05.01.2017 | Асоба

Мэтодыка шчасьця беларускага настаўніка

Алесь Белакоз

Да саракавінаў Алеся Белакоза.

І адзін у полі воін

Калі думаю пра Алеся Мікалаевіча Белакоза, спрачаюся з гэтай прымаўкай. Ён адзін зрабіў столькі, колькі не заўсёды зробіць цэлае войска. Цэлае войска беларускіх патрыётаў. Беларусізаваў сваю Радзіму, ваколіцы вакол Гудзевічаў, дзе пражыў усё жыцьцё. Узгадаваў не адно пакаленьне беларусаў, у звычайнай вясковай школе стварыў незвычайны музэй. Словы, якія Аляксей Пяткевіч калісьці выбраў для назвы сваёй размовы зь Белакозам: «Я ўвесь час думаю, што зрабіў мала» — сьведчаць пра ягоную чалавечую сьціпласьць.

Алесь Белакоз (пасярэдзіне)

Алесь Белакоз (пасярэдзіне)

Ня мае рацыі наша надта асьцярожная калектыўная народная мудрасьць.

Ягоныя Веры

Менавіта яны дапамаглі Алесю Мікалаевічу зрабіць так многа. Першая Вера — у тое, што жыве Беларусь — жыла з ім заўсёды, не давала скарыцца нат у самыя змрочныя часіны, калі патрабавалі зьнішчыць музэй, калі выстаўлялі страшнае па тым часе абвінавачваньне: «Настаўнік Белакоз працуе не па савецкіх праграмах».

Другая Вера — Мікалаеўна — ягоная родная сястра, першая настаўніца, якая адкрыла малому Алесю багаты, чароўны, бязьмежны сьвет Беларушчыны, ягонае слаўнае мінулае.

Вера трэцяя — Ігнатаўна — верная жонка, беларуская настаўніца, якая ва ўсіх справах была побач, падтрымлівала, дапамагала.

Вера Белакоз

Вера Белакоз

А чацьвёртая Вера — таксама Мікалаеўна — маладзенькая галінка роду Белакозаў, унучка, дачка старэйшага сына, выпускніца беларускай філялёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Вельмі падобная да дзядулевай сястры.

Урок Беларушчыны

Ён застаўся ў памяці Алеся Белакоза на ўсё жыцьцё.

Выпускніца Віленскай беларускай гімназіі, кузьні беларускага духу, шчырая патрыётка, сябра гуртка «Жыве Беларусь!» спадарыня Вера Белакоз у гады Другой сусьветнай вайны вырашыла адкрыць у сваёй вёсцы, у сваёй хаце, беларускую школку. Падпольную. Рызыкавала ня толькі ўласным жыцьцём, але і жыцьцём вучняў. Ведаем пра беларусізацыю ў часы Кубэ. Ды тэрыторыя заходняй Беларусі ўваходзіла ў часе акупацыі ў склад усходняй Прусіі, дзе навучаньне на беларускай мове было забаронена пад страхам сьмерці.

Восеньскі дзень. У хаце ідзе ўрок. Раптам чуецца ляскат колаў: па брукаванцы ўяжджаюць у вёску падводы. Немцы! І прыпыняюцца якраз каля іхняе хаты, дзе ў сьмяротным страху застылі маладая настаўніца і яе вучні.

Можна толькі ўявіць, што перажыла спадарыня Вера за тыя хвіліны, якія расьцягнуліся на гадзіны. Няўжо нехта данёс? Што будзе зь дзецьмі?..

Прычына была вельмі простая: непаладка ў адной з падводаў, конь рассупоніўся.

Калі немцы ад’ехалі, вучні пачулі жорсткую вымову настаўніцы:
Вы дапамагаеце акупантам: яны ня хочуць, каб вы ведалі нашу мову, гісторыю, літаратуру. Хочуць, каб вы былі цёмнымі, рабамі.

Вы не падрыхтавалі хатняе заданьне, ня вывучылі ўрывак з паэмы Янкі Купалы «Курган»…

Голас яе зрываўся, у вачох стаялі сьлёзы. Ціха прамовіла:

Ідзеце…

Села ля стала, закрыла твар рукамі, плечы яе затрэсьліся… Гэта не была крыўда ці злосьць на вучняў, мілых вясковых дзетак-працаўнічкоў, якіх любіла, шкадавала. Гэта была рэакцыя на той шок, які толькі што перажыла.

На другі дзень дзяўчынкі-сакатушкі сустрэлі настаўніцу крыху вінаватымі, але радаснымі паведамленьнямі:

Я вывучыла два разьдзелы паэмы!

А я тры!

А я яшчэ болей!

Малы Алесь вывучыў на памяць усю паэму Купалы.

Вера Белакоз памерла маладой. Сэрцайка яна мела хворае.

Пачатак

Сярэдзіна 60-х мінулага стагодзьдзя. Менавіта тады ўзьнікла задума стварыць музэй. Напачатку літаратурна-краязнаўчы. Для дапамогі ў выкладаньні літаратуры.

Тут ніколі не было ніякіх паэтаў! — пярэчылі яму тыя, якія нічога пра беларускае ў Беларусі ня ведаюць і ведаць ня хочуць, але кіруюць.

На гэта настаўнік Белакоз адказваў:

Яшчэ ў дзяцінстве я ведаў пра двух паэтаў, пра Міхася Явара і Ларысу Геніюш. То, пэўна, іх было больш. Будзем шукаць.

Адкрыцьці

І пачаліся адкрыцьці. Бо шмат што ляжала на паверхні. Толькі занядбанае тутэйшымі ды прыхаванае, прыцярушанае ідэалягічнай лухтой ворагаў беларушчыны. Але было яшчэ ў памяці людзкой.

У архівах захоўвалася.

Быў створаны гурток. Вучні атрымалі заданьне распытваць людзей пра мінулае, пра школы, настаўнікаў. Так паўстала прозьвішча Сьцяпана Пятэльскага, што працаваў у суседняй Струзе, пісаў вершы, друкаваўся ў «Нашай Ніве» пад псэўданімам М. Арол. Менавіта настаўніку Белакозу і ягоным вучням выпала першым адкрыць гэтае імя, вярнуць яго ў гісторыю літаратуры. Імі быў знойдзены рукапіс зборніка «Лірнік», які будзе выдадзены, але, на жаль, нідзе ў ім не сказана пра вялікую пошукавую працу гудзевіцкіх краязнаўцаў. Гэта вельмі засмучала Алеся Мікалаевіча. Ягоная дачка Марына, студэнтка беларускай філялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту, мэтай сваёй дыплёмнай працы мела дасьледаваньне творчасьці М. Арла. Абароненая ў 1981 годзе, гэта дыплёмная была першай навуковай працай пра паэта-нашаніўца.

Што да жыцьцёвага лёсу і творчасьці Міхася Явара, Ларысы Геніюш, то ў музэі зроблена вельмі шмат дзеля вяртаньня гэтых імёнаў. Праўда, ніхто так цікава, займальна пра тое распавесьці ня здольны, як умеў зрабіць гэта першы дырэктар.

Ланцужок

Усе сёньня ведаюць, што кнігі Ларысы Геніюш выходзілі за савецкім часам дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, які глыбока шанаваў таленавітую паэтку. І гэта было ўзаемна. Шмат пра тое напісана, ліставаньне надрукавана. А хто ведае, як старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, а гэта ў тым часе была не абы-якая пасада, даведаўся пра апальную паэтку, якая жыла ў Зэльве? Ад старшыні абласное філіі Аляксея Карпюка. Цытую аповед гарадзенца пра наведваньне паэткі ў Зэльве: «Зь першых слоў Ларысы кідаецца ў вочы вялікая начытанасьць, багацьця розуму, сардэчнасьць і тая культура, якую я бачыў толькі ў інтэлігентных чэхаў, калі быў разам у лягеры. Гутарыць вельмі прыгожай і багатай беларускай мовай. Сказаць, што любіць беларускую літаратуру, мала. Яна ведае яе цалкам, ёю жыве.

На вонкавы выгляд Ларыса — магутная жанчына, энэргічная, гаваркая, ветлівая, гадоў на пятнаццаць маладзейшая, чым на самай справе».

А як Аляксей Карпюк даведаўся пра Ларысу Геніюш? Ад Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. Адкуль ведаў пра яе Пяткевіч? Вось яно, апошняе зьвяно ланцужка, — Алесь Белакоз. Гэта ён пачаў вяртаньне вялікае Паэткі ў айчынную літаратуру.

Гудзевіцкія ткальлі

Жонка Вера Ігнатаўна ня проста маральна падтрымлівала Алеся Мікалаевіча ў справе музэю. Менавіта дзякуючы яе таленту, стараньню адрадзілася ў Гудзевічах тэхніка стварэньня падвойных дываноў.

Шторазу ў часе экскурсіі апавядаў дырэктар, што магла б яна страціцца незваротна, каб не ягоная памочніца. У 80-х гадах заставалася ў нашым Краі толькі адна майстрыха, Ядзьвіга Райская з Адэльска, што валодала тою тэхнікай. Ня надта хацела яна падзяліцца сваімі ўменьнямі. Езьдзілі да яе вучыцца, ды прыяжджалі ні з чым. Пакуль Вера Ігнатаўна не паехала. Заснавала гурток, кіравала ім, многіх навучыла. І сёньня падвойнае ткацтва жыве ў Гудзевічах. Ад маці навучылася яму дачка Марына, якая кіруе ў Гародні ў абласным палацы творчасьці дзяцей і моладзі народнай студыяй «Суквецьце талентаў». Самы юны вучань, майстра-ткач Даніла Камінскі, унук Марыны, праўнук Веры Ігнатаўны.

На ровары

Алесь Мікалаевіч любіў ровар. Такі надзейны, зручны транспарт. На працу ў школу езьдзіў, у музэй. Усюды. Наш вясковы люд наогул любіць ровар.

Першы ровар займеў Алесь, калі хадзіў у школу, у Ваўкавыск. Няблізкі сьвет, больш за трыццаць кілямэтраў. Пайшоў туды ў 8 клясу.

Штосуботы прыходзіў дахаты. Пакуль дабярэцца, сьцямнее. Празь лес тая дарога вяла. А ў лесе ваўкоў у тым часе, пасьля вайны, поўна было. Аднойчы ўгледзеў здалёку зграю, вярнуўся, у чужой вёсцы пераначаваць папрасіўся. Да Ваўкавыска яшчэ цяжэй дабірацца было: не з пустымі рукамі ішоў, нёс харчы на тыдзень. У 9 клясе быў, калі купіла матуля ровар.

На чарговую гадавіну прыехаў да Алеся Мікалаевіча з падарункам скульптар Генадзь Лойка. З роварам адлюстраваў настаўніка творца. Цяпер той бюст стваральніка музэю сустракае наведвальнікаў у абноўленай літаратурнай зале. На лацкане пінжака — значок зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Сьцяг

На пачатку 90-х такія значкі насілі многія. Алесь Белакоз той значок ня зьняў ніколі. Сьцяг быў для яго больш чым проста сьцягам. Сымбалем Беларушчыны, ад якое не адступіўся. Зь ягонага інтэрвію для Радыё Свабода: «Прывезьлі ў музэй лукамольцаў. А я, як заўсёды, зь бел-чырвона-белым значком, зь бел-чырвона-белым гальштукам. І пытаецца адна з начальніц у старшыні калгасу (ён таксама быў): „А чаму ён з гэтым значком ходзіць?“ А той адказвае: „Гэта чалавек, які ўсё жыцьцё моліцца аднаму богу, і не мяняе“».

З тым сьцягам пайшоў у вечнасьць. І са значком. І з палатном. Пакрылі сьцягам ягонае цела ў дамавіне.

Кнігі

Алесь Мікалаевіч імкнуўся захаваць у слове свае веды, свае знаходкі. Расказаць пра мінулае, перажытае. Верыў, што напісанае застанецца. Таму і сьпяшаўся напісаць кнігі. Пасьпеў выдаць тры: «Каб жыла Беларусь» (2003), «Музэй у Гудзевічах» (2012), «Мэтодыка шчасьця» (2014). Гэта далёка ня ўсё з задуманага. Як кажа дачка Марына, каб усё, што хацеў напісаць, спраўдзіць, мо гадоў з трыццаць яшчэ спатрэбілася б…

Са студэнтамі

Знаёміць студэнтаў з Гудзевічамі, з настаўнікам Белакозам я лічыла сваім абавязкам. Верыла, што застануцца ў іх памяці экскурсія ў музэй, аповед Алеся Мікалаевіча, ягоны вобраз нязломнага беларуса. Да маіх студэнтаў ён прыходзіў нават калі не працаваў.

Алесь Белакоз з аўтаркай

Алесь Белакоз з аўтаркай

Апошні раз ужо ня мог сам дабрацца, прывезьлі аўтобусам. Як і зь іншых сустрэчаў, засталіся здымкі. Падзялілася ў фэйсбуку адным, калі настаўніка Белакоза ня стала. Ажно з далёкае Аўстраліі прыйшоў водгук: «Вельмi добра памятаю гэты дзень. Здаецца, што нават я рабiла здымак… Дзякую за напамiн!» А іншая студэнтка, ужо настаўніца, выставіла здымак ужо са сваімі вучнямі ля знакамітае хаткі.

Недарэмна вазіла студэнтаў у Гудзевічы.

Апошнія заняткі ў сэмэстры для сваіх сёньняшніх, маладых душою студэнтаў прысьвяціла памяці Алеся Мікалаевіча. Калі б ня ён, значна бяднейшай была б наша Гарадзеншчына і ўся Беларусь.

Альжбета Кеда, Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика