This movie requires Flash Player 9
17.03.2017 | Літаратура

Моцныя жанчыны, моцныя мужчыны Осы Ліндэрборг

Вокладкі беларускага перакладу і арыгіналу кнігі Осы Ліндэрборг "Я не належу нікому"

Вокладкі беларускага перакладу і арыгіналу кнігі Осы Ліндэрборг “Я не належу нікому”

«Павысыпаліся зь меха рэчы…» − бацькавы порна-часопісы, скрадзеныя дзяўчынкай садкоўскага ўзросту, парцаляна, прывезеная рускай бабуляй з камандзіровак у Саюз, кветкі, якімі ўпрыгожвае балькон рабочы-мэталюрг, вячэры ў швэдзкіх дзеда з бабай (толькі мясныя стравы і бульба), паштовыя маркі, старыя карты для невядомай гульні і г. д. − процьма дэталяў, прадметаў побыту. Оса Ліндэрборг, аўтарка кнігі «Я не належу нікому» (Mig äger ingen), пераклад якой на беларускую выйшаў летась у выдавецтве «Альтэрнатыва», скрупулёзна апісвае час і месца праз рэчы − як у крамах «Ikea», яны раскладзеныя там, дзе ім належыць быць. Разгортвай кнігу − і зазірай у Швэцыю сямідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя, глядзі, як цячэ час, на які прыпала Осіна дзяцінства. Оса Ліндэрборг, якая сёньня ўзначальвае аддзел культуры ў буйной швэдзкай газэце Aftonbladet, паходзіць са шведзка-рускай сям’і, яе раман аўтабіяграфічны.

Пераклалі кнігу Яўгенія Гарунова і Анастасія Варашыліна. Над рэдактурай працавала цэлая талака: Уладзімер Арлоў, Вольга Калацкая і Дзьмітры Плакс.

У гэтым часе лёгка знайсьці сваё, ад важнага да дробнага. Мы не такія і далёкія цывілізацыі. Ха, вы не чулі пра «вэстэроскі агурок»? У швэдзкім Вэстэросе, дзе адбываюцца падзеі, таксама прыйшоўся б дарэчы пупырчаты помнік, як у беларускім Шклове. Вэстэрос называюць агурковым горадам. На ўсю Швэцыю ён знакаміты сваім гатункам гэтай гародніны.

А алькагалізм? Беларускі алькагалізм жа ўсім алькагалізмам алькагалізм. Няўжо ў Скандынавіі нехта можа прапіваць сваё жыцьцё гэтак жа жудасна, як робяць нашы людзі? Можа. Вы толькі паглядзіце: тыя ж… толькі у профіль.

Тагачасная Швэцыя — выглядае яшчэ больш патрыярхатнай за Ўсходнюю Эўропу сёньня.

«У цябе палова галавы занятая рэцэпцікамі», − сказаў брат маёй расейскай сяброўкі не так даўно. Напраўду мая сяброўка разьбіраецца шмат у чым, яна магістар у эканоміцы. Хтосьці можа быць змушаны і пашкадаваць пра свае кплівыя словы…

Маўчы, ты разьбіраесься толькі ў галубцах, − неяк так кажа ў кнізе швэдзкі дзед швэдзкай бабулі Осы, «геніяльнай жанчыне, якая карміла ўсіх (сямёх — заўв. А. У.) дзяцей на заробак мэталюрга». А бабуля і праўда мала ў чым разьбіраецца. Яна жанчына і не магла атрымаць адукацыі. У час, які выпаў ёй, яе карта бітая.

Але вось нечаканка для грамадзтва з такім традыцыйным раскладам для М.і Ж.

Калі распадаецца сям’я Осіных бацькоў − малое дзяўчо застаецца жыць разам з бацькам.

У садку ў яе пытаюцца, дзе мама. Ці яна памерла? Шкадуюць дзяўчынку.

Мама не памерла.

Вось што піша Оса Ліндэрборг: «У татавай сям’і ніхто ня ведаў пра разводы. Гэта быў сорам, ганьба.

У маміным родзе ўсё складвалася інакш. Кінуўшы нас, яна проста зрабіла тое ж, што з пакаленьня ў пакаленьне рабілі жанчыны, калі адчувалі, што трэба разыходзіцца. Калі мая бабуля Вера сустрэла Юліюса і зьбегла ў Польшчу, мама і Ніна засталіся з татам Руне. Гэткім самым чынам Вера і ейны брат адарваліся ад маці і засталіся з татам Пэтэрам.

Моцныя жанчыны. Моцныя мужчыны».

Сыходзячы, яна ўзяла з сабой толькі тое-сёе з адзеньня. Мама, Таня Ліндэрборг, кажа, што пакінула былому мужу самае дарагое, што ў іх ёсьць, дачку. Больш за тое, адказнасьць за дзіця — найхутчэй адзінае, што замаруджвае яго самаруйнаваньне.

Я, вядома, чапляюся за сваё, мне цікава ўбачыць нябачны фундамэнт учынкаў. Ці прыняў бы рабочы-мэталюрг Лейф Андэрсан, бацька Осы, гэты дар, калі б не лічыў гэта магчымым? І што сфармавала для яго гэтую магчымасьць? Я лічу невыпадковым, што ён параўноўваў сябе зь літаратурным пэрсанажам, татам Піпі Доўгайпанчохі, «моцным мужчынам з татуіроўкамі і неўтаймаванай прагай да волі». Лейф вельмі дужы, вельмі мужны. У яго моцныя біцэпсы, вялікія, крывыя і мазолістыя рукі, загрубелыя ад працы, ён ня можа цалкам разагнуць пальцы.

«Калі ён зрэдку мыў твар, то нагадваў ката, які мыецца. Яго цьвёрдыя кулакі не маглі ўтрымаць ваду, і гэта выглядала так, нібыта ён месіць шчокі і лоб, а ня мочыць іх».

Я думаю, што Астрыд Ліндгрэн спрычынілася да прыняцьця Лейфам таго, што гадаваць дачку будзе ён. Ён − тата, як капітан Эфраім Доўгаяпанчоха. Тата-адзіночка. Ён упісаны ў традыцыйны мужчынскі сьвет, кепска дае рады з уладкаваньнем свайго жыцьця, але ягоная бацькоўская любоў − поўнафункцыянальная, якой яна можа быць для любога дарослага чалавека, мамы ці таты. І мама ў гэтай сытуацыі не ўзнагароджваецца статусам яхідны. Мама — палітык, яна будзе балятавацца ў гарадзкую Раду і зробіцца сябрам швэдзкага Рыксдагу.

Кніга «Я не належу нікому» намінавалася на прэмію Аўгуста Стрынбэрга, паводле яе напісаная п’еса, пастаўленая ў Вэстманландзкім тэатры, і зьняты фільм, які я хачу паглядзець. А кнігу ўжо магу вам рэкамэндаваць, вы абавязкова знойдзеце там сваё.

Купляйце швэдзка-беларускае.

Анка Упала, Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика