У мінулы чацвер Дзмітрый Скачкоў, вядомы па сваім выступленням у тэатры “ІнЖэст”, абараніў дысертацыю па тэме “Сродкі акцёрскай пластычнай выразнасці ў аматарскім тэатры Беларусі другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя (у межах драматычнага, пантамімічнага і харэаграфічнага мастацтваў)”. Што, безумоўна, добрая навіна.
Найбольшы скепсіс выклікае, канечне, пазначэнне “аматарскі тэатр” у назве. Гэта паказвае, наколькі наша звыклая тэрміналогія не адпавядае часу. У нас, па сутнасці, адсутнічае паняцце незалежнай тэатральнай групы, і той самы вядомы пластычны тэатр “ІнЖэст” фармальна дагэтуль з’яўляецца гуртком пры ДК завода “Інтэграл”. Пры гэтым само паняцце аматарскага тэатра стыгматызаванае і моцна знітаванае са школьнай і іншай самадзейнасцю. А многія студыі, якія займаюцца пластыкай, па духу сваім больш прафесійныя і адданыя тэатральнай справе, чым супрацоўнікі тэатраў.
Я шчыра спадзяюся, што пераадолець гэтыя недарэчнасці дапаможа навуковая праца Дзмітрыя Скачкова , які, мяркуючы з аўтарэферата, шмат расказвае пра сучасны тэатральны працэс.
У беларускую навуку прыходзіць новая генерацыя спецыялістаў, выхаваная ў тэатральнай эстэтыцы пачатку ХХІ стагоддзя, і ігнараваць іх нельга. Тэатральных дысертацый абараняецца ўвогуле вельмі мала. Але дзіўным чынам да абароны значна часцей даходзяць вось такія авангардныя тэмы. Старэйшае пакаленне навукоўцаў — дактары навук Смольскі, Салееў, Арлова, Катовіч, нядаўна памерлы Анатоль Сабалеўскі — здаецца, мусілі рыхтаваць змену сабе самім. Я не магу сказаць, каб уважліва сачыў за навуковым працэсам, але не ведаю свежых абароненых дысертацый па творчасці Раеўскага, Макаёнка ці Дударава, затое маем па сучаснай драматургіі Крысціны Смольскай і вось па пластычным тэатры Дзмітрыя Скачкова.
Гэта, вядома, усё ўмоўна. Тэатразнаўства — увогуле вельмі маладая навука. Больш-менш сістэмна ўкараняцца ў акадэмічную практыку яна пачала з сярэдзіны ХХ стагоддзя, хоць, вядома, прыклады тэатразнаўства мы ведаем і раней.
Сваю дысертацыю я пісаў пра тое, якім чынам на беларускі тэатр паўплывала тэорыя Брэхта. І адным з важных момантаў была пастаноўка якраз Валерыем Раеўскім свайго дэбютнага спектакля “Што той салдат, што гэты” ў 1969, які выклікаў настолькі вялікі рэзананс у тэатральнай супольнасці, што Раеўскі ў хуткім часе ўзначаліў Купалаўскі тэатр. Дарэчы, цудоўную рэцэнзію на той спектакль напісаў Зянон Пазняк. Наўпрост тэорыя Брэхта на беларускі тэатр уплыву не мела, але трэнд на брэхтаўскую драматургію ў 60-70, калі за год ставілася да 30 спектакляў паводле яго п’ес, разняволіў тэатральны эксперымент, п’есы Брэхта было дазволена ставіць інакш, не “псіхалагічна”. І гэта дало свабоду для развіцця рэжысёрскага тэатра.
Асабіста мне даследаванне гісторыі беларускага тэатра дапамагло зразумець тыя грамадскія механізмы, якія працуюць у сучасным тэатры ўвогуле. Наколькі ўвогуле ўмоўнае паняцце “тэатральная падзея”, наколькі “крохкімі” могуць быць тэатральныя прэм’еры. Але збольшага перакос нашага тэатразнаўства менавіта ў “гісторыю тэатра” мне падаецца дзіўным. Як і семінары па гэтым прадмеце. Пераказваць студэнтам, як і пры якіх абставінах адбываліся падзеі мінулага, сведкам якіх ты сам не быў, якія ведаеш па кніжках, па чужым сведчаннях, — зрабіць такое карысным для студэнтаў.
Нямецкія тэатразнаўцы сцвярджаюць, што прадметам тэатральнай навукі можа быць не спектакль увогуле, а толькі канкрэтны паказ спектакля пры пэўных умовах. І з гэтага пункту гледжання нават тэатральныя крытыкі, якія робяць высновы пра пэўны спектакль на падставе толькі прэм’ерных паказаў, рацыі не маюць. Не толькі выкладчыкі, якія расказваюць пра спектаклі, якіх не бачылі.
Але расказваць трэба. Ва ўмовах, калі пра тэатр у нас вельмі мала пішуць, амаль не гавораць па тэлебачанні і радыё, публічныя сустрэчы, лекцыі, дыскусіі становяцца вельмі важнымі. І гэта прыкладны момант для тэатральнай навукі.
Вельмі цікавыя лекцыі пра сучасны японскі тэатр робіць Ірына Кастылянчанка, пра польскі тэатр — Крысціна Смольская, у Гародні я пачуў цудоўны аповед пра тэатр лялек Марэка Вашкеля. Здавалася б, ёсць інтэрнэт, ёсць відэа, тэксты, але гэтыя лекцыі, зробленыя на падставе ўласных уражанняў і назіранняў, атрымліваюцца сапраўды больш пераканаўчымі.
Мой асабісты досвед дыскусіі пра постдраматычны тэатр, якую мы зладзілі сумесна з літаратурным клубам “Grapho”, складаны. У тым сэнсе, што дыскусія атрымалася гарачай, і кожны з удзельнікаў, наколькі я зразумеў, застаўся “пры сваіх”. Але ў выніку атрымалася “перакрыжаванае апыленне” дзвюх суполак, і ўжо з’явіліся новыя літаратурна-тэатральныя праекты, што значна важнейшае за ўсеагульную згоду.
Дзмітрый Скачкоў расказваў у сваёй дысертацыі таксама тое, што ведаў з уласнага цялеснага досведу. Не толькі расказваў, але і паказваў відэа. І гэты прыклад наводзіць на думку, што пра тэатр трэба не столькі расказваць і нават паказваць… Што тэатральнай навуцы трэба смялей вышукваць невербальныя формы рэфлексіі і натавання рэчаіснасці. Як у тым анекдоце пра “станчы мне пра архітэктуру”, але ўсур’ёз.
Залічым абарону дысертацыі Дзмітрыя Скачкова ў першую добрую навіну года, у якім, спадзяемся, будзе яшчэ багата такіх падзей.
Аляксей Стрэльнікаў, фота з фэйсбука Дзмітрыя Сачкова