XIII Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль” пройдзе 9-31 ліпеня на базе адпачынку “Вербкі” пад Бабруйскам. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведамілі ў гарадскім мастацкім музеі ім. Георгія Паплаўскага.
Своеасаблівая інтэрнацыянальная майстэрня, дзе гліна дзякуючы абпалу ператвараецца ў самыя сапраўдныя творы мастацтва, збярэ на гэты раз майстроў з 10 краін, у тым ліку ўпершыню чакаюцца мастакі з Японіі. “Кіраўніком і асноўным творчым натхняльнікам пленэра з’яўляецца вядомы бабруйскі мастак-кераміст Валерый Калтыгін. Менавіта дзякуючы яго нязгаснай энергіі нам удаецца збіраць прафесіяналаў з розных краін свету на беразе Бярэзіны і ствараць унікальныя творы, якія кожны год папаўняюць фонды нашага музея”, – адзначылі суразмоўцы.
У бягучым годзе прапануецца тэма сацыяльнай экалогіі “Чалавек у асяроддзі пражывання”. Плануецца ствараць насценныя аб’ёмныя пано ў тэхніцы пластыкі. Галоўных фігур на гэты раз плануецца дзве. Але, якія менавіта, куратар пленэра Валерый Калтыгін пакуль трымае ў сакрэце. Выніковая выстава ўдзельнікаў свята керамікі адкрыецца 30 ліпеня ў гарадскім мастацкім музеі.
Сяргей Кулягін, БелТА