Гэтая песня, толькі нарадзіўшыся, абрасла парадоксамі, як дно карабля ракавінкамі. У ёй заклікаецца пусціць кроў манархам і іх слугам-дваранам, а аўтар быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі і меў перад прозвішчам цудоўнае дваранскае “дэ”. Яна сталася вялікай – а была створаная ў агульным бяздарным паэтам і музыкам, які нічога больш не стварыў (а пісаў ён усё жыццё). Яна сталася сусветна вядомай – а яе аўтар застаўся нікім. Яна заклікала да свабоды і стала гімнам свабоднага народа – і ўжо праз год-другі пасля напісання чалавек, якому яна была прысвечаная, меў магчымасць паслухаць яе ў выкананні натоўпу свабоднага народа, стоячы перад гільяцінай. Яна нарадзілася на поўначы краіны – і назаўсёды засталася ў гісторыі пад “паўднёвай” назвай. Так, сёння пагаворым пра Марсельезу.
Гістарычны фон
Такія песні, як “Марсельеза”, наўрад ці могуць нарадзіцца на пустым месцы. Слаба ўяўляецца сабе добры буржуа, які валюхаста праходзіць да стала, выпівае кілішак трыццацігадовага арманьяку, піша “Марсельезу” і кіруецца на біржу высвятляць каціроўкі на індыйскі перац. Вогненны гімн нарадзіўся ў вогненны час.
1792 год. Бастыліі ўжо няма, але Людовік XVI Бурбон яшчэ ёсць. Пад аховай. Бо год таму правалілася іх спроба збегчы за мяжу, падрыхтаваная здраднікам Франсуа Буе. Францыя пакуль не ваюе ні з адной з вялікіх дзяржаў. Але вайна на парозе. Вайна з Англіяй, Галандыяй, Аўстрыяй, Прусіяй, Расіяй, Партугаліяй. Не адкруцяцца ад вайны Сардынія, Іспанія, Каралеўства Абодвух Сіцылій – там на троне Бурбоны. Толькі Рэч Паспалітая, знясіленая падзеламі і інтэрвенцыяй, у баку ад працэсу. Францыя ў небяспецы! Радзіма ў небяспецы! І таму не трэба чакаць! Біць трэба першымі – і хай струхлелыя будынкі еўрапейскіх манархій адчуюць на сабе сталёвыя молаты санкюлотаў! Старая армія ў руінах? Нястрашна, мы пабудуем сваю! Заканадаўчы сход не спіць начамі – збівае салдат у палкі і брыгады, правярае лаяльнасць афіцэраў, дастае з ніадкуль зброю. Ужо працуе на ваеннай ніве сябра Французскай акадэміі Лазар Карно, будучы “Арганізатар Перамогі”. Яго намаганнямі быццам дэзарганізаваная трыма гадамі рэвалюцыі краіна хутка выставіць чатырнаццаць армій – хто ў Еўропе мог тады марыць пра такую моц? І маці-Францыя выплюхне незлічоныя калоны сваіх сыноў на тых, хто асмеліўся паверыць, нібыта Рэвалюцыю можна спыніць. Біць трэба першымі – як казаў найлепшы палкаводзец старога рэжыму Сувораў, “хто здзівіў, той перамог!”. І мы іх здзівім. Няма грошай, абутку, пораху, ежы, бінтоў, гармат, віна, свінцу? Усё гэта ёсць побач, толькі перайсці мяжу варожых дзяржаў – а ворагі цяпер усе! І ўжо абраны падпалкоўнікам у Нацыянальную гвардыю карсіканец са смешным акцэнтам, нехта Напалеон Буанапартэ, які ў будучыні сфармулюе просты і практычны прынцып “Вайна павінная сама сябе карміць”. Так, ворагі таксама рыхтуюцца… Ужо 42 000 прусакаў рухаюцца на Кабленц, ужо 60 тысяч аўстрыякаў стаяць у Нідэрландах, а яшчэ 30 тысяч – на Рэйне. Ужо пятнаццаць тысяч здраднікаў-эмігрантіаў рыхтуюцца ўвайсці ў Парыж у хвасце інтэрвенцыі і задушыць Рэвалюцыю чужымі рукамі. Але ворагі марудзяць, і вядзе іх герцаг Браўншвейгскі – а гэты рэлікт ваяваў апошні раз 30 гадоў таму. Біць трэба першымі!
20 красавіка 1792 года нарыў прарваўся – рэвалюцыйная Францыя аб’явіла вайну Леапольду Другому, імператару Аўстрыі. Пачалося.
Амаль паэт, амаль музыка, амаль дваранін
Час бліжэй прыгледзецца да чалавека, якому выпала шчасце (ці няшчасце) стварыць шэдэўр. Сёння яго ведаюць усе, хто цікавіцца музыкай. Вітайце, Ружэ дэ Ліль, капітан сапёрных войскаў французскай арміі, 1760 года нараджэння. Дык адкуль ён узяўся?
Па-першае, Ружэ дэ Ліль – гэта не імя і прозвішча. Пры нараджэнні хлопчыка назвалі Клод-Жазэф Ружэ, і ніякіх “дэ” і ніякіх Ліляў не назіралася. Але бацька, адвакат і недваранін, жадаў, каб сын зрабіў паспяховую кар’еру афіцэра каралеўскай арміі. І бацька добра ведаў, што аніякай кар’еры сын не зробіць, калі не будзе хоць якім дваранінам. У выніку адвакат прыдбаў правы на невялікі, неўрадлівы і нікому не патрэбны кавалак зямлі пад назвай L’isle. І сын стаў Клодам-Жазэфам Руже дэ Л’ілем (пакуль яшчэ не Лілем).
Скончыўшы ваенна-інжынерную акадэмію, афіцэрскую лямку юнак цягнуў у крэпасці Мон-Дафен спраўна, даслужыўся да лейтэнанта. Цягнуўся ж не да Марса, а да Эўтэрпы і Палігімніі – разабраўшыся з сапёрнымі і фартыфікацыйнымі работамі, афіцэр браўся за скрыпку, пісаў байкі, рамансы, элегіі, эклогі, лібрэта для опер. Працаздольнасці маладога чалавека можна толькі пазайздросціць, а вось таленту і поспеху – наўрад ці. Нечалавечымі высілкамі дэ Ліль (на той час ужо грымнула рэвалюцыя, ён перабраўся з крэпасці ў Парыж і пазбавіўся класава няблізкага апострафа ў прозвішчы) здолеў прасунуць два свае лібрэта ў тэатры. Публіка жадала слухаць таленавітых, а не працаздольных паэтаў і кампазітараў, і поспеху Ружэ не меў ніякага. Круціўся ў Парыжы, пісаў вершы і музыку, спрабаваў стаць вядомым зноў, зноў і зноў. Але лёс меў на яго свае планы. У 1791 годзе ўлады зацікавіліся, чаму адукаваны афіцэр-інжынер, замест таго каб ратаваць Айчыну, займаецца свабоднымі мастацтвамі ў сталіцы. Атрымаўшы чын капітана, дэ Ліль накіраваўся ў Страсбург, што ў Эльзасе, на самай мяжы.
Страсбург на той час быў не нейкай глухменню – некаторыя гісторыкі мастацтваў называюць горад першым у музычнай прасторы пасля Парыжа. Таму малады капітан не сумаваў “у правінцыі”. Сябраваў з мэрам горада, баронам Фрэдэрыкам Дытрыхам. Апошні быў чалавек прагрэсіўных поглядаў, ліберал, але далёка не прыхільнік санкюлотаў і ўсеагульнай роўнасці – барон любіў пажыць на шырокую нагу, захапляўся музыкай і мастацтвам увогуле і не жадаў кардынальных змен – яму, ды і Лілю, з галавой хапіла б канстытуцыйнай манархіі. Па просьбе мэра дэ Ліль піша свой першы гімн – “Гімн Волі”, які выконваюць для жыхароў Страсбурга 25 верасня 1791 года. Поспех у гімна… ну, вы разумееце, ніякі.
Вайна прыходзіць у Страсбург
25 красавіка 1792 года кур’еры прынеслі ў Страсбург навіну, якой чакалі доўга. Вайна з Аўстрыяй, Рэйнскай арміі – ў паход! Энтузіязм – абсалютны, салдаты гатовыя памерці за Радзіму, чыноўнікі не супраць, каб салдаты памерлі за Радзіму, а яны пакуль будуць прыносіць карысць у тыле. 25 красавіка – тэрміновая святочная маніфестацыя. Паўсюль французскія трыкалоры, паўсюль пракламацыі “Таварыства сяброў Канстытуцыі”. Лозунгі, якія сучасным французам будуць вельмі знаёмыя – “Aux armes, citoyens!” (“Да зброі, грамадзяне!”), “Marchons, marchons!” (“У паход, у паход!”). Фармаваліся батальёны “дзяцей Айчыны” (“enfants de la Patrie”).
У рэвалюцыйных песнях недахопу не было. Была вясёлая “Карманьёла”, была “Ça ira”. Але Дытрых вырашыў вылучыцца асобнай песняй – такой, якая належала б толькі Рэйнскай арміі, з якой апошняя здабывала б свае будучыя перамогі. І Ліль атрымаў заказ – тэрмінова-тэрмінова напісаць рэвалюцыйны армейскі гімн. Як Ружэ яго пісаў, што пры гэтым адчуваў – мы не ведаем. Але аўстрыйскі навеліст Стэфан Цвэйг у “Геніі адной ночы”, апісаў яго стан – такім, якім ён мог бы быць.
“Незвычайна ўсхваляваны і Ружэ, які дабраўся нарэшце па вінтавой лесвіцы да сціплага свайго пакойчыка ў доме 126 на Гранд Ру. Ён не забыўся пра абяцанне хутчэй скласці для Рэйнскай арміі паходны марш. Ён неспакойна валачэцца з кута ў кут па цесным пакоі. Як пачаць? Як пачаць? У вушах яго ўсё яшчэ гучыць хаатычная сумесь палымяных зваротаў, прамоваў, тостаў. “Да зброі, грамадзяне!.. Наперад, сыны свабоды!.. Раздавім чорную сілу тыраніі!..” Але ўспамінаюцца яму і іншыя падслуханыя міжволі словы: галасы жанчын, што дрыжаць за жыццё сыноў, галасы сялян, тых, хто баіцца, што палі іхныя будуць растаптаны варожымі полчышчамі і палітыя крывёю. Ён бярэ пяро і амаль несвядома запісвае першыя два радкі…
І раптам усё прыходзіць у гармонію: усе спароджаныя гэтым днём пачуцці, усе чутыя на вуліцы і бяседзе словы, нянавісць да тыранаў, трывога за радзіму, вера ў перамогу, любоў да свабоды. Яму нават не прыходзіцца складаць, прыдумляць, ён толькі рыфмуе, надае ў рытм мелодыі словы, якія ў гэты дзень, пераходзілі з вуснаў у вусны, і ён выказаў, праспяваў, распавёў у сваёй песні ўсё, што адчуў у той дзень увесь французскі народ. Не трэба яму складаць і мелодыю, скрозь зачыненыя аканіцы ў пакой пранікае рытм вуліцы, рытм гэтай трывожнай ночы, гнеўны і задзірлівы; яго адбіваюць крокі маршу салдат, грукат гарматных лафетаў. Быць можа, і чуе яго не сам ён, Ружэ, чуйным сваім слыхам, а дух часу, які на адну толькі ноч усяліўся ў тленную абалонку чалавека, ловіць гэты рытм. Усё пакорліва падпарадкоўваецца мелодыі… Нібы пад чыюсьці дыктоўку, хутчэй і хутчэй запісвае Ружэ словы і ноты – ён ахоплены бурным парывам, якога дагэтуль не ведала яго дробная мяшчанская душа. Уся экзальтацыя, усё натхненне, не ўласцівыя яму, не… магутным выбухам узнеслі бездапаможнага дылетанта на каласальную вышыню над яго сціплым талентам, нібы яркую зіхоткую ракету шпурнулі да самых зорак. На адну толькі ноч наканавана капітану Ружэ дэ Лілю стаць братам бессмяротных”.
За адну ноч няўдаха-паэт, няўдаха-кампазітар, афіцэр рэвалюцыйнай арміі Ружэ дэ Ліль стварыў твор, які стаў справай яго жыцця, яго бяссмерцем і яго праклёнам.
Песня жыве сваім жыццём
Раніцай “Баявая песня Рэйнскай арміі” гатовая. Песня прысвечаная шэфу афіцэра – генералу Люкнеру. Аранжыроўку робіць жонка згаданага мэра Страсбурга Дытрыха, Луіза Дытрых. У лісце да брата ад траўня 1792 года яна піша, што “…сапёрны капітан Ружэ дэ Ліль, вельмі мілы паэт і кампазітар, хутка зрабіў музыку ваеннай песні. Гэта палепшаны Глюк, больш жывы і бойкі…” Тэрмінова раздрукоўваюць лісткі са словамі і нотамі “палепшанага Глюка”. І песня пачынае жыць уласным жыццём. З Эльзасам, Страсбургам, Дытрыхам і Рэйнскай арміяй яе ніхто ніколі не будзе асацыяваць.
Як гімн трапіў у Марсэль, застаецца толькі гадаць. Ці то колькі афіцэраў перавялі з Эльзаса на паўднёвыя межы, у Марсэль, ці то, як піша даследчык Сяргей Дыбаў, пачкі з ужо раздрукаваным гімнам некаторыя грамадзяне непатрыятычна выкінулі ў смецце, а там іх падабралі марсэльскія гандляры садавіной і “прадалі як найноўшы сталічны рэвалюцыйны гімн”. Магчыма, абодва варыянты існавалі побач – лісток з тэкстам і нотамі мог прынесці марсэльскім салдатам афіцэр ці адзін з слухачоў, якія ў той першы дзень слухалі гімн. Але песня прыйшла ў Марсэль. А адтуль, з Марсэльскім добраахвотніцкім батальёнам, тымі самымі enfants de la Patrie, – у Парыж. Марсэльцы спявалі яе безупынна, і Парыж падхапіў. Літаральна ўвесь. “Баявая песня Рэйнскай арміі” была забытая ўмомант – хутчэй за ўсё, пра яе і не ўспаміналі. Спачатку – “Marche des Marseillоise” – “Марш марсэльцаў”. Потым “Chanson des Marseillоise” – “Песня марсэльцаў”. І – «La Marseillaise». Марсэльеза. Песня, ад якой уздрыгвала поле бітвы. На другі план адыходзяць “Карманьёла” і “Ça ira”.
Зразумела, першымі Марсэльезу пачалі спяваць салдаты, ідучы на фронт. Гэта быў час выпрабаванняў: хто пераможа, шматлікія пасіянарныя французы ці дысцыплінаваныя, прусакі, што рухаліся як аўтаматы і жылі па прынцыпу “Салдат павінен баяцца палкі капрала больш, чым кулі ворага”? Прусакі перамагчы не здолелі. Была бітва пры Жэмапе, была кананада пры Вальмі, і рэвалюцыйныя войскі вытрымалі. А потым навучыліся ваяваць і змялі ворага з Марсельезай на вуснах. І зноў слова Цвэйгу.
“Ні адна ўрачыстасць не заканчваецца без Марсельезы, ні адна бітва не пачынаецца, перш чым палкавы аркестр не прайграе гэты марш свабоды. У бітвах пры Жемапе і Нэрвіндэне пад яго гукі будуюцца для атакі французскія войскі, і варожыя генералы, якія падбадзёрваюць сваіх салдат, па старым рэцэпце, двайной порцыяй гарэлкі, з жахам бачаць, што ім няма чаго супрацьпаставіць разбуральнай сіле гэтай “страшнай” песні, якая, калі яе хорам спяваюць тысячы галасоў, буянай і гулкай хваляй б’е па шэрагах іх салдат. Усюды, дзе ваюе Францыя, лунае Марсельеза, як крылатая Ніка, багіня перамогі, клічучы на смяротны бой незлічонае мноства людзей”.
Вось і ўсё. А што ж Ружэ дэ Ліль? А ён за ўсю гісторыю існавання Марсельезы не стварыў нічога лепшага ці нават проста таленавітага. Ён стаў нікому не патрэбным і як аўтар Марсельезы – французскі народ быццам сваёй воляй адабраў у Ліля аўтарскія правы і ніколі іх не вярнуў. Да песні дапісваліся куплеты, яе аранжыравалі кампазітары, яе забаранялі і зноў падымалі на шчыт – і ўсё гэта без Ружэ дэ Ліля. Сумным быў лёс і іншых людзей, якія мелі дачыненне да аўтарства вялікай песні. Генерал Люкнер, якому прысвячалася “Баявая песня Рэйнскай арміі”, скончыў жыццё на гільяціне, пад гукі Марсельезы. Сям’я мэра Дытрыха апынулася на гільяціне – відавочна, без Марсельезы таксама не абышлося. Сам Ліль пасля смяротнага пакарання караля расчараваўся ў Рэвалюцыі і апынуўся ў турме. Яго лёс быў бы абсалютнай копіяй лёсаў Люкнера і Дытрыха, але выратаваў тэрмідарыянскі пераварот 1794 года. Рэвалюцыйны тэрор скончыўся, Ліль апынуўся на волі – і пачаў са сваёй звычайнай энергіяй прабіваць шлях да славы – шлях да агульнафранцузскага прызнання яго як аўтара Марсельезы. І, як і раней, поспеху не дабіўся. Кіраўніцтва краіны не проста не жадала ўзвышаць капітана – яно імкнулася пазбавіцца занадта рэвалюцыйнай песні, якая нараджала небяспечныя асацыяцыі з тэрорам. Кропку паставіў Напалеон, які пасля прыходу да ўлады забараніў Марсельезу. Ліль скончыў дарэмныя спробы і з’ехаў у правінцыю займацца вінаробствам. Спробы паэта спадабацца Бурбонам пасля звяржэння Напалеона былі дарэмныя – бяздарны аўтар антыманархічнай песні быў крышачку не тым тыпажом, які можа спадабацца манарху. Нейкае паляпшэнне прыйшло толькі з Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 года, калі кароль Луі-Філіп нарэшце адзначыў састарэлага няўдаху і даў яму пенсію. Але што такое пенсія і што такое пажыццёвая беспаспяховая пагоня за прызнаннем… У 1836 годзе Клод-Жазэф Ружэ дэ Ліль памёр. Першы і адзіны помнік яму ў Францыі быў усталяваны ў Лон-дэ-Санье праз 160 гадоў, у 1996.
А Марсельеза жыве. Неаднойчы забароненая, яна канчаткова стала гімнам толькі ў часы Чацвёртай, а потым Пятай рэспублікі (з 1946 года).
І наастатак. У дні звяржэння Мікалая Другога і падзення Расійскай імперыі, 2 сакавіка 1917 года, дзяржаўным гімнам Расійскай Рэспублікі (так называлася дзяржава пры Часовым урадзе) была абвешчаная “Працоўная Марсельеза” (“Отречёмся от старого мира”). І заставалася ім да 4 красавіка 1917 года, калі была замененая “Інтэрнацыяналам”. Такім чынам, можна лічыць, што нейкі час Марсельеза была і нашым гімнам – незалежнасць Беларусь атрымала пазней…
Дзяніс Буркоўскі