Жаночы маларыцкі народны строй выглядае, бадай, як самы прыгожы, багаты па арнаментыцы і поўны, бо ў раёне захаваліся не толькі ў музеях, але і ў жывым бытаванні варыянты касцюмаў з галаўнымі ўборамі, сярод якіх — ручніковага тыпу плат, які надае жанчыне шляхетны выгляд і непаўторную прыгажосць паставы. Унікальнасць гэтага рэгіёна яшчэ і ў тым, што мясцовыя ткачыхі ўмеюць вырабляць гэтыя строі. Сярод іх — унікальная жанчына, спявачка, майстрыха Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк з аграгарадка Дарапеевічы. Яна тчэ тонкае палатно як з фабрычнай сыравіны, так і з саматканых нітак, якія прадзе сама, затым вышывае, калі гэта кашуля або фартух, шые, захаваўшы ўвесь працэс вырабу строю. Тчэ з воўны і льну андаракі і летнікі (летнія спадніцы, багата арнаментаваныя, як і андаракі). Яе строі можна было ўбачыць падчас фестывалю “Берагіня” на ўдзельніках дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала” з Хаціслава, якім кіруе Галіна Іванаўна Хомік. “Табала” на мясцовай гаворцы азначае натоўп дзяцей. Даведаўшыся, што і ў Хаціславе ёсць свае берагіні, якія захоўваюць мясцовыя звычаі, мы адправіліся ў гэты аграгарадок на Купалле.
Дарогаю прыкмячалі адметныя рысы гэтага рэгіёна — у архітэктуры, аброчных крыжах на скрыжаваннях дарог, побыце людзей. Тут шмат “прэзідэнцкіх домікаў”, як кажуць, новых катэджаў, якія перададзеныя шматдзетным сем’ям. Гэта добры знак, што клапоцяцца пра дзяцей і бацькам дапамагаюць іх гадаваць. Сельскі дом культуры вялікі, і працуюць у ім таленавітыя, адданыя сваёй справе людзі, у большасці жанчыны. Яны — нашыя берагіні народнай спадчыны, хоць трэба адзначыць і выдатных мясцовых гарманістаў. Важна тое, што ўсе яны дзейсна працуюць з дзецьмі, пераймаючы ад старэйшага пакалення навакольных вёсак песні, танцы, звычаі, абрады, рамёствы. У доме культуры сабраная вялікая калекцыя строяў мясцовых майстрых старэйшага пакалення. Многіх з іх ужо няма ў жывых. Строі рознага часу з ільну і воўны рознай якасці, але ўсе вельмі прыгожыя, дасканала выкананыя. Нездарма хаціслаўскія калектывы, якіх тут некалькі, запрашаюць на фестывалі, конкурсы, канцэрты як пераемнікаў мясцовых традыцый. Вялікае ўражанне і захапленне ў гледачоў выклікаюць не толькі таленты ўдзельнікаў, але строі. Частка іх выраблена дарапееўскай ткачыхай Сцепанідай Сцепанюк. Цяпер яны гасцююць разам з ёю ў Дарафея Фіёніка ў Бельску-Падляскім на Беласточчыне, які стварыў Музей малой Айчыны ў Студзіводах і кожны год запрашае гурты з Беларусі. Але перад ад’ездам мы пабывалі на Купаллі, якое хаціслаўцы ладзілі з мясцовымі захавальніцамі традыцыйнай культуры — сёстрамі Ганнай, Праскоўяй і Надзеяй Касцючыкамі (гэта іх прозвішча ў дзявоцтве).
Нягледзячы на тое, што гадаваліся яны ў нястачы, бо маці засталася ўдавой, сёстры навучыліся ад яе і вясковых майстрых усяму, што лічылася неабходным ведаць і ўмець жанчыне. Старэйшая, Ганна Міронаўна, беражліва захоўвае мамін тканы строй, які яна вырабіла яшчэ ў дзявоцтве. Дзіўна, што ўсе андаракі і летнікі (летнія льняныя спадніцы) спераду пад фартух ткаліся іначай і абавязкова мелі ўстаўку зверху з грубага палатна. Жанчыны не ведаюць, для чаго гэта, проста заўважаюць, што гэта ёсць у кожным строі. Хату Ганны Міронаўны ўпрыгожваюць тканыя і вышытыя крыжыкам, гладдзю вырабы. Такія ж майстрыхі і яе сёстры. Выдатна спяваюць разам, а яшчэ захоўваюць у памяці шмат звестак пра каляндарныя і сямейныя звычаі, абрады. Нас цікавіла Купалле — якім яны яго памятаюць з дзіцячых гадоў і ўсе дэталі звычаю выправоджвання ведзьмы-Купалы за сяло падчас свята ў гонар летняга сонцавароту.
Колькі сёстры памятаюць сябе, у Хаціславе перад Купаллем збіралася моладзь і ў кожным пасёлку — Падольшчыне, Падцэркве, Пяску, Забродзі — вырабляла сваю роставую ляльку, якая ўвасабляла ведзьму. Тады верылі, што знахары на Купалле варожаць, адбіраюць малако ў кароў суседзяў, робяць людзям усякае зло. Таму і майстравалі такую ляльку — ведзьму-Купалу — як увасабленне ўсякага зла. Запальвалі яе ад купальскага вогнішча і тапілі ў рэчцы ва ўрочышчы Заватка. Туды ж дзяўчаты кідалі свае купальскія вянкі, каб выйсці замуж.
Цяпер моладзь лянуецца вырабляць пудзіла ведзьмы так, як было даўней. А сёстры Касцючыкі расказваюць, што яно выглядала прыгожа: на крыжавіну прымацоўвалі куль саломы, паўзверх якога надзявалі дзявочы строй з якога-небудзь старога адзення, на галаву ведзьмы (яе рабілі з кавалка палатна, набітага саломай, і прымацоўвалі да куля саломы на крыжавіне) надзявалі вянок з вэлюмам, твар размалёўвалі. Рабілі ёй ільняную касу да пояса з чырвонай стужкай на канцы. Вялі за сяло пад рукі, таму і казалі “весці ведзьму за сяло”. Перад тым як запаліць дубасілі кіямі і наказвалі, каб больш не вярталася да людзей. Цяпер моладзь едзе да возера на конях, бо забаронена паліць вогнішча паблізу аграгарадка. Ды і мясцовы святар забараняе вернікам удзельнічаць у Купаллі, а раённыя кіраўнікі падтрымліваюць яго.
Гэта дзіўна, бо Купалле — нашае нацыянальнае свята. Як і іншыя каляндарныя абрады і звычаі, яно ёсць праявай этнічнай культуры беларусаў. Напрыклад, Дарафей Фіёнік у Польшчы — захавальнік народных абрадаў і звычаяў і ў той жа час царкоўны дзеяч: скончыў праваслаўную духоўную семінарыю, з дапамогай сям’і вядзе традыцыйную сялянскую гаспадарку, выдае кнігі і па народнай культуры, і рэлігійныя. Лічыць сваім абавязкам прапаганду духоўнай і матэрыяльнай культуры падляшскіх беларусаў. Пра яго зняты фільм, які называецца “Сейбіт”. Вось бы маларыцкім берагіням у дапамогу такога сейбіта! Спадзяёмся, што хто-небудзь з раённых работнікаў культуры павучыцца ў польскага беларуса, які так шчыра і аддана праяўляе ашчаднасць, беражлівасць, гонар за сваю спадчыну. Калі ж нашыя чыноўнікі ўспомняць, што яны — нашчадкі беларусаў-сейбітаў, якія пакінулі нам не толькі гэтую зямлю, але і культурную спадчыну!
Рэгіна Гамзовіч
Фота Святланы Клепікавай