Ці быў «эфект плацэба» занадта магутным, абмяркоўвалі і на наступны дзень, спрачаліся: адны казалі, што менавіта так і павінен гучаць канцэрт рок-гурта з сусветным імем, іншыя, скардзячыся на «ўсё яшчэ шумную галаву», былі ўпэўненыя, што «тэхначы» перабралі з магутнасцю гуку і што Палац спорту не здольны прыняць такі гукавы «ціск». Але так ці інакш, Placebo адыгралі для поўнага пад завязку Палаца. Разагравалі брытанцаў беларускамоўныя Akute, выступ якіх (насуперак традыцыі нецярпімасці да гуртоў на разагрэве) шматтысячная зала ўспрыняла на ўра. Акрамя гэтага «акутам» удалося пагутарыць з «зоркамі» і абмяняцца ўзаемнымі падзякамі.
Як і меркавалася, у асноўным залу запоўнілі «незразумелыя грамадству» падлеткі, для якіх вобраз Браяна Молка ёсць увасабленнем паспяховасці ўсяго нязграбнага і незразумелага ў падлетках. Зрэшты, на канцэрце было дастаткова і больш дарослых гледачоў: некаторыя падлеткі, якіх разумеюць крыху больш, чым іх аднагодкаў, былі з «прасунутымі» бацькамі; былі багемныя заўсёднікі музычных падзей, а таксама людзі ў скураных штанах і касухах — старыя добрыя знаўцы рок-н-ролу. Зала была забітая: акрамя таго, што гэта быў першы канцэрт “зоркі” сусветнага ўзроўню ў гэтым сезоне, не варта забываць, што Placebo — гэта сапраўды знакавая з’ява ў сусветнай рок-музыцы, а канцэрт гурта — вялікая падзея ў музычным жыцці Мінска.
«Добры вечар. Мы — гурт Akute, і мы размаўляем з вамі па-беларуску!» Зала замерла. Чакаўся прынамсі ўсплёск абурэння: «Мы на Placebo прыйшлі, а тут мала таго што беларусы, дык яшчэ і па-беларуску!» Але, дзякуй Богу, айчынны глядач перажыў гэтую ганебную фазу. Прыкметна хвалюючыся (гэта першы выступ хлопцаў для шматтысячнай аўдыторыі), але ўсё ж вельмі пераканаўча «акуты» згралі «Кроў бы вада», «Шпіталь», і ўжо да трэцяй песні («Іголкі») яны не проста паднялі залу, яны канкрэтна трымалі яе. Было адчуванне, што ўвесь Палац спорту прыйшоў на сольны канцэрт Akute. «Свяці», «Агонь» і «Адзіноцтва» — здавалася, зала была гатовая слухаць яшчэ і яшчэ.
“У нейкі момант я зразумеў, што людзі хочуць слухаць беларускамоўную музыку, проста ў іх неяк не склалася, магчыма, яны проста не мелі магчымасці пачуць яе», — расказаў пасля канцэрту Раман Жагараў. На тэму сумяшчальнасці і падобнасці творчасці Akute і Placebo хлопцы выказалі здагадку аб сусветным назапашванні чалавекам жыццёвых уражанняў: «Нашую музыку і раней параўноўвалі з тым, што робіць Placebo, казалі, што нібыта творчасць менавіта гэтай групы паўплывала на нас. Можа быць, — прызнаецца Станіслаў Мытнік. — Але не толькі Placebo. Мы слухаем шмат музыкі. Можа, падсвядома гэты гурт наклаў свой адбітак, але ўсё ж тут хутчэй агульнасць чалавечых перажыванняў».
Раман падзякаваў гледачам, Akute пачалі скручваць шнуры, а зала ўсё яшчэ ўспрымала іх выступ. Цалкам відавочна, што для многіх беларускамоўны рок упершыню прагучаў так пераканаўча і якасна.
Зрэшты, разважанні на патрыятычныя тэмы тут жа развеяліся: на сцэну выбеглі чалавек пятнаццаць, а то і дваццаць і пачалі хутка і зладжана дэмантаваць інструменты беларускіх музыкаў, расчахляць апарат замежных гасцей. Было зразумела, што зараз на сцэне будзе адбывацца нешта глабальнае. Тэхкаманда Placebo выносіла на сцэну шматлікія гітары і правярала іх гучанне. Апагеем паслужыў вынас свайго кшталту пастамента, які складаўся з цэлага шэрагу прымочак і стойкі мікрафона. Гледзячы на ўсё гэта, зала ледзь вытрымала паўгадзіннае чаканне.
І вось дзейства грымнула. У літаральным сэнсе. «Эфект плацэба» быў такім магутным, што гук ад калонак гойдаў валасы і падкідваў вантробы тых, хто сядзеў насупраць сцэны за добрыя дзясяткі метраў. Магутныя лямпы свяцілі гэтак жа бескампрамісна. «Вы на канцэрце сусветна вядомага рок-гурта!» — крычала ўсё, што можна. Ці быў перабор па гуку, так і засталося галоўнай тэмай абмеркавання, але тое, што канцэрт быў адпрацаваны музыкамі суперпрафесійна і якасна, сумневаў не было. Але ў гуле вялікага гукавога ціску было амаль немагчыма заўважыць прысутнасць на сцэне скрыпкі і клавішных. Дарэчы, да канцэртнага складу гурта дадаліся яшчэ два гітарысты.
Kitty Litter з апошняга альбома Battle for the Sun. А следам аднайменная песня з таго ж альбома — больш чым ударны пачатак! Танцпляц пераліваўся экранамі мабільнікаў, якія здымалі канцэрт. Забаўна, яшчэ гадоў 10-15 таму зала трымала у руках звычайныя запальнічкі, і эфект ад іх быў такім жа, як ад мабільнікаў, але ў сучасных гледачоў ёсць бясспрэчная перавага: на тэлефон можна зняць відэа і фота з канцэрту.
Над сцэнай віселі пяць велізарных экранаў, якія перадавалі тое, што адбывалася на сцэне. Гэта было вельмі зручна для тых, хто быў далёка ад сцэны, але і без манітораў было зразумела, што музыкі выкладваюцца па поўнай праграме. Браян кідаў у залу рускае “спасибо”, чым выклікаў яшчэ большае захапленне гледачоў. Цікава, а калі б ён сказаў «дзякуй»? Не, сур’ёзна, асабіста я чакаю моманту, калі гэта адбудзецца, калі мінскія арганізатары канцэртаў сусветна вядомых музыкаў на пытанне “Як па-вашаму будзе “дзякуй” адкажуць ім «дзякуй», і музыка спехам вывучыць яго, каб потым парадаваць свайго гледача. Бо яму аднолькава незнаёмыя словы “спасибо” і “дзякуй” — і тое і тое давялося б завучыць, а эфект для саміх беларусаў быў бы больш гаючым.
На хіце Every You Every Me танцпляц быў гатовы памерці ад шчасця і ўдзячнасці. Уверх узляцелі сотні белых лісточкаў з чорнымі сэрцамі (прыхільнікі трымалі іх да пачатку канцэрту), белае раскалыханае мора, поўнае чорных сэрцайкаў, — зачаравальная карціна. Молка і музыкі былі шчыра радыя: “Дзякуй, дзякуй вам, людзі Мінска, дзеці Беларусі!”
Speak In Tongues, Black-Eyed і далей Special Needs — песня, якая выклікала новы парыў захаплення і прызнання. Паўтары гадзіны забойнага канцэрту, які складаўся ў асноўным з песень альбома Battle for the Sun і старых верных хітоў. Meds, Teenage Angst, Song to Say Goodbye, The Bitter End. Зала падхоплівала любую песню яшчэ на стук палачак бубнача. Дарэчы, бубнач у гурта проста надзвычайны, апантаны і неверагодна эфектны (цалкам бы адзін зладзіў цэлае шоу на сцэне). Ён кідаў у залу палачкі і ўяўляў сабой рэальны ўзор вечнага рухавіка.
Увогуле адыгралі магутна, зладжана і вельмі прафесійна. Выйшлі раз на біс і з тым адышлі — усё як належыць вялікім «зоркам». Але не ўсё. У той самы час, калі прыхільніцы (як належыць) верашчалі, чакаючы куміра з чорнага ўваходу, самі музыкі, забыўшыся пра свой «зорны» статус, размаўлялі з беларускімі музыкамі, якія разагравалі іх канцэрт. Падзякавалі, паціснулі рукі, прынялі ў падарунак дыскі Akute і майкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама сфатаграфаваліся з беларускімі калегамі, чаго, паводле чутак, Браян Молка ўсяляк пазбягае (фатаграфавацца з усімі запар). Увогуле, магілёўскай камандзе Akute вельмі пашанцавала ў той вечар, і да ўсяго, яны прызналіся, што далі свой найлепшы канцэрт, давёўшы, што зграюць для шматтысячнай залы.
Пашанцавала і прыхільніцам: яны дачакаліся свайго куміра, і той, прабегшы міма, памахаў ім рукой. Думаецца, усе засталіся шчаслівыя. Ну хіба акрамя тых, хто скардзіўся на галаўны боль ад непадрыхтаванасці Палаца спорту для канцэртаў такой гукавой магутнасці, і тых (а іх, мяркуючы з водгукаў на форумах, было нямала), хто застаўся непрыемна здзіўлены грубіянствам аховы на ўваходзе. Але па шчырасці, гэта ўсё звыклыя дробязі, якія не вельмі ўплываюць на факт прыезду да нас сусветна вядомых музыкаў.
Ганна Трубачова, фота Яўгена Ерчака