Міні-рэцэнзія Міхала Анемпадыстава на новы альбом Лявона Вольскага “Псіхасаматыка”, прэзентацыя якога адбудзецца 3 снежня ў Вільні ў абноўленым клубе LOFTAS.
Альбом атрымаўся надзвычай цэласным, часам узнікае адчуванне, што гэта адзін твор, разбіты на 2 часткі і драбнейшыя фрагменты. Музыка як быццам “спрошчана”, але тэхнічна ўсё зроблена бездакорна, яна не грузіць, а зацягвае, не здзіўляе, а плаўна заходзіць у свядомасць, разам з такімі ж бездакорнымі радкамі рэфрэнаў. Гэта альбом Майстры, якому не патрэбныя знешнія эфекты і арыгінальнасць, там яе прынцыпова няма, нават у дызайне альбома. Замест яе – глыбіня, дакладнасць, адсутнасць фальшу.
Так, Вольскі безумоўна майстра дакладных і запамінальных радкоў, Богам прызначаны медыятар таго, што думаюць і адчуваюць іншыя. Aпроч таго, ён тонка адчувае фальш і заўсёды (добра, амаль заўсёды, хаця я не магу прыгадаць, калі было гэтае “амаль“) яе пазбягае. Нават там, дзе сам жанр патрабуе перабольшання, пафасу ці сантыментаў (гэта ж мастацтва, а не размова сам-насам) іх няма.
Найлепей гэта бачна і найболей уражвае на жывых канцэртах, дзе ўсё навідавоку і дзе не перапішаш. У Лявона шмат трагічных тэмаў, усё вельмі моцна эмацыйна, але пры гэтым ані найгранай позы, ані фальшу. Я б сказаў, паважна і годна. Годна пра смерць, пра герояў, пра краіну. Складана казаць пра гэта нязмушана і ўсур’ёз у нігілістычным грамадстве. Лявону дадзена, ён кажа.
Псіхасаматыка. Нягледзячы на хваравітую назву, у альбоме гэтай хваравітасці няма. Герой Вольскага не пацыент, не ахвяра, а “санбрат”, які ставіць праўдзівы і жорсткі дыягназ на полі баявых дзеянняў, калі лічыць такім полем усё нашае жыццё. Палявыя лекары не падманваюць, не абнадзейваюць – яны кажуць праўду і знаходзяць тыя словы, што даюць моцы не скуголіць і, сціснуўшы зубы, ператрываць боль. А калі рукі-ногі цэлыя, то падняцца і ісці далей. Жыць сваім жыццём. Яно таго вартае, сцвярджае аўтар.
Міхал Анемпадыстаў
Глядзіце таксама: