравацца.

“Я з вамі цалкам згодны, пісаў акурат пра тое, але высноваў не рабіў, каб не пакрыўдзіць…”, “Абсалютна салідарны, але зараз не час…”, “Мы з жонкай чыталі, па сутнасці пагадзіліся, але жонка сказала, што ўсё ж трэба іх падтрымаць…” Вось бліц-нізка водгукаў ад сяброў ды калег з нагоды майго нядаўняга “нефарматнага” тэксту пра “Белсат.” Ды яшчэ шматзначна: “А ты ведаеш, што Sputnik напісаў амаль тое самае?”

І паўстае фантастычная рэч: маўчанне разумнікаў, якія абіраюць не гук, а пустэчу. Якія не жадаюць (ці не здольныя) апублічыць сваю нязгоду с агульнай матрыцай “альтэрнатывы”. Ёсць, натуральна, і нязручныя меркаванні. Але збольшага асцярожныя. Далікатныя.

Бо нам яшчэ тут жыць. У супольным сегменце культуры барацьбы і супрацьстаяння.  У цеснай прасторы, насычанай выбухова-траўматычным водарам чакання перамог. Побач з іншымі прасторамі ды генерацыямі, што жывуць іншай – ужо не “нашай” – беларускасцю. На мапе жыцця якіх варшаўскага ТБ для Беларусі проста няма. А калі ёсць – то хутчэй як рэліктавы артэфакт.  Не таму, што яны ворагі Радзімы і агенты Пуціна. Проста ў іх іншыя мапы. І яны нам нічога не вінныя.

Заганнасць запуску механізмаў абароннай салідарнасці – у ператварэнні спрэчнага праекта “Белсат” в бясспрэчную каштоўнасць. “Зараз не час…” Наадварот: якраз зараз варта прачнуцца і казаць пра правалы ды хібы – каб нарэшце штосьці змянілася да лепшага. Каб дзевяць гадоў летаргічнага існавання на аўтапілоце скончыліся крэатыўнай перазагрузкай – і новымі справамі.

Катастрафічны лямант вяртае нас у звычайны стан нягеглай датацыйнай партызанкі. І замінае зрабіць даўно наспелае: ператварыцца з олдскульных медыйных дыверсантаў у самураяў новых медыяў. Бо канец – заўсёды пачатак.

Заклікі абараняць і ратаваць фактычна гучаць прапановай пакінуць ўсё як ёсць. Ды яшчэ і падкінуць фінансаў. А вось уявім сабе, што шчасце адбылося – і інерцыйная машына пазаўчорашняй эпохі працягнула грукатаць для адбітых у даследаваннях 1,7 (хай сабе і 4,7 паводле “Белсата”) адсоткаў публічнасці. Абаранілі. Адбілі. Перамаглі. “Белсат” жыве. Але, як пісалі калісьці на мурах варшаўскага Старога Мяста, “po co takie życie?” Пытаннечка не для паэтаў, а для менеджараў. Спыніце лямант і ўключыце калькулятар.

Любоў – выдатная рэч. Але калі ты жывеш толькі ёй, яна цябе паціху паглынае. Найгоршае, што можа з намі адбыцца – не атамізацыя, не сыход у самотнасць (што ёсць натуральным станам сталай асобы), а аднаўленне “савецкасці”: татальная салідарызацыя свядомасці і палымяная адданасць супольным ілюзіям.

 

Максім Жбанкоў

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

2 Каментаў у “Максім Жбанкоў: Тэле(неда)бачанне. “Белсат”, любоў і маўчанне разумнікаў”

  1. Андрэй Янушкевіч says:

    Выдатны тэкст. Такія рэфлексіі прымушаюць развівацца. культываваць дзеянне. Калі гэтага няма, калі ёсць жальба па датацыях – усё, крышка

  2. ЛЮДАМАНТ says:

    эмацыйна – фэерычны стыль Жбанкова назаляе… Усё слушнае, што ім выказанае пра БЕЛСАТ можна перадацьу 2-3 фразах …. Эўтаназія. Татальная ратацыя крэсовых падшывальцаў… ( але не падрыхтаваная замена на кваліфікаваных крэатыўных…) І яшчэ: канал(кагал ?) на польскія злотыя не можа не быць прапольскім.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика