Ці зацікаўленыя новыя беларускія СМІ ў развіцці сучаснага мастацтва? І як увогуле кантактуюць паміж сабой мастацтва і новыя мас-медыі? Гэтыя ды іншыя пытанні абмяркоўваліся ў межах дыскусіі «Сучаснае мастацтва і новыя мас-медыі ў Беларусі» з удзелам рэдактараў вядомых беларускіх парталаў. Карэспандэнт Budzma.org занатавала асноўныя тэзісы.
***
Вольга Мяльгуй, CityDog.by: Шчыра кажучы, спажыўцоў мастацтва ў нас не так шмат. Каб прасунуць тую ці іншую тэму, звязаную з сучасным мастацтвам, часта даводзіцца ісці на розныя “падкавыркі”. А гэта павінныя рабіць мастакі.
Сяргей Шабохін, ArtAktivist.com, мастак: А я, наадварот, лічу, што ў Беларусі вельмі часта ініцыятыва ідзе ад мастакоў. Гэта адрознівае нас ад іншых краін, дзе ёсць куратары, мэнэджары. Вось глядзіце: часопіс pARTisan засноўваў мастак Артур Клінаў, на ArtAktivist.com мастак Руслан Вашкевіч робіць серыю падзей, дыскусій.
Пра партызанскае мастацтва
Таццяна Арцімовіч, pARTisanmag.by: Неўзабаве мы збіраемся запусціць партал, і тады часопіс pARTisan стане медыйнай прасторай. Калі ён ствараўся ў 2002 годзе, была агучаная канцэпцыя і абраны фокус сучаснага мастацтва як спосабу супрацьстаяння афіцыйнаму дыскурсу, праўладнаму мастацтву. Цяпер рыхтуецца юбілейны нумар часопіса, якому спаўняецца 10 гадоў, і Валянцін Акудовчі у інтэрв’ю падняў пытанне пра тое, ці можа для pARTisan сучаснае мастацтва быць стратэгіяй. Мы ж бачым, што нават у Беларусі сучаснае мастацтва робіцца трошкі камерцыйным, масавым. А ў pARTisan заўсёды была свая стратэгія непадпарадкавання думкам масаў. Акудовіч падняў гэтае пытанне, і pARTisan цяпер будзе думаць, што ёсць партызанскім мастацтвам.
***
Таццяна Арцімовіч, pARTisanmag.by: Праект “На Захадзе ад Усходу ” (выстава, у межах якой мастакі з Бельгіі, Швецыі, Нарвегіі, Германіі і Беларусі прадставілі свой погляд на Еўропу. – Budzma.org) можна назваць партызанскім мастацтвам. Хаця б зыходзячы з рэакцыі грамадскасці. Згадайце праект “Радыус нуля”. На яго было шмат водгукаў, пазітыўных і негатыўных. Людзі абмяркоўвалі на розных узроўнях, быў рэзананс. Праект “На Захадзе ад Усходу” – вельмі сур’ёзная праца, але водгукаў на яго практычна няма. Нават тыя, хто звычайна сур’ёзна крытыкуе, прамаўчалі. Чаму? Мабыць, таму, што аўтары прапанавалі занадта складаныя код і мову, і людзі не маглі зразумець, як яны да гэтага ставяцца.
***
Сяргей Шабохін, ArtAktivist.com, мастак: 34mag.net і ArtAktivist.com задумалі сумесны праект. Гэта будзе дыск, прысвечаны маладому фронту беларускага мастацтва. Там будзе партфоліа 25 маладых мастакоў (ва ўзросце да 35 гадоў), чыя стратэгія – вельмі смелая і яркая. Выявілася, што 25 мастакоў набралася, хоць і кажуць, што маладога мастацтва ў нас няма.
Таццяна Арцімовіч, pARTisanmag.by: Медыі павінныя ствараць кантэкст вакол мастака. Супрацоўніцтва праектаў “Еўрапейскае кафэ” і 34mag.net з драматургам Паўлам Пражко –добры прыклад таго, як моуць спрацаваць медыі ў стварэнні міфу (у добрым сэнсе слова). 18 кастрычніка ў Цэнтры беларускай драматургіі была прэм’ера спектакля “Ураджай”. Мне сказалі, прыйшло столькі людзей, што не ўсе змясціліся ў зале. А яшчэ год таму Пражко ведала толькі вузкая група тэатралаў. Але дыскусіі, абмеркаванні ў мас-медыях стварылі энергетычнае поле вакол гэтага чалавека. Пражко робіцца культурным героем. Думаю, кожнага мастака з будучага дыска можна раскручваць такім жа чынам, ствараць вакол інфармацыйную прастору.
Пра аўдыторыю
Яся Каралевіч-Картэль, CityDog.by: Мы арыентуемся на спажывецкія якасці. Для нас важна, што нешта ў Мінску адбываецца і што заўтра будзе паказ, а паслязаўтра – тэатральная імпрэза. Але калі мы загадзя ведаем, што гэтая імпрэза будзе цікавая толькі дзесяці асобам, мы наўрад ці будзем пра гэта пісаць. Мы разлічваем, што прыйдзе хаця б чалавек сто. Але мы таксама разумеем, што калі пішам пра сучаснае мастацтва, навіну можа прачытаць тысяча, а прыйсці – толькі дзесяць.
Юрый Сідун, generation.by: А нам цікавыя якраз тыя выпадкі, калі на нейкую падзею гатовыя прыйсці толькі дзесяць чалавек. Мы бачым у гэтым нейкую несправядлівасць, ненатуральнасць. І пішам так, каб сабралася сотня. Вельмі часта адшуквалі герояў, якія не гатовыя назваць сябе паэтамі альбо мастакамі. Але пасля таго як з’яўляецца артыкул, чалавек пачынае задумвацца і неўзабаве гаворыць, што калі б не тое інтэрв’ю, магчыма, ён не пісаў бы вершаў. Мы лічым, гэта вельмі важна.
Пра арт-журналістыку
Таццяна Арцімовіч, pARTisanmag.by: У вядомых замежных выданнях пра мастацтва не пішуць звычайныя журналісты. У расійскіх, польскіх мас-медыях рубрыкамі “Культура” займаюцца вядомыя спецыялісты, людзі, якія атрымалі адпаведную адукацыю, у якіх ёсць пэўны інструмент ацэнкі.
Зразумела, што кожны партал абапіраецца на свае інтарэсы, але мы не заўсёды маем патрэбны аб’ём ведаў. Таму парталам трэба звяртацца да экспертаў. А калі няма магчымасці запрашаць спецыялістаў (якія б займаліся арт- журналістыкай), то хаця б прапаноўваць экспертам выказваць думкі ў матэрыялах. Узаемадзеянне з экспертамі – адзін са спосабаў павышэння якасці матэрыялаў.
Пра патрэбы аўдыторыі і сучасныя галерэі
Яся Каралевіч-Картэль, CityDog.by: Мы нядаўна пыталі чытачоў, чаго ім у Мінску не хапае. Там было шмат культуры…
Антон Кашлікаў, 34mag.net: Але ў асноўным кебабы?
Яся Каралевіч-Картэль, CityDog.by: Ва ўсім спісе нам прапанавалі 300 адказаў – галерэі апынуліся дзесьці на 50-м месцы. Спачатку людзям трэба смачна паесці, потым ім патрэбныя прыгожыя паркі і толькі потым – сучаснае мастацтва.
Таццяна Арцімовіч, pARTisanmag.by: Трэба руйнаваць стэрэатып пра тое, што такое галерэя сучаснага мастацтва. У Мінску цяпер большасць думае, што гэта нешта сумнае і ніяк не звязанае са штодзённасцю.
Інга Ліндарэнка, 34mag.net: Дарэчы, у добрых гарадах добрыя галерэі маюць добрыя рэстараны. Галерэя – гэта не проста прастора, дзе выстаўляецца аб’ект мастацтва. Гэта таксама творчая лабараторыя і прастора для дыскусіі.
Спадзяемся, і ў Мінску так будзе!
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева