Вынаходнікі новага фармату выдання песень у фармаце АР і стылю filltone з нагоды выхаду свайго першага поўнафарматнага альбому расказалі, у чым быў сэнс каляровай эпапеі з выданнем сінглаў, чаму яны прадаюць дыскі і не здымаюць кліпаў і чаму лічаць сябе “музычнымі Джобсамі”. На просьбу музыкаў, развагі ідуць выключна ад імя іх галоўнага героя, што называе сябе Martin S.
Дыскі – на сувеніры!
Я думаю, што няма сакрэту ў тым, што інтэрнэт зрабіўся асноўнай крыніцай усяго на свеце, у тым ліку і музыкі. Канечне, паўстае пытанне – навошта выкладаць у сеціва альбом і тым самым зніжаць попыт на рэальныя дыскі. Але так сталася, што кружэлкі зрабіліся проста сувенірнай прадукцыяй. Я не ведаю таго, хто пойдзе набываць у дыскарню альбом невядомай банды, каб пазнаёміцца з яе творчасцю. Ідуць толькі па канкрэтны альбом канкрэтна вядомага выканаўцы. Таму мы вырашылі трымацца такой схемы: спампаваў у mp3, паслухаў і калі спадабалася, то пайшоў і набыў запіс у высокай якасці на фізічным носьбіце, каб слухаць музыку ўжо не ў пераціснутым фармаце. Альбо можна набыць на памяць пасля канцэрту, калі спадабалася, як граюць музыкі. Народ галасуе рублём – вельмі слушнае сцверджанне.
Самотнік-трыкалор
Наш дэбютны альбом мы пачалі выдаваць па частках. У гэтым палягала сутнасць нашага экспрыменту. Маю надзею, што ён прыйшоўся слухачам даспадобы. Калі мы працавалі над альбомам, то песні выходзілі стылістычна разнастайнымі. І мы не ведалі, што з гэтым рабіць. Тады наш бубнач прапанаваў выпусціць матэрыял па частках, каб кожная з іх адпавядала б настрою абраных кампазіцый. Назваць мы гэта вырашылі АР – Album Part. Кожную частку пазначылі пэўным колерам. Такім чынам, маем Red AP , Blue AP і Green AP. У кожнай з частак – па тры песні, адпаведна ў поўнафарматнік трапіў акурат тузін трэкаў. Мы вырашылі не вынаходзіць ровар і сам альбом назваць проста Martin S.
Наш гурт існуе з сакавіка 2012 года. Адразу тады мы і пачалі працу над першымі песнямі і перапрацоўкай пераходнага матэрыялу, што застаўся нам у спадчыну ад ранейшага гурта moZart. Працу ж у студыі пачалі ў жніўні. Выходзіць, што на запіс альбому ў нас пайшло тры з паловай месяцы. Пісаліся часткова на Mapletree, а большасць матэрыялу зрабілася на студыі Nerves of steel. За звядзенне і майстарынг дзякуем Сяргею Кудзелічу.
Усё гэта filltone
Яшчэ толькі прэзентуючы гурт на канцэрце ў сакавіку, мы ясна сабе ўсведамлялі, што будуць паўставаць пытанні наконт стылістыкі гурта. Сказаць, што мы граем поп-рок, ці індзі, ці там пост-рок, – гэта падмануць слухача, які яшчэ з намі не знаёмы. Ды ўвогуле вызначаць самім свой кірунак – справа неўдзячная. Назавешся рокерам – засмяюць і скажуць, што занадта лёгкі, назавешся папсавіком – ізноў засмяюць, скажуць – ты, металюга, не будзь ласы на чужыя каўбасы. Мы самі для сябе, для адчэпкі, назвалі свой стыль – filltone. А што ўжо скажуць крытыкі – гэта іх справа. Вось не так даўно мы выступалі ў Брэсце, і там нехта сказаў, што “Martin S. – гэта балансаванне на мяжы поп-року і розных альтэрнатыўных кірункаў”. Можа, так яно і ёсць.
Video not found
Кліп здымаць пакуль не плануем. Гэта каштуе вялікіх грошай, а ці мае сэнс? Мо лепей адкласці гэтыя грошы на наступны альбом? А вось жывая прэзентацыя адбудзецца. Таму запрашаем усіх 6 снежня ў клуб Re:public, дзе пройдзе наш вялікі сольны канцэрт
з удзелам экперыментальнага тэатру “Галава-нага” і электроннага праекта Iver. Мы хочам зрабіць так, каб музыка нашая ўспрымалася не толькі на слых, але і візуальна. Таму настойліва раім прыйсці на гэты канцэрт усім і ўнесці апошні штрых у сваё ўяўленне пра наш гурт і нашую музыку. Пры гэтым зусім не важна, спадабаўся вам альбом ці не, без гэтага штрыха, мне падаецца, нельга будзе сказаць, што ты чуў Martin S. Уваход будзе вольным, дарэчы.
А хто там ідзе?
У нас вельмі амбітныя, але абстрактныя мэты. Кажуць, у часы, як толькі пачыналі “бітлы”, адзін з іх музыкаў у сумныя і напружныя моманты рэпетыцый забіраўся на крэсла ды крычаў: “Куды мы ідзем?”, а яму ў адказ: “На самы верх!”. Не думаю, што ў той момант яны дакладна ўяўлялі, куды ж яны прыйдуць. Тут галоўнае вера ў свае сілы. Мы таксама кожную рэпетыцыю задаем сабе гэтае пытанне – і адказ у нас заўсёды адзін і той жа.
Пры гэтым мы цвяроза глядзім на свет. У нас няма наіўных юнацкіх спадзеваў на тое, што заўтра-паслязаўтра мы станемся супервядомымі. Няма ў нас чакання таго, што пасля паспяховай прэзентацыі мы будзем сядзець у грымёрцы з півам ў атачэнні шлёндраў. Між тым, так думае шмат хто з пачаткоўцаў. Часам чытаеш пра такія групы ў сеціве ці бачыш іх на якім драбнюсенькім канцэрце. І яны злуюцца, што акром знаёмцаў ніхто на іх не прыйшоў. І шлях у такіх гуртоў адзін – у бездань.
Гэта нармальна, калі на пачатку толькі сябры ходзяць на твае канцэрты. Але калі толькі твае 20 сяброў крычаць, што вы мегакрутыя, то ад гэтага робіцца брыдка. Выйсце толькі ў працы. І мы працуем. І думаем пры гэтым, як спадабацца слухачу. Як перадаць свае эмоцыі? Ці будуць людзі танчыць пад “Мы зробім усё”? А ці кране іх душу “Стомлены”? А ці будуць гайдацца ў такт пад “Маю надзею”? І калі знаходзім адказы на гэтыя пытанні, то працягваем працаваць. Мы ўвесь час думаем пра слухача, бо тое, што мы робім, мы робім для яго. Мы, так бы мовіць, музычныя Джобсы. Таму мы разумеем, што гэты дэбютны альбом – гэта не “ваў-ваў-ваў чаго мы дасягнулі”, а толькі першая прыступка наверх. Мы хочам вучыцца на сваіх памылках, атрымліваць досвед ды ісці далей. Мне здаецца, што слухач адчувае тое, як мы стараемся дзеля яго, бачыць, як мы выкладаемся на 200% на сцэне.
У дупу перадузятасць
Мы маем сур’ёзны разлік на ратацыі на радыё. У гэтым нас падмацавала тое, што наш дэбютны сінгл “Мала месца” шэраг станцый ужо ўзяў ў эфір. Мы другі раз бярэм удзел у адборы на “Еўрабачанне”. І для нас гэты досвед неабходны. Прыемна назіраць за тым, што некаторыя гурты пераадольваюць перадузятае стаўленне да гэтага мерапрыемства. Летась з “нетусоўкі” мы там былі хіба адзіныя, а цяперака да нас далучыліся N.R.M. і J-J Bingz. І што – гэтыя гурты нейкімі не такімі сталі, як паўдзельнічалі ў конкурсе? Канечне, там не ўсё так проста, але ў дупу перадузятасць! Трэба атрымліваць досвед адусюль, адкуль толькі можна, каб даваць вартасны прадукт, каб слухач хадзіў на канцэрты нашых гуртоў, а не толькі на замежнікаў. Каб усе яшчэ раз пераканаліся ў тым, што нашая музыка – гэта тое, што доктар прапісаў. Харэ стагнаць і ныць, што ўсё дрэнна і няма ніякага прасвету, вой-вой-вой. Паглядзіце наўкол, ёсць вартыя прыклады. Akute разагравае Placebo, “Дай дарогу!” збірае поўныя залі, The Toobes cкарае замежжа, і гэты спіс можна доўжыць. Можаце пабачыць і на прыкладзе нашай каманды, што можна вырабляць у гэтых рэаліях, калі захацець. Скажу напрыканцы яшчэ адно: мы ў музыцы надоўга, калі не назаўжды. Падабаецца гэта камусьці ці не.
Дэбютны альбом гурта выдае кампанія “Вігма”.
Спампаваць у mp3 можна на афіцыйным сайце гурта
Сяргей Будкін