Канцэрт мінскага гурту “Разбітае сэрца пацана” адбудзецца 30 красавіка ў мінскім клубе “Рэактар”. Разам з “РСП” выступіць гурт з Бярозы “Кальмары”. А 8 траўня ў бярозаўскім клубе “Kazantip” пройдзе канцэрт гурту “Кальмары”, да якога прыедзе ў госці гурт “Разбітае сэрца пацана”.
Арганізатар канцэртаў, Беларуская Музычная Альтэрнатыва “БМА-group”, адзначае, што праз фінансавыя цяжкасці Мінск рэдка наведваюць гурты з рэгіёнаў. У сваю чаргу мінскія гурты – не частыя госці ў правінцыйных гарадах. Самі ўдзельнікі “РСП” і “Кальмараў” тлумачаць сваё рашэнне тым, што абодва гурты граюць пазітыўную музыку і адрозніваюцца аптымістычным поглядам на жыццё.
Гурт “Разбітае сэрца пацана” прэзентуе на канцэртах песні са свайго дэбютнага альбому “Розавы закат” і прадставіць “колькі новых трэш-поп баевічкоў. “На канцэрце ў “Рэактары” прагучаць 9 новых песень. Мы самі ў шоку. Вас чакае касмічны метал, мангольскі народны індзінойс ды яшчэ шмат прыемных сюрпрызаў. Мы не сталі больш сур’ёзнымі, мы сталі злейшымі! А яшчэ больш адукаванымі, бо прачыталі ўсе 15 кніжак з кніжнай паліцы Брайна Іно, – кажуць музыкі. – Адным словам, 30 красавіка ў клубе “Рэактар” вас сустрэнуць васстаўшыя з пеплу, перарадзеўшыеся “РСП”! Гэта будзе наш лепшы канцэрт! Атвечаем!”
Трас-поп калектыў “Разбітае сэрца пацана” быў заснаваны ў сценах Універсітэта культуры напрыканцы 1990-х. А задумалі такую справу два студэнты гэтай установы Дзяніс Тарасенка, вядомы па гурце “Склеп”, і Саша Маленькі (пазней вядомы ды-джэй Цім Карамыслаў). Дуэт праіснаваў пару дзён, даў шэраг канцэртаў у аўдыторыі, усіх заваяваў і сышоў у нябыт.
У 2005 годзе Дзяніс Тарасенка з аднакурснікам Паўлам Гарадніцкім рэанімавалі ансамбль, пакінуўшы назву, канцэпцыю, запал, цемрашальства і прылады: баян і піяніна-раяль-сінтэзатар. Калектыў стаў прабівацца на вяршыні шоў-бізнесу. “Кулькоўскія” старажылы сцвярджалі, што “так “кулёк” ніхто не рваў”. Праводзіліся акцыі “Даеш трохразавае пітаніе ў студзенчаскія масы” – канцэрт акурат у “кулькоўскай” сталовай падчас абеду, фаер-шоў з петардамі і іншы рух!
У гэты час да гурту далучаецца падтанцоўка, якая часта змяняе назвы: “Гаечкі”, “Зорачкі”, “Плахішкі” (тыя, хто сышоў з “Харошак”), “ЭВМ” і “Расцішка”. У 2006 да калектыву далучаюцца бас-гітарыст Андрэй “Эндру” Восіпчык, вядомы па гуртах EXSIST, LONG PLAY і PARASON, бубнач Юры Сізоў. Дзяніс мяняе баян на гітару, Паша – раяль на флейту, і ў 2007 годзе ансамбль прыступае да запісу першага і пакуль адзінага альбома “Розавы закат”.
У запісе альбому прынялі ўдзел усе вышэйзгаданыя музыкі, а таксама заснавальнік гурту “Ананімка і Касіяпея” Ліберзон. Частка матэрыялу была запісаная на хатняй студыі Юрыя “Хобіта” Купрашова, а астатняе – на студыі “Селах”. У актыве гурту, сярод іншых, канцэрты ў мінскім “Палацы мастацтваў” з “Сашам і Сірожам”, у маскоўскім “Цэнтры імя Меерхольда”, у віленскім знакамітым клубе BiXX.
Гурт “Кальмары” паўстаў у 2006 годзе. Напрамак сваёй музыкi яны адразу вызначылi як “закуска пад пiва”. Адсюль і назва – “Кальмары”. На сённяшнi дзень у склад гурту ўваходзяць Сiрога і Максiм (вакал), Гена Чарныш (гітара), Макс Шолохоff (бас), Алесь Яровiч (акардэон), Алесь Лютыч (бубны), Аляксей Цуркан (труба)
За час свайго iснавання гурт стаў лаўрэатам шматлiкiх фэстываляў, у тым ліку “Sound of borderlands 2007” (Польшча), “Union of rock 2008” (Польшча), “Амбасовiшча 2008” (Мінск), “Залатая восень 2008” (Брэст).
Мiнулым годам гурт зняў 2 клiпы ў Варшаве на песнi “Бадмiнтон” і “Ён i яна”. Песня “Ён i яна” увайшла ў складанку “Незалежныя”. У хуткiм часе гурт плануе выпусцiць доўгачаканы першы альбом.
Галоўная мэта гурту – бачыць радасць ды весялосць на тварах людзей, а па жыццi iсцi з пазiтывам!
Пачатак канцэртаў:
у мінскім “Рэактары”: а 19.00,
у бярозаўскім “Kazantip”’е: а 21.00.
Даведкі па тэлефонах (029) 6490888