Першы дзень фестывалю “Мост” падараваў нямала яскравых эмоцыяў. Жорсткі слэм пад Stigmata і карагоды пад “Дай дарогу”, харавыя спевы разам з Akute, танцы з эксцэнтрычным Джонам Ньюмэнам і поўны адрыў пад Guano Apes i Kasabian.
Салідная чарга на ўваход утварылася яшчэ за гадзіну да пачатку фэста. Даглядалі пільна, як зазвычай на беларускіх фэстах. Чорнакашульнікаў (аховы) і белакашульнікаў (апранутых па-святочнаму міліцыянтаў) – праз край, але ўсе падкрэслена ветлівыя. Першай сцэну спрабуе 17-гадовая Валерыя Садоўская, якая атрымала права выступіць на “Мосце” дзякуючы перамогі ў тэлешоў “Академия талантов”.
Пакуль журналістаў інструктуюць на прадмет таго, каб не было ніякіх пытанняў пра палітыку да музыкаў, на сцэну выходзяць яшчэ адны шчасліўцы – гурт Rili Dope, якія перамаглі ў беларускім адборы на фэст. Вакаліст з’яўляецца ў прыкідзе Дарта Вэйдэра. Музыкі вельмі старанна адыгралі свой сэт, выклікаўшы цэлую гаму эмоцый у гледачоў – ад непрымання і крыкаў “фууу” да поўнай і гарачай падтрымкі. Асабліва іх ацанілі прыхільнікі Rage Against The Machine і Gorillaz. Пасля выступу хлопцы прызналіся, што хваляваліся неймаверна, думалі, што фан-зона будзе пустая ў такі ранні для фэсту час і тое, што адбылося, перайзыйшло ўсе іх чаканні.
На сцэне тым часам чаруе цікавая расійская індзі-каманда On The Go, якая прынцыпова не пяе па-руску. Музыкі апынуліся ў Беларусі ўпершыню, уразіліся нямала – найперш малой прысутнасцю вонкавай рэкламы і вялікімі абсягамі. “У мяне бабуля адсюль паходзіць, шмат распавядала пра вашу краіну і вось спраўдзіў мару – даехаў. Вы і сапраўды захавалі ўсё тое добрае, што было ў СССР”, – кажа вакаліст Юры Макарычаў. Музыка хоча вярнуцца з калегамі сюды ўжо з сольным канцэртам і пэўны, што пасля “Маста” беларускіх прыхільнікаў у яго гурта значна паболее.
Дзякуючы зручнаму размяшчэнню дзвюх абсалютна аднолькавых сцэнаў, фэст праходзіў практычна без перапынкаў між выступамі. На левую сцэну выходзяць Akute, Стас Мытнік адразу папярэджвае, што будзе размаўляць па-беларуску, чым выклікае ўхвальны гул. Музыкі гучаць выдатна, фан-зона з ахвотаю падпявае ім “Наскрозь”, “Свяці”, “Кроў бы вада”, праўда што магілёўцы не паспяваюць сыграць “Адзіноцтва”. На правай сцэне ўжо з’явіліся “Дай дарогу!”, пад якіх водзяцца кагарагоды і ладзіцца проста шалёны слэм. Юры Стыльскі публіку толькі заахвочвае, равучы гімн тутэйшых стэйдждайвераў “Прыгай в коляску”: “Спадзяюся вы не марна аддалі свой грошык і гэта каштавала таго!”, – кажа ён на развітанне. Усеагульная руханіна пад сцэнаю не спыняецца, бо тут жа выходзіць расійская мэтал-кор банда “Stigmata”…
Тым часам за сцэнаю пануе атмасфера поўнай еднасці між музыкамі – усе з усімі робяць фоткаюцца і ніхто нічым не пераймаецца. Акром хіба што музыкаў з Guano Apes, якія хвалююцца наконт таго, як прагучаць іх некалькі новых песень, бо тым, што было на саўндчэку яны не задаволіліся. Akute аб нечым шэпчуцца з Джонам Ньюмэнам, што трымае ў руках нязменнае піва і нікому не адмаўляе ў здымках. Лідэр гурта Hurma Мікіта Найдзёнаў вучыць гітарыста Guano Apes, як правільна вітацца і дзякаваць па-беларуску, а гітарыст Kasabian Сэрджыё Піцорна зачаравана паглядае на верталёты, што кружляюць над аэрадромам Баравая ды самалёты, што раз-пораз пралятаюць блізенька над зямлёю.
Калі на сцэну выйшаў Ньюмэн, голас яго заглушыць была не ў стане ніякая авіцыйная тэхніка. Ясна, што ўсе чакалі яго “Love me again”, але жвава рэагавалі на кожную песню, а самыя спрытныя спрабавалі паўтарыць яго фірмовы танец.
Хваляванні немцаў былі марныя – новыя, зрэшты як і даўнія вядомыя песні Guano Apes прагучалі як належыць моцна, а Сандра Насіч да ўсяго пацешыла публіку, калі ўзялася размаўляць з лётаючай камерай. Закрылі першы дзень сваім феерычным выступам на паўтары гадзіны Kasabian, якія некалькі дзён таму выступалі на Glastonbery. Беларускія прыхільнікі каманды напярэдадні абмяркоўвалі ў сеціве – ці прыме натоўп іх улюбёнцаў, ці не разыйдуцца, ці будуць падпяваць, ці саспела ў прынцыпе наша публіка да такога гурта. І ў гэтым выпадку хваляванні былі марнымі – “Мост” прыняў брытанцаў на ўра: “Сlub Foot” і асабліва “Fire” пры канцы падпявалі нават тыя, хто чуў гэтыя песні ўпершыню:). Ёсць ідэя працягнуць традыцыю і запрашаць надалей на фэсты “Мост” каманды такога рангу, чый прыезд у Беларусь памысліць пакуль немагчыма – The Killers, The XX, The Foals, Franz Ferdinand, Arctic Monkeys i Muse, урэшце рэшт.
“Мост” прывучвае да правільнай музыкі і далучае беларускую публіку да сучаснага музычнага кантэксту. Засталося толькі разабрацца з некаторымі арганізацыйнымі недарэчнасцямі, разнастаіць кухню, ліквідаваць правіла “адзінага заходу” (тых, хто пакідаў пляцоўцу фэсту назад ужо не ўпускалі, вынятак быў толькі для тых, хто меў квіток на два дні) і пісьменна наладзіць лагістыку.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Марына Серабракова