Запісаць нельга памерці – коску тут можна ставіць дзе заўгодна і не памыліцца. Гурт Юлкі Каціч выдаў дэбютны альбом.
Ад гурта з такой назвай абсалютна невядома чаго чакаць. Але пастаноўка пытаньня цікавая: шыльда “Мигающий жёлтый” выглядае нетрывіяльна. Яе яўна прыдумаў той, хто тонка адчувае стан памежнасьці і падвоенасьці. У гэтым жа жоўтым мірганьні зафіксаваны займальны момант – гэта ж як бы папярэджаньне, што ўжо нельга, але пры гэтым і знак, што яшчэ можна. Самавызначэньне стылю “поп-нуар” інтрыгу закручвае яшчэ болей, ну а фотасэсіі гурта – нібы выразка з часопіса “Крыніца” 1990 году – у стылі такога наіўнага эпатажу.
Праект “Мигающий жёлтый” існуе ўжо чацьвёрты год, але па факце заявіў пра сябе толькі сёлета, калі паказаў свой дэбютнік “Bingo”. Як і належыць (назва ж абавязвае), праца гэтая выклікае неадназначныя пачуцьці. МЖ – сьвядома ці не – зь першага ж трэку адштурхоўвае слухача і наводзіць на яго ў літаральным сэнсе жах, не выкарыстоўваючы пры гэтым гроўлінгу ды электрагітараў. Зусім не выбітны, вымучаны вакал, нібы пяецца ўсё пад дулам пісталета, навязьлівая скрыпка і невыносныя проста клявішы – партыі гэтых інструмэнтаў пры неаднаразовым паўторы могуць давесьці непадрыхтаванага слухача да вар’яцтва. Такім чынам і дасягаецца эфэкт чорнай-чорнай музыкі, запісанай у чорным-чорным пакоі з чорным-чорным провадам на шыі і чорным-чорным балахоне на галаве. Запісаць нельга памерці – коску тут можна ставіць дзе заўгодна і не памыліцца. Такая атмасфэра, якая душу рэальна халадзіць. Пайсьці і не вярнуцца. Выйсьці ў сенцы ды засіліцца.
Канцэпцыя гурта, значыць, у поўным парадку, улічваючы, што галоўнае тут – уласна вершы, зь якіх, трэба разумець, праект і пачынаўся. Музыкі тут пакліканыя ў дапамогу, без надаваньня ім асаблівага статусу стваральнікаў, каб перадаць гэтае вось сьветаадчуваньне паэта. “To jest takie pojebane tango,to są takie zwichnięte tance…” – пяе Юлка Каціч. Яна актыўна выкарыстоўвае ў творах польскую мову (4 песьні на альбоме), трошкі ангельскую (1 песьня), расейскую (усё астатняе). Беларуская адкінутая як непрывабная, непэрспэктыўная, цяжкая для развучваньня – непатрэбнае закрэсьліць.
Альбом “Bingo” даступны для праслухоўваньня і спампаваньня на афіцыйным сайце гурта і ў суполцы.
Ідэя: 6
Выкананьне: 6
Тэксты: 8
Запіс: 5
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін