Роўна тыдзень магілёўскія гледачы і госці горада маглі атрымліваць асалоду ад прагляду спектакляў нон-стоп на моладзевым тэатральным форуме М@rt.Контакт. Пастаноўкі тэатраў з розных краін выйшлі абсалютна непадобнымі адна да адной і па-свойму цікавымі, кожная з іх дадала М@rt.Контакту сваю разынку. Аднак усё добрае калі-небудзь канчаецца. Так, скончыліся абмеркаванні, майстар-класы, спектаклі і спрэчкі пра іх – і журы, і гледачы падвялі свае вынікі фестывалю на яго ўрачыстым закрыцці.
Паколькі нярэдка меркаванне крытыкаў кардынальна разыходзіцца з меркаваннем гледачоў, гэтым разам на фестывалі прысутнічалі і прадстаўнікі грамадскасці – моладзевае грамадскае журы. Пяць чалавек, якія не звязаныя ўшчыльную з тэатрам, аднак любяць яго ўсёй душой, вырашалі, якія ж спектаклі вартыя таго, каб адзначыць іх узнагародамі. У якасці прызоў выступілі незвычайныя дарожныя знакі – нейкія з рэальна існуючымі сімваламі, нейкія з прыдуманымі. Грамадскае журы адзначыла гэтымі прызамі 6 спектакляў.
«Спектакль № 7» Карняг-тэатра (Мінск), які выклікаў шмат спрэчак і абмеркаванняў, журы адзначыла за неадназначнасць і барацьбу са страхамі.
Спектакль «Тры сястры» па п’есе А.Чэхава ў пастаноўцы тэатра-студыі «Небольшой драматический театр» (Санкт-Пецярбург) атрымаў прыз за «класную класіку», а «Гаспадар кавярні» Магілёўскага драматычнага тэатра – за смеласць у рэжысуры.
Адзначыла грамадскае журы і «ружовых прышэльцаў» – тэатр KUD LJUD павёз у Любляну прыз за найлепшы не-спектакль «Электрычнае чаяванне».
Найлепшую жаночую ролю грамадскае журы прысудзіла Інзе Машкарынай, якая сыграла бабулю Ніну ў спектаклі «Сволочная любовь» у пастаноўцы Рускага драматычнага тэатра Літвы. Ёй дастаўся прыз «найлепшай бабулі фестывалю».
Прыз за самы добры спектакль і любоў да людзей, жывёлаў і мармеладак дастаўся незалежнаму тэатральнаму праекту з Масквы за спектакль «Лафкадио».
Пасля гэтага больш сур’ёзныя прызы ўручыла і прафесійнае журы, якое працавала ў рамках форуму. Трэба сказаць, крытыкі адзначылі практычна тыя ж спектаклі, што і грамадскае журы.
Спектакль «Лафкадио» прафесійнае журы адзначыла за найлепшы акторскі дуэт Одзіна Ланд Байрана і Казіміра Лiске. Гэтая ж пастаноўка атрымала і прыз глядацкіх сімпатый.
Найлепшыя жаночая і мужчынская ролі дасталіся акторам са спектакля «Тры сястры» – Марыі Сямёнавай за ролю Ірыны і Канстанціну Шалестуну за ролю Вяршыніна. Найлепшая жаночая роля другога плану дасталася Соф’і Райзман за ролю Анечкі ў спектаклі «Разваліны» Цэнтра драматургіі і рэжысуры А. Казанцава і М. Рошчына.
За найлепшае адлюстраванне біблейскіх сюжэтаў у пластыцы быў адзначаны спектакль «Сны Майсея» тэатральнай групы «Мисторин» з Ерусаліму. А пастаноўка «Спектакль № 7» мінскага Карняг-тэатра была адзначана за гарманічны сінтэз пластычнага і драматычнага тэатра.
Гран-пры фестывалю дастаўся спектаклю «Тры сястры».
На гэтым М@rt.Контакт завяршыўся, і тэатральнае жыццё Магілёва пайшло сваёй чаргой. Прынамсі да наступнай вясны і наступнага М@rt.Контакта.
Марыя Гілёва