Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Гэтае велікоднае вітанне шматкроць гучала на нашых сённяшніх занятках. Светлае — галоўнае хрысціянскае — свята! А сёлета яго святкуюць адначасна і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты — што дадае адчуванне еднасці і радасці!
Пачалі мы з чытання велікодных вершаў нашых класікаў — Купалы, Коласа, Барадуліна, Арсенневай, Геніюш…
У граматычнай частцы шмат казалі пра нялёгкую тэму скланення і паходжання нашых прозвішчаў. Бадай, і матэрыял, які неўзабаве з’явіцца на нашым сайце, будзе цікавы шмат каму.
Нашыя госці — этнограф Святлана Сігаева і тэолаг Ірына Дубянецкая — распавялі пра паганскі і хрысціянскі аспект свята, пра велікодныя традыцыі, гульні, гісторыю і сучаснасць гэтага свята.
А музычным падарункам студэнтам стаў фантастычны выступ гурта Shuma. Дзяўчаты не толькі зачаравалі ўсіх сваімі неверагоднымі галасамі, але і справакавалі нечуваны “інтэрактыў”: караоке ды яшчэ і з размахваннем рукамі )))
Напрыканцы — Вялікдзень усё ж! — зладзілі масавае біццё яйкамі!
Чакаем усіх праз тыдзень, 28 красавіка, 19.00, Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а). Тэма будзе Тэатр, госці — вядомыя акторы і рэжысёры вядучых беларускіх тэатраў. Будзе нават невялікая пастаноўка!
Фота: Зарына Кандрацьева