31 кастрычніка ў Мінску адбылася важная музычная падзея, прысвечаная юбілейнаму году 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 500-годдзю Рэфармацыі ў Еўропе.
Таленавіты дырыжор, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў арганізаваў канцэрт духоўнай музыкі ў вялікай залі Белджяржфілармоніі. Разам з доктарам тэалогіі Ірынай Дубянецкай ён прадставіў панараму еўрапейскай музыкі эпохі Залатога века Беларусі.
Залю запоўнілі вернікі ўсіх канфеcій і аматары класічнай музыкі. Мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін ўпрыгожылі файе сваімі карцінамі, творчая група царквы “Ян Прадвеснік” у шляхетных строях вітала гасцей. Госці імпрэзы змаглі атрымаць друкаваныя аркушы з Бібліі Францішка Скарыны, зробленыя на адноўленым варштате.
Вечарыну адкрыў харал М. Лютэра “ Цвярдыня наша – Вечны Бог”. У выкананні сімфанічнага аркестра “Сapella Academia” і ансамбля салістаў “Вытокі” прагучалі творы І.С. Баха, Г.Ф. Гендэля, А. Дворжака, Мендэльсона- Бартольдзі, а таксама кампазітара Вацлава з Шамотул. Эпоха Рэфармацыі дала новую хвалю пераасэнсавання хрысціянства і гэтыя працэсы адбіліся ў музыцы нямецкіх і чэшскіх кампазітараў.
Саліст Ілля Сільчукоў выканаў два фрагменты хваласпеваў з “ Любчанскага канцыяналу” 1618 года – евангелічнага нотнага зборніка, выдадзенага ў мястэчку Любча. У выкананні арганіста Юрый Габруся прагучала прэлюдыя на харал “Кyrie, Gott heiligier Geist”.Салістка Наталля Акініна (мэца- сапрана) прадставіла дзве арыі з араторыі “ Месія”. У выкананні салістаў Іллі Сільчукова і Юрыя Габруся прагучаў гімн Дж. Ньютона “ Цудоўная ласка”.
“Там над вечнаю краінай,
Бог, адвечны ў любові”
Аляксей Фралоў праявіў высокае мастацтва дырыжыравання. Ён уважліва прыслухоўваўся да кожнай скрыпкі і флейты, адчуваў кожны інструмент ў аркестры і даваў накірунак меладычным і вытанчаным гукам, прапускаючы іх праз сваю душу.
“ Гэта цудоўна арганізаваная містэрыя на Божую хвалу. За гэтыя 500 гадоў жыве і ўзмацняецца любоў да Бога праз музыку і слова. Вельмі ўразіла высокамастацкая передача такога складанага перыяду, як Рэфармацыя. Мастацтва музыкантаў вышэй пахвалы!” – адзначыла паэтка Ядвіга Іванаўна Рай.
“Я ў захапленні ад канцэрта і атрымала вялікае эмацыйнае задавальненне. Я даўно ведаю Аляксея Фралова. У адным чалавеку столькі талентаў, якія даюць, напэўна, эпохі пераломныя, адраджэнскія. І музыкант, і дырыжор, і музыказнаўца, і даследчык, і папулярызатар,- проста харызматычная асоба, якая яднае і прыцягвае да сябе”, – сказала слухачка, якая назвалася Тамарай Мікалаеўнай.
– Аляксей Фралоў кансалідаваў музыкантаў на выкананне складаных твораў і выдатна склаў праграму канцэрта,-заўважыў слухач з царквы “Ян Прадвеснік”. – Ён выбраў узнёслыя і дынамічныя творы, хваласпевы.
8 лістапада ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца другі канцэрт пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова “ TUBA MIRUM” з удзелам Мінскага канцэртнага аркестра “Няміга” ,Minsk trombone quartet і спецыяльнага госця – прафесара Жака Мажэ ( трамбон) з Францыі.
Э. Дзвінская, фота аўтара