Google прыбраў з пошуку станоўчы артыкул пра мастака ў адпаведнасці з дзейным у ЕС «правам быць забытым». Пра гэта паведамляе The Guardian.
У 2009 годзе выданне Worcester News размясціла ўхвальны артыкул пра мастака Дэна Роўча, назваўшы яго «бліскучым майстрам». Гэты артыкул быў выдалены з пошукавай выдачы Google у адпаведнасці з «правам быць забытым», прынятым Еўрапейскім судом справядлівасці.
Google не раскрыў імя чалавека, які зрабіў запыт, аднак рэдактар Worcester News Пітэр Джон не сумняваўся, што гэта быў сам Роўч, тым больш што раней мастак ужо звяртаўся ў выданне з просьбай прыбраць артыкул з сайта. На думку Пітэра, прычына ў тым, што Роўч, які стаў за гэты час прафесіяналам і істотна палепшыў узровень работ, баіцца за сваю мастацкую рэпутацыю.
Пітэр Джон заявіў, што рашэнне прыбраць такі артыкул з пошуку — гэта «самы абсурдны і дурны прыклад цэнзуры», і Еўрапейскі суд «напэўна меў на ўвазе нешта іншае, калі абараняў права чалавека быць забытым».
Пазней Роўч пракаментаваў сітуацыю і пацвердзіў правільнасць высноваў рэдактара Worcester News. Паводле яго словаў, карціны, узятыя ў якасці ілюстрацый для артыкула 2009 года, моцна адрозніваюцца ад яго сучаснай творчасці, аднак менавіта гэтыя старыя палотны знаходзіліся ў топе выдачы праз папулярнасць састарэлага матэрыялу.
З моманту ўступлення ў сілу «права быць забытым» заяўкі на выдаленне сваіх дадзеных з пошуку падало каля 90 тысяч чалавек. Права па-ранейшаму расцэньваецца неадназначна — напрыклад, яго раскрытыкаваў стваральнік Вікіпедыі Джымі Вэйлз, на думку якога, такая практыка раўназначная «праву падвяргаць цэнзуры тое, што кагосьці не задавальняе».