Сённяшні герой відэа з серыі “Культура паляпшае жыццё” – вядомы аніматар Юлія Рудзіцкая. Юля прысвяціла сваё жыццё няпростаму жанру мастацтва і сёння расказвае пра перамогі і цяжкасці падчас яскравай рэжысёрскай працы – анімацыі “Будзьма беларусамі!”. Услед за Віталём Гурковым рэжысёрка дзеліцца роздумам пра важнасць культуры і тыя натхненне і веды, якія немагчыма атрымаць з якіх-кольвек іншых крыніцаў. Гэтыя думкі падтрымліваюць і знакавыя людзі з розных сфераў, інтэрв’ю з якімі пачалі з’яўляцца на нашым сайце штосераду. Сачыце за абнаўленнямі!
“Гэта не першае відэа, звязанае з беларускай культурай. Але што ўразіла сапраўды – колькі незнаёмых людзей паглядзелі фільм на Ютуб і потым падзякавалі за натхненне”, – шчыра дзеліцца патаемным аўтарка гістарычнага відэа.
Нагадаем, анімацыя “Будзьма беларусамі!” – 1000-гадовая гісторыя Беларусі за 5 хвілін – была прадстаўлена шырокай аўдыторыі ў 2011 годзе і мела шырокі рэзананс у беларускім грамадстве. Мэта фільма – зрабіць нашу гісторыю папулярнай і моднай ды пазбавіцца ад фармалізму яе акадэмічнага выкладання. Над мультфільмам працавала творчая група ў складзе Юліі Ляшкевіч (аўтар ідэі), Юліі Рудзіцкай, Аляксандра Памідорава, Лявона Вольскага і каманды кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Культура Паляпшае Жыццё!