Міжнародная трыенале друкаванай і станкавай графікі Brest Print Triennial “Мір і вайна” пройдзе ў Брэсце ў 2015 годзе, паведамілі 10 снежня на прэс-канферэнцыі арганізатары конкурсу.
Адкрыццё трыенале адбудзецца 9 траўня ў Мастацкім музеі – філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, размешчаным у паўднёвай казарме Брэсцкай крэпасці, што само па сабе сімвалічна, падкрэслілі арганізатары. На выставе будуць прадстаўлены лепшыя працы ўдзельнікаў трыенале. Тады ж пройдзе і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Экспазіцыя працягнецца да 9 чэрвеня.
Міжнародная трыенале праводзіцца з мэтай падтрымання і развіцця традыцыйна-класічных тэхнік друкаванай графікі, акумулявання лепшых узораў сусветнага графічнага мастацтва ў музеях горада і вобласці. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Брэсцкі аблвыканкам і абласны краязнаўчы музей. Аўтарам праекта з’яўляецца мастак-графік, член Беларускага саюза мастакоў і міжнароднай арганізацыі Unima Аляксандр Грыгор’еў. Міжнароднае журы з шасці чалавек, у склад якога ўвайшлі прызнаныя майстры станкавай графікі, узначаліць заслужаны мастак Расіі, аўтар праекта і старшыня аргкамітэта Міжнароднай біенале графікі ў Санкт-Пецярбургу Алег Яхнін.
Brest Print Triennial – адзіны праект такога роду не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў Беларусі. Больш за тое, ёсць падставы казаць пра зараджэнне традыцыі. Трыенале з’яўляецца працягам біенале малых формаў графікі і экслібрыса – “Белавежская пушча” і “Гульні цароў”, якія адбыліся ў 2009 і 2013 гадах. Але калі дзве першыя выставы насілі характар прыватнага праекта і адбыліся выключна за кошт спонсараў, то трыенале “Мір і вайна” атрымала афіцыйную падтрымку.
Да ўдзелу ў трыенале прымаецца друкаваная мініяцюрная графіка. Працы памерам не больш за 30х30 см павінны быць выкананы ў традыцыйных тэхніках: ксілаграфія, лінагравюра, літаграфія, афорт, акватынта, мецца-тынта, сухая іголка, разцовая гравюра на метале, гравюра на пластыку. Манатыпіі, ксеракс, фатаграфіі і кампутарная графіка да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца. Кожны ўдзельнік можа прадставіць ад двух да шасці мініяцюр.
Працы на конкурс прымаюцца да 1 лютага. Палажэнне аб трыенале размешчана на афіцыйным сайце абласнога краязнаўчага музея.
Як паведаміў дырэктар музея Аляксей Міцюкоў, у аргкамітэт конкурсу свае творы ўжо даслалі 14 аўтараў. У кожным канверце ўтрымліваецца па некалькі работ. Геаграфія краін адпраўнікоў шырокая. Гэта Усходняя і Заходняя Еўропа – Італія, Бельгія, Румынія, Чарнагорыя, Украіна, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Нарвегія, Нідэрланды. Ёсць пасылкі з Японіі, Інданезіі, ЗША, Аргенціны. “Па ўмовах конкурсу ўсе працы застануцца ў нашым музеі. За кошт гэтага мы зможам папоўніць свае фонды лепшымі ўзорамі малых формаў графікі, у будучыні фарміраваць з іх экспазіцыі, рабіць перасоўныя выставы”, – адзначыў Аляксей Міцюкоў.
Па выніках трыенале будзе выдадзены каталог, куды ўвойдуць лепшыя працы ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць дыпломы, памятныя медалі або статуэткі (пытанне яшчэ вырашаецца) і грашовыя прэміі. За першае месца прадугледжана прэмія ў 80 базавых велічынь, за другое – 50 БВ, за трэцяе – 30 БВ.