З’ехаўшы калісьці з вёскі, яна марыць вярнуцца туды зноў. Выгоды гарадскога жыцця яна гатовая прамяняць на водар палявых кветак і цішыню сельскай мясцовасці. Яна таксама лічыць, што жыццё ў вясковым доме прымусіць многіх задумацца аб чысціні ў гарадскіх пад’ездах і пра гісторыю нашай краіны ў цэлым. Пра вяртанне да сябе ў новай серыі праекта «Захапленні» нам расказвае Марына Дашук, тэатральны прадзюсар, дырэктар «KorniagTHEATRE».
— Калі я ўспамінаю пра гэты хутар, часам задумваюся: «А навошта я яго купіла? Стаіць ён там сабе самотны, закінуты». Але калі прыязджаю сюды, як цяпер, разумею, які гэта прыгожы набытак. І я ведаю, я адчуваю, што калі-небудзь тут пасялюся.
Мару зрабіць у доме рамонт, калі з’явяцца час і грошы. Я ўжо нават параілася са сваімі сябрамі-дызайнерамі, і яны мне падкінулі вельмі цікавыя ідэі інтэр’еру менавіта ў фальклорным стылі, каб захаваць спрадвечнасць вясковай хаткі. І прысядзібны двор хачу, каб быў у траве і палявых кветках, сярод якіх губляліся б вытаптаныя сцяжынкі.
У маіх планах уладкаваць такое ўтульнае месца, дзе летам можна будзе арганізоўваць выязныя тэатральныя школы, майстар-класы, майстэрні… Мне здаецца, гэты хутар ідэальны для правядзення такіх мерапрыемстваў. Вакол цішыня, спакой, адсутнасць натоўпу, прырода. Я бывала ў такіх месцах у Польшчы і заразілася ідэяй правядзення такіх мерапрыемстваў на прыродзе. Студэнты, акцёры, пісьменнікі прыязджаюць на хутары і працуюць у спакойнай абстаноўцы, хай і з мінімальным наборам бытавых выгод.
Адсутнасць гарачай вады і каналізацыі мяне, напрыклад, не палохае — я сама вырасла ў вёсцы, у бабуліным доме, падобным да гэтага, і гарадской жыхаркай лічуся апошнія 15 гадоў. Для мяне натуральныя і прыбіральня на вуліцы, і неабходнасць грэць ваду, каб памыцца. Прыемней, вядома ж, у вёсцы ўсе выгоды цывілізацыі мець пад рукой, як у гарадской кватэры, але з іншага боку, іх адсутнасць кампенсуецца прыродай і чыстым паветрам, спакоем і павольнасцю сельскай мясцовасці.
Я ні ў якім разе не супраць гарадскога жыцця. Горад дае чалавеку вельмі шмат: прафесію, камфорт, працу, але наўзамен ён забірае масу сіл, душэўную раўнавагу і час. Мая мара — жыць у сваім уласным доме, а не кватэры. Я разумею, што не ўсе падзяляюць маё меркаванне, некаторыя не любяць сельскае жыццё і з цяжкасцю пакідаюць гарадскія межы. Кожнаму сваё. Але жывучы ў горадзе, я зразумела: калі ты маеш свой дом і двор, то зусім па-іншаму ставішся да таго, што акружае цябе не толькі ўнутры твайго жылля.
Хочацца навесці парадак, стварыць прыгажосць за парогам хаты. Мне вельмі не хапае чысціні і кветак у пад’ездах, я не разумею, чаму людзям абсалютна абыякава, што робіцца ў іх на лесвічнай клетцы, і чаму ліфт брудны. Шмат разоў задавала сабе пытанне, чаму нам усё роўна, што дзеецца ў нашых пад’ездах і дварах?» Адказ я знаходжу толькі адзін — калі большасць будзе хоць зрэдку жыць у доме, асобна ад іншых людзей, тады чалавек будзе больш паважліва ставіцца да ўсяго, што акружае яго. Тады, выходзячы на двор, не кіне паперку, прыбярэ вакол дома за іншымі, а ў пад’ездзе паставіць кветкі.
Калі я жыла ў вёсцы, то вельмі марыла вырвацца з сельскай мясцовасці і ўладкавацца ў горадзе. А цяпер мяне цягне назад, у атмасферу, у якой прайшло маё дзяцінства і юнацтва, калі я была звычайнай сельскай дзяўчынкай. І мяне не палохае, што свой дом прынясе шмат клопатаў па гаспадарцы.
Маё сельскае жыццё было напоўненае клопатамі, каб дапамагчы бацькам: трэба было прыбраць у хаце і ў двары, паліць і прапалоць агарод, пакарміць курэй і карову. А так хацелася прыйсці са школы, заваліцца на канапу і глядзець тэлевізар ці проста граць на піяніна. Але я не магла дазволіць сабе такую раскошу, жывучы ў вёсцы. І пераехаўшы ў горад, нейкі час проста атрымлівала асалоду ад гарадскога жыцця і свабоды ад фізічнай працы.
Гісторыя майго вяртання да сельскіх вытокаў пачалася з таго, што многія мае знаёмыя купілі дамы па суседстве. Да таго часу і думкі не ўзнікала пра такі набытак. Прапанова аб продажы хутара, рашэнне аб куплі і сама ўгода занялі два дні. Вырашальную ролю ў ланцужку дзеянняў сыграла нікчэмна нізкая цана на дом. І з таго моманту я ні разу не пашкадавала пра паспешную куплю.
Душа гэтага дома, старыя рэчы, якія яго запаўняюць, лес побач — гэта тыя складнікі, ад якіх пасяляецца гармонія ў думках і галава пачынае працаваць у патрэбным кірунку. І мне абсалютна не важна, што тут не жылі мае продкі. Я адчуваю ўсімі фібрамі душы — гэта ўсё маё.
Ёсць людзі, якія баяцца энергіі старых месцаў і чужых рэчаў, але гэтыя страхі не пра мяне. Наадварот, я адчула велізарнае жаданне сабраць і прывесці ў парадак нейкія прадметы побыту, што засталіся на хутары, адрадзіць часцінку жыцця папярэдніх уладальнікаў.
Я не магу растлумачыць свой стан, але мне вельмі камфортна ў гэтым доме, нават сярод бардаку, разрухі і неўладкаванасці. Тут атмасфера цяпла і выгоды, а менавіта такую атмасферу і хацеў стварыць апошні ўладальнік маіх харомаў. Звалі яго Валодзя Кісель — гэта быў дзіўны і вельмі пазітыўны чалавек. На жаль, з гаспадаром дома пагутарыць і даведацца гісторыю яго сям’і і хутар практычна не ўдалося. Мы бачыліся толькі пару разоў. Ён раптоўна памёр. Але я трохі ў курсе яго гісторыі і жыццёвых перыпетый.
Валодзя вярнуўся ў гэтыя месцы, каб адрадзіць вотчыну сваіх продкаў, пасяліць у гэтых месцах добрых людзей, як ён казаў. У сябе ў хаце ён зладзіў музей, куды збіраў і звазіў старыя рэчы з усіх найбліжэйшых закінутых дамоў, уздымаў архівы ў Мінску з мэтай даведацца як мага больш аб сваіх каранях, нейкім неверагодным спосабам вяртаў дакументы на дамы, што калісьці належалі яго сям’і. Гэтыя хутары так і называюцца — «Кісялі».
Хочацца хоць неяк працягнуць пачатую ім справу. Вельмі спадзяюся, што мне дапамогуць лісты і старыя паштоўкі, знойдзеныя на гарышчы цяпер ужо майго дома. Дзякуючы ім прыадчыніцца гісторыя і характары людзей, якія жылі на гэтым хутары. Цікава ведаць, чым яны жылі, як любілі, пра што марылі. Цяпер гэта і мая гісторыя, і мая спадчына.
Ганна Трубачова, Алёна Корзун
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»