У нейкі момант з’яўляецца адчуванне, што зала Палаца мастацтваў — гэта мініяцюра Нью-Ёрка. Толькі марсіянскага. Таго, які будзе праз пэўны час ці, наадварот, таго, які ўжо быў. Некалькіх хвілін ты ходзіш па зале цалкам разгублены: празмернасць кратаў, гульня з цікава спалучанымі колерамі, знарочыста выпнутая геаметрыя — усё гэта выклікае прыступ клаўстрафобіі ці, наадварот, непрыязнасць да адкрытай прасторы. Ці нават боязь вышыні — ля інсталяцыі “Метабалізм жывапіснай прасторы” мастака Сяргея Кірушчанкі пачынае круціцца галава: кампазіцыя з кратаў і люстэркаў прымушае гледача паверыць, што ён знаходзіцца на даху хмарачоса. А беларусы да хмарачосаў не звыклыя. Плюс да ўсяго радыкальна яркія колеры рэжуць вока. Таму галава і танчыць. Сам мастак сцвярджае, што “час чыстага канкрэтнага мастацтва ў мінулым, але геаметрызм і чыстая форма жывыя”.
Маштабны экспазіцыйны праект “Метабалізм жывапіснай прасторы” — гэта дзве персанальныя выставы мастака Сяргея Кірушчанкі ў Палацы мастацтваў («Метабалізм жывапіснай прасторы» і «Надышоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам»), кропкавыя мастацкія інтэрвенцыі ва ўрбаністычную прастору Мінска (стрыт-арт Кірушчанкі ў тандэме з мастаком Андрэем Буслом), рэтраспектыўная выстава аб дзейнасці мастака за 1970—2012 гг., а таксама семінар пра абстрактнае мастацтва, які пройдзе ў галерэі “Ў”.
Куратар выставы, мастак Сяргей Шабохін:
“Здавалася б, абстрактнае мастацтва скончылася ў эпоху мадэрнізму. Але не ўсё так проста: мастак Кірушчанка паказвае нам, што можна зусім інакш паглядзець на абстрактнае. Ягоныя работы нагадваюць ці то Нью-Ёрк, ці то фасады нейкіх будынкаў у вялікім горадзе. Цікава, што ў 60 гадоў мастак зрабіў не рэтраспектыву сваіх найлепшых работ, а прадставіў новы маштабны праект. Свежы і вельмі магутны. І галоўнае, пагадзіцеся, тут адчуваецца погляд трыццацігадовага чалавека. Лічу, што Сяргей — гэта патэнцыйны і вельмі перспектыўны ўдзельнік Венецыянскай біенале ад Беларусі”.
На выставе прысутнічала і выкладчыца Сяргея Кірушчанкі Леніна Міронава, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сваімі ўражаннямі Леніна Мікалаеўна падзялілася з Budzma.org:
“Я з самага пачатку вельмі ўважліва назіраю за творчасцю Сяргея. Цікава, як ён крок за крокам пераадольваў акадэмізм і сыходзіў у абстрактнае. Пластычнымі элементамі, прыўнесенымі з авангарду, мастак нібы сцвярджае праўду геаметрыі. Краты — гэта як закон сталасці. Элементы кратаў упарадкаваныя — так і ўсё на гэтым свеце мае свой парадак: за вясной прыйдзе лета, за летам — зіма і гэтак далей. А яшчэ я чытаю такі падтэкст: праведнік заўсёды глядзіць проста, а грэшны чалавек ходзіць па коле. Дык вось, краты — гэта проціпастаўленне праўды нашай грэшнай рэчаіснасці. Такое мастацтва створанае для медытацыі”.
Дарэчы, быў у Кірушчанкі і перыяд, калі пасля ўсёй сваёй геаметрыі ён прыехаў у вёску Урода і сур’ёзна заняўся вясковай архітэктурай, браў фарбы і размалёўваў хаты, гаварыў маніфестамі на ангельскай мове, рабіў зямлю вакол хат у выглядзе лабірынта. На выставе ў Палацы мастацтваў прадстаўленыя фрагменты мінулага вёска-арта.
Выстава Сяргея Кірушчанкі ў Палацы мастацтваў будзе працаваць з 7 да 22 чэрвеня.
Тэкст: Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева