У чэрвені ў Мінску зноў пачнецца культурная праграма “Мастак і горад”. Летась галоўнай фігурай праекта зрабіўся Марк Шагал, сёлета пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа будуць прадстаўленыя 17 рэпрадукцый карцін Казіміра Малевіча, сярод якіх “Чырвоны супрэматычны квадрат”, “Аўтапартрэт” (1910), “Дзяўчына з грэбнем ў валасах” і, вядома ж, “Чорны квадрат”.
За некалькі дзён да старту гэтага своеасаблівага мастацкага оўпэн-эйра ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава работ аўтараў-пераможцаў конкурсу “Малевіч. Свет формы”, дзе прадстаўленыя фатаграфія, жывапіс, плакат — працы, натхнёныя творчасцю Казіміра Малевіча.
Агляд выставы мы пачалі з інсталяцыі Аляксея Хацкевіча і Васіля Зянько. Апранутыя ў белыя балахоны з квадратамі на грудзях, мастакі расхаджвалі вакол свайго арт-аб’екта “Технобиоарт”.
“Малевіч — чалавек, якім беларусы могуць ганарыцца гэтак жа, як і немцы — Гётэ, — зазначыў мастак Аляксей Хацкевіч. — Малевіч даў штуршок сучаснаму мастацтву, сучаснай архітэктуры, у прыватнасці, хмарачосам. У сваёй інсталяцыі мы злучылі прыроду (зялёная трава), прагрэс (металічная канструкцыя) і мастацтва (палатно). Важна, што гэтыя тры элементы гарманічна суіснуюць і дапаўняюць адзін аднаго”.
Удзельнікі экспазіцыі гуляюць з формай і колерам, раскладваючы сюжэты сваіх прац на фрагменты геаметрычнай мазаікі. Ёсць цікавыя інтэрпрэтацыі Малевіча ў шкле і метале, ёсць фатаграфія і плакат. Малевіч з’яўляецца нават у фарфоры (сервіз Ганны Валуй).
Сяргей Крыштаповіч, мастак (на выставе прадставіў палатно “Птушка ў супрэматычным небе”): “Маю працу размясцілі нібыта абраз — у куце. Свой “Чорны квадрат” Малевіч гэтак жа павесіў у куце — гэта была канцэпцыя новай мастацкай эры. Я рады, што Малевіч і Крыштаповіч з’яўляюцца родапачынальнікамі новых эр ў выяўленчым мастацтве. У мяне не проста квадрат, а чырвоны квадрат, у якім ляціць птушка. Гэта заклік і маніфест новага супрэматычнага рэалізму.
А калі сур’ёзна, без жартаў і эпатажу, мы нават не ўсведамляем, да якой ступені Беларусі можа пашанцаваць. Першы раз нам пашанцавала, калі Малевіч стварыў УНОВИС (“Утвердители нового искусства” — група мастакоў, якая ўтварылася вакол Малевіча ў 1920 годзе), і ўся сусветная культурная грамадскасць звярнула ўвагу на Віцебск, наш горад зрабіўся цэнтрам сучаснага мастацтва Еўропы. Потым была эра сацрэалізму — ужо без Малевіча і без супрэматычных маніфестаў. Цяпер у нас ёсць яшчэ адна шчаслівая магчымасць, і калі прашляпім, трэцяй можа не быць. І даследчыкі, і траюрадны пляменнік Казіміра Малевіча, Ігар Малевіч, сведчаць, што мастак нарадзіўся не ў Кіеве, а ў Капылі, на Беларусі. Ён усё свае дзённікі пісаў па-беларуску. Малевіч наш — і па крыві, і па духу. І ніхто, на маю думку, не можа прэтэндаваць на ролю нацыянальнага сімвала больш, чым гэты мастак. Пачуўшы імя Скарыны альбо Цяпінскага, амерыканцы паціснуць плячыма. А Малевіча ведаюць усе. Малевіч — надзея Беларусі”.
Вернісаж выставы рэпрадукцый Казіміра Малевіча пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа адбудзецца 6 чэрвеня. Кожная рэпрадукцыя будзе суправаджацца гісторыяй пра стварэнне карціны на рускай, беларускай і англійскай мовах. Акрамя апісання прац, на стэндах можна будзе пазнаёміцца з біяграфіяй мастака.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева