У культурніцкім жыцці Мінска адкрыццё той ці іншай арт-прасторы застаецца рэдкай з’явай, якая адразу робіцца вялікай падзеяй. Кнігарня “Галіяфы”, што адкрылася ў сакавіку, дык увогуле можа прэтэндаваць на падзею года.
Аднак уласнікі кнігарні не спыняюцца на правядзенні звычайных імпрэзаў – ад сённяшняга дня ў “Галіяфах” адкрываецца літаратурная кавярня.
Кнігарня з кавай – з’ява зусім не рэдкая на прасторах суседніх краінаў: трэба адзначыць, што літкавярні ў Беларусі былі і да “Галіяфаў”, аднак адразу прыгадаць, дзе можна пачытаць кнігу пад кубачак эспрэса альбо амерыкана, цяжка.
“Будзьма” паразмаўляла з арт-дырэктарам “Галіяфаў” Марыяй Грыц пра перспектывы новай кавярні.
– Ідэя зусім не новая, – кажа спадарыня Марыя. – Такія кавярні ёсць у Вільні, у Рызе, калі паглядзець заходнія фільмы, то там такія месцы можна ўбачыць часцяком. Мы вырашылі, што раз у нас ёсць досыць вялікі ганак, а наведнікаў летам усё адно меней, то чаму б нам не адкрыць на пару месяцаў кавярню”.
– Як доўга плануеце працаваць?
– Як дазволіць надвор’е. Увогуле зрабіць такога кшталту кавярню ў нас няпроста. Калі восень будзе цёплай, то кавярня працягне працу і восенню. Рэч у тым, што мы не можам частаваць наведнікаў кавай унутры, інакш бы нам трэба было пераафармляцца.
– Дарэчы, пра пачастунак. Што прапануеце наведнікам?
– У першую чаргу ежу духоўную. Мы не можам прапанаваць нават печыва, бо гэта ізноў жа пярэчыць нормам. Аднак кава трох розных гатункаў – калі ласка. У нас жа кавярня літаратурная, заўважце, столікі, што цяпер стаяць на ганку, досыць эгаістычныя, на іх найлепей сядзець разам з папяровым сябрам.
– Вы кажаце, што летні наплыў аматараў літаратуры невялікі.
– Мы думалі, што ён будзе меншы – у мінулую пятніцу на імпрэзе нават не ўсе змясціліся, людзі стаялі на ганку, слухалі.
– Пашырацца не думаеце?
– Хацелася б цягам года разбурыць адну сцяну, і тады ў нас будзе нашмат больш прасторы, магчыма, і кавярню тады атрымаецца перанесці ўсярэдзіну, але тое пакуль толькі планы.
– Чаго чакаць ад імпрэзы-адкрыцця?
– У нас тут цэлая праграма: выступяць Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Сыс, Сяргей Верцаіла, музычную частку забяспечыць Леанід Нарушэвіч з гурта “Князь Мышкін”. Чакаем усіх.
Адкрыццё літкавярні “Галіяфы” адбудзецца 16 ліпеня а 19-й гадзіне па адрасе: вул. Валгаградская, 4а. Уваход вольны.
Гутарыў Юрась Ускоў