Зачапіўся за фразу сябра ў фэйсбуку: “Можна не глядзець…” Яна не адносілася да форуму эксперыментальных тэатраў “Пластформа”, але ў нечым карэлюе з большасцю выказванняў, якія віруюць вакол яго праграмы. Нейкай звыштэмай для форуму зрабілася тэма абмеркаванняў. Праз тэхнічныя акалічнасці ў гэтым годзе абмеркаванне было толькі адно, пасля ўсёй праграмы. А ў мінулыя гады ладзіліся штодзённыя пасляспектаклевыя творчыя сустрэчы з гледачамі. Арганізатары і ўдзельнікі форуму звяртаюць увагу на тое, што “раней было лепш”.
Я б не пераацэньваў фестывальныя дыскусіі самі па сабе. Ужо тут выкарыстаю фразу, для таго, каб удзельнічаць у дыскусіі, “глядзець — неабавязкова”. Дастаткова знаходзіцца ў кантэксце. Мой асабісты вынік “Пластформы”, напрыклад, у тым, што нечаканага не адбылося. Па сутнасці, я пабачыў леташнюю “Пластформу”, якую лепш падрыхтавалі, адрэпетавалі — і гэта здорава. Але нечаканасцяў і сюрпрызаў не хапіла, хаця на іх удзельнікі “Пластформы” здольныя. Гаворка ідзе не пра эпатаж, а хутчэй пра эксперымент з публікай. Якраз на фінальным абмеркаванні зайшла пра тое размова, маўляў, не хапае эксперыменту ў праграме, але ўсе спектаклі “Пластформы” ў той ці іншай ступені спробы, выпрабаванні для ўдзельнікаў. Так, але для большасці публікі, і мяне ў тым ліку, гэтыя эксперыменты часта нябачныя. Лічыцца, што менавіта для гэтага і патрэбныя абмеркаванні, каб стаць бліжэйшым да гледача…
Абмеркаванні — самы няпэўны фармат фестывальных мерапрыемстваў. Літаральна кожны фестываль мае нейкую сваю асаблівасць фармату. Парадаксальна, але ці не самымі плённымі сустрэчамі, да якіх я меў дачыненні, былі абмеркаванні фестывалю дзіцячых тэатраў “Карусель” у Разані. Арганізатары адразу папярэджвалі, што ім важна, каб кіраўнікі калектываў атрымалі прафесійны фідбэк, і вечарам кожнага фестывальнага дня збіралася журы і кіраўнікі калектываў і адбывалася размова, спектакль за спектаклем. Для майго станаўлення былі важнымі ранішнія сустрэчы на Магілёўскім тэатральным форуме “Март-кантакт”. Кожную раніцу ў тэатральнай кавярні збіраліся журы, крытыкі, мясцовыя журналісты і валанцёры з моладзі. Гэты фармат фізічна вымотваў, але палеміка паміж сталымі крытыкамі і моладзю часам была вельмі цікавай. Цікавы фармат абмеркаванняў я бачыў у Кракаве, калі ў невялікай кавярні была абсталяваная зала, і там можна было паразмаўляць пра спектаклі мінулага фестывальнага дня.
Так ці інакш гэтыя размовы засяроджваліся на меркаваннях прафесіяналаў. Але ёсць і глядацкія абмеркаванні. Іх ладзяць рэгулярна, напрыклад, у Цэнтры беларускай драматургіі, і ўвогуле пасля чытак сучасных п’ес. Такімі самымі глядацкімі абмеркаваннямі былі і штовячэрнія сустрэчы пасля спектакляў “Пластформы”.
Скажу сваё назіранне: я праводзіў гэтыя сустрэчы два гады запар. Парадаксальна, але яны ладзіліся дзеля таго, каб пачуць нейкі фідбэк ад гледачоў, але я з цяжкасцю магу ўспомніць шмат змястоўных і важных выказванняў. Яны, канечне, былі, але іх было вельмі і вельмі мала. Я памятаю, як на першай “Пластформе” сябе актыўна паводзіў Яўген Карняг, які прыходзіў, здаецца, на кожны выступ і каментаваў, іранізаваў, нападаў, але часам і абараняў. Я добра памятаю, як на мінулай “Пластформе” часта выступаў студэнт-рэжысёр з Акадэміі мастацтваў, на жаль, не запомніў яго імя. Але змястоўныя дыскусіі былі вялікай рэдкасцю.
Збольшага аўдыторыя гэтых абмеркаванняў паводзіла сябе вельмі пасіўна. Людзі прыходзілі “паслухаць”. Часцей за ўсё задаваліся пытанні выканаўцам. Па сутнасці, гэтыя сустрэчы былі такім дадатковым брыфінгам, творчай сустрэчай, якія, дарэчы, таксама вельмі і вельмі патрэбныя.
Але было б памылковым лічыць, што гледачам няма чаго сказаць. І гэта пацвердзілі матэрыялы калег з інтэрнэт-часопіса “Культпрасвет”, якія збіралі думкі і меркаванні гледачоў пасля спектакляў у фае. У прыватнай размове з журналістам гледачы выказваюцца больш шчыра, чым у публічнай дыскусіі, дзе на іх цісне аўтарытэт выканаўцаў, крытыкаў, іншых гледачоў. Я скажу вам, што такога разбегу меркаванняў ні адна сустрэча не давала. І калі ёсць задача пачуць, што гледачы думаюць пра спектакль, то лепшага спосабу за гэтыя exit-polls і не прыдумаеш.
Я пачуў у фэйсбуку думкі, маўляў, журналісты некарэктна апытвалі, ці не шкодзяць “Пластформе” такія апытанкі… Тут я мушу зазначыць, што ролю СМІ ў нашай інфармацыйнай прасторы нельга пераацэньваць. Гэта на захадзе традыцыі ўзаемадзеяння СМІ і публікі такія, што добразычлівая рэцэнзія ў Гардыян уплывае на box-office. Асноўным фактарам, які запаўняе залы беларускіх тэатраў, з’яўялецца “сарафаннае радыё”. І кантраляваць градус грамадскай думкі, ведаць, як адгукнулася ў сэрцах гледачоў слова, вельмі і вельмі важна. І калі б у “Пластформы” працавала дзейсная прэс-служба, то рабіць такія апытанкі было б яе найважнейшай функцыяй.
І тут мы пераходзім да цікавай высновы. У нас вельмі завышаныя чаканні ад нашай публікі. Раней гэтым грашылі палітыкі, цяпер урбаністы і культурныя менеджары. “Пластформа” залежыць ад публікі, менавіта публіка, купляючы квіткі, забяспечвае бюджэт фестывалю. І на жаль, гэтай логіцы падпарадкоўваюцца многія аспекты фестывалю. Ёсць канкрэтны прыклад: дзень дэбютантаў. Мінулыя фестывалі крытыкавалі за тое, што выбітныя артысты выступалі ў адзін дзень з дэбютантамі, і таму ўзровень праграмы быў няроўным. Прапаноўвалася зрабіць асобны дзень, калі б маглі выступіць калектывы-пачаткоўцы, так і зрабілі ў гэтым годзе, але зал у ДК імя Шарко быў больш чым напалову пусты. Гэта было цікава і пазнавальна для спецыялістаў, але ў публікі зацікаўленасці не выклікала.
Адна з галоўных ідэй фестывалю ляжыць у тым, каб выходзіць з падполля, выходзіць на шырокую аўдыторыю. Але вось яна, шырокая аўдыторыя. Няўважлівая і часам нявыхаваная. Не абазнаная ў найноўшых эстэтычных канцэпцыях, ёй патрэбная гісторыя, герой, магчымасць суаднесці сябе з тым, што адбываецца на сцэне. Ёй з цяжкасцю даюцца абстракцыі і практыкі глядзення і бачання. Гэта парадокс, бо калі шырокая публіка ведае гісторыю, то яна якраз “можа і не глядзець”.
Магчыма, я іду вельмі далёка ў сваіх высновах паводле апытанак “Культпрасвета”, але галоўная фішка ў тым, што ёсць прадмет для аналізу. Яго можна ўспрыняць як нерэпрэзентатыўны, а можна ўзяць як адпраўны пункт для далейшых даследаванняў. Далейшай працы, я б сказаў… Бо, вядома, гэта не той глядач, які нам патрэбны. Я маю на ўвазе не толькі арганізатараў “Пластформы”, але ўсіх, хто займаецца тэатрам у Беларусі. Нам усім патрэбны глядач, які разбіраецца, які, мажліва, патрабавальны, але лагодны, які сочыць за падзеямі і гатовы іх падтрымаць. І галоўнае, які б усвядоміў нарэшце, што сэнс якраз у тым, каб глядзець. Нават калі ведаеш гісторыю, нават калі яна табе нецікавая.
Аляксей Стрэльнікаў