Міжнародны моладзевы тэатральны форум «Март-контакт» cтартаваў у Магілёве 21 сакавіка. Восьмы раз сюды прыехалі тэатры з розных гарадоў і краін. Цягам тыдня магілёўцы і госці горада змогуць практычна нон-стоп глядзець цікавыя пастаноўкі і перфомансы. Гэтым разам у «Март-контакте» возьмуць удзел тэатры з 8 краін. Як і раней, гледачоў чакаюць не толькі прадстаўленнi, але і начныя канцэрты, майстар-класы, вулічныя перфомансы, абмеркаванне, чыткі і многае іншае. Усяго на «Март-контакте» пакажуць 14 спектакляў.
Фестываль адкрыў вулічны перфоманс на пляцоўцы перад драмтэатрам. Акторы і валанцёры зладзілі невялікае прадстаўленне для гледачоў і мінакоў, каб настроіць іх на фестывальны лад.
Затым на сцэне Абласнога драматычнага тэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Куфар «М.@rt.контакт-2013», а разам з ім і сам фестываль адкрыў старшыня аргкамітэта Валерый Малашка.
Таксама ў гэты вечар гледачы змаглі ўбачыць спектакль «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы Дзяржаўнага драматычнага тэатра на Лiцейным (Санкт-Пецярбург). Гэта не класічная пастаноўка, Рамэа і Джульета ў ёй не рамантычныя шэкспіраўскія персанажы, а ўпартыя і свавольныя падлеткі, дзеці свайго часу, якія ўпершыню адкрываюць і спазнаюць каханне. Пастаноўка, якая атрымала не адну тэатральную прэмію, спадабалася і магілёўскім гледачам.
Завяршыўся першы фестывальны дзень канцэртам магілёўскага рок-гурта «Барон Мюнхаўзэн» у клубе CUBA.
Марыя Гілёва