— Даволі часта чую такое пытанне: “Чаму па-беларуску?” Я адказваю заўсёды аднолькава: я нарадзілася ў Беларусі, жыву ў Беларусі, я беларуска, хіба гэтага мала? Усё лагічна. Канечне, я разумею, што тае логікі замала для іншых, але мне хапае. Чаму гэтага пытання не чуе якая-небудзь полька ці немка? А мяне яно пераследуе.
Сваё знаёмства са светам я пачала ў Бабруйску. Можа, хто і не пагодзіцца, але я лічу гэты горад ледзь не самым небеларускім. Мову там пачуць немагчыма. На сённяшні дзень у Бабруйску няма не тое што беларускай школы, няма нават беларускіх класаў! Не было іх і за часамі майго пачатковага навучання. Помню, як у дзіцячым садку праводзіліся так званыя заняткі беларускай мовы: выхавальніца пыталася ў нас, чатырох-пяцігадовых дзяцей, як будзе па-беларуску “яблоко”, “дерево”, “конфета” і інш. Самае непрыемнае, што акрамя мяне ніхто адказу не ведаў. Ужо тады, у дашкольным веку, я пакутавала ад пытання “чаму так?”
Беларускай я не стала, я ёй нарадзілася. Мне пашчасціла мець сям’ю з высокай ступенню самасвядомасці. Бацька, хаця і гаворыць усё жыццё па-расійску, заўсёды ўжывае беларускія трапныя слоўцы, прыказкі ды прымаўкі. Дзякуючы маці першымі пачутымі літаратурнымі творамі былі беларускія казкі. Да таго ж, вялікім прыкладам была мая беларускамоўная цётка з Мінску, якая прывучыла ўсіх зваць мяне Марыляй, а не Машай. Канечне, сваю справу зрабіла зацікаўленасць гісторыяй, народнай музыкай і танцамі, беларускай літаратурай. Без “Мроі”, “NRM”, “Крамы” ды іншых музычных гуртоў таксама не абышлося. Не магу не ўзгадаць пра бабруйскі касцёл, дзе ўпершыню пачула беларускую гаворку для шырокай аўдыторыі.
Балазе, нас, Беларусаў, можа, хаця і не ўсе дзесяць мільёнаў, але ж нямала і штогод робіцца ўсё больш. Ды я ўпэўненая, што мы дачакаемся таго блаславёнага часу, калі дзеткі ў садках і школах будуць замест Маш, Насть, Дим і Паш Марылямі, Настамі, Змітрамі і Паўлюкамі.
***
Марыя Кушнір, харэограф фальклорнага гуртка.