Яго завуць Яўген Кучмейна, ён паходзіць зь Іўя, піша незвычайныя песьні, фатаграфуе каналізацыйныя люкі і грае ў гурце, назва якога гэтымі самымі люкамі і навеяная. Пішацца яна так, каб ня гуглілася – “.К”. І ў гурце гэтым грае толькі Яўген.
Паводле легенды, свой новы альбом “УніСон” музыка пісаў ледзь не паўгода, схаваўшыся ў вёсцы Суботнікі, што ля самай мяжы зь Літвою. CD-варыянт рэлізу выдадзены накладам у 22 асобнікі ў сямі розных варыянтах афармленьня. І тое, што атрымалася на выхадзе, заслугоўвае ўвагі.
Упісаць “.К” у клясычную аўтарскую песьню не ўяўляецца магчымым, хоць на пярэднім пляне маем чалавека з гітараю, які выконвае свае тэксты. “УніСон” – суцэльны экспэрымэнт з гукамі і рэчаіснасьцю. Альбом-рэбус, ажно перанасычаны сэнсамі, падтэкстамі ды адсылкамі да Velvet Undeground, “АукцЫону”, “Троіцы”… У Жэні яркі і запамінальны голас, сьпявае ён не на ўменьні, а на нэрве. “Сьпявае”, можа, тут і ня самае ўдалае слова – ён хрыпіць, сапіць, гарланіць, шаманіць з такой непадробнай утрапёнасьцю, нібы выконвае кожны свой твор апошні раз. Альбом ахінае сваёй непаўторнай атмасфэрай адразу і не адпускае да канца. Адчуваньне такое, што тут не 11 песень, а адзін вялікі трэк-палатно, у якім настрой зьмяняецца ледзь ня кожную хвіліну, але адчуваньне, што табе-гэта-ўсё-проста-сьніцца, не пакідае ні на сэкунду. І праўда – часам тэма адной песьні раптоўна ўсплывае празь некалькі нумароў ізноў (першы трэк завецца “Днём не пой”, а пяты – “Ночью пой”). Зьвяртае на сябе ўвагу тагасьветны беларускамоўны нумар “Анёлам гімн”, “Гражданин С.” зь дзівосным лямантаваньнем на няяснай мове ды бездакорны псыхадэл “УніСон”. Ёсьць тут і яўны гіт – “Белка”, напісаны па ўсіх канонах расейскай рок-паэзіі, але зь вельмі нетрывіяльным музычным разьвіцьцём і яўным прывітаньнем Эдмунду Шклярскаму.
“УніСон” – альбом найперш для тых, каму беларуская музыка падаецца сумнай ды прадказальнай і нават ужо Пукст не ратуе. Дарэчы, у Жэні ёсьць яшчэ адзін гурт – з клясычным складам, які завецца “Дэмантаж характару”. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Больш пра праект “.К” у афіцыйнай суполцы.
Спампаваць альбом адным файлам можна на сайце 34mag.net.
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 9
Запіс: 8
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін