12.07.2016 | Adnak! Беларуская мова

“Мы не капіруем і не імкнемся дагадзіць, мы ствараем дзеля асалоды”. Хто развівае брэнды на мове

Выкарыстанне беларускай мовы і сімпатыя да нацыянальнай гісторыі і арнаменту для вялікай колькасці беларусаў ужо доўгі час з’яўляецца чымсьці экзатычным. У сваю чаргу, моладзь стала ўспрымаць гістарычную сімволіку ў спажывецкіх таварах як мэйнстрым. TUT.BY даведаўся, для каго родная культура — больш, чым трэнд, а для каго гэта маркетынгавы напрамак, але ў добрым сэнсе.

symbal.by

Вытворца вопраткі з нацыянальнай сімволікай SYMBAL.BY

Брэнд і крама symbal.by з’явіліся два гады таму. Вытворца пазіцыянуе сябе як «унікальную пляцоўку, якая займаецца папулярызацыяй і пашырэннем рэчаў і з’яў, прысвечаных беларускай мове, культуры і гісторыі».

Да з’яўлення крамы яе заснавальнік Павел Белавус разам з камандай «Арт Сядзібы» праводзіў мноства акцый, канцэртаў і кампаній, накіраваных на папулярызацыю беларускай культуры і нацыянальных сімвалаў.

«Нам гэта цікава, мы гэтым жывем і мы ў гэта верым. Паміж сабою мы гаворым па-беларуску, шануем нашую гісторыю і спадчыну, любім Радзіму, таму, калі ўзнікла ідэя стварэння камерцыйнага праекту, то нават і не было пытанняў, на якой мове яго рабіць», — растлумачыў Павел.

Галоўная ідэя symbal.by закладзена ў слогане брэнда: «Рэчы, якія варта мець беларусу». Па словах кіраўніка праекту, на пляцоўцы размешчаны тавары, якія «створаны беларусамі і па-беларуску, дыхаюць беларушчынай, народным каларытам ды здаровым патрыятызмам».

Фарміраванне і раскрутка брэнду пачалася з «вышымаек», бел-чырвона-белых сцягаў і сувеніраў з «Пагоняй».

«Мы паказалі, што прадаваць сцягі і „Пагоню“ не страшна, — успамінае Павел Белавус. — Гэта нашая гісторыя, гэта першыя дзяржаўныя сімвалы Беларусі, пад якімі і Лукашэнка прымаў сваю першую прысягу на пасадзе прэзідэнта».

Symbal.by імкнецца паказаць, што сімвалы могуць быць часткай жыцця, працягвае Белавус, і калі гэта арнамент, то ён можа быць не толькі на кашулі, але і на чахлах для тэлефонаў, бранзалетах, завушніцах, надрукаваным на цішотках, і, наогул, дзе заўгодна.

Негледзячы на тое, што мэтавая аўдыторыя пляцоўкі – беларусы, якія жывуць у Беларусі і па ўсім свеце, прадукцыя крамы ўсё роўна лічыцца ўнікальнай з-за сваёй нацыянальнай арынтаеванасці:

«Наш досвед паказвае, што беларуская мова робіць твой прадукт адметным, заўважным і прыцягальным, — адзначае заснавальнік вытворчасці. — Беларуская мова, як ні дзіўна, у Беларусі дае магчымасць стаць унікальным. Любы цікавы прадукт ці акцыя, якія робяцца па-беларуску, адразу выклікаюць цікаўнасць СМІ, актыўнага грамадства і вылучаюцца ў медыйнай і візуальнай прасторы».

Паводле дадзеных агенцтва Ashwood creative, у чэрвені symbal.by увайшоў у топ-10 брэндаў Беларусі па колькасці падпісантаў старонкі ў фэйсбуку. З 1252 прадстаўленых у Беларусі брэндаў symbal.by на 10-м месцы. Суполка крамы налічвае больш за 15 тыс. чалавек.

Па планах кіраўніка праекта, на сайце symbal.by можа з’явіцца магчымасць набыцця электронных тавараў: кнігі для чыталак, беларускамоўныя музычныя рэлізы, дызайнерскія прынты і іншае. Таксама Белавус жадае запусціць «барахолку», якая дазволіць людзям асабіста размяшчаць свае вырабы, у адпаведнасці з тэматыкай крамы, і прадаваць іх.

У дадатак крама не ўпусціла трэнд на дэнамінацыю, і са з’яўленнем манет на пляцоўцы з’явіліся скураныя манетніцы.

Крафтавы бровар TRYE Beer

Не толькі праз вопратку папулярызуюцца нацыянальная культура і сімволіка. Бровар TRYE Beer узнік каля паўгода таму. Ідэі брэнду, назвы і дызайн упакоўкі нарадзіліся спантанна, як расказвае півавар-саўладальнік Андрэй Мароз: «Я не разумею, што такое „творчыя мукі“ — ідэй у мяне пакуль у разы больш, чым магчымасцяў іх рэалізаваць. І нават калі нешта атрымоўваецца „непрафесійна“ — затое „ад душы“: у гэтым і ёсць наша адметнасць».

«Нашае піва робіцца у традыцыях хатняга броварства, — растлумачвае Андрэй. — Мы выкарыстоўваем жытні солад з-пад Карэліч ва ўсіх гатунках. Усе нашыя складнікі беларускія: солад з Іванава, што пад Бярэсцем, хмель з-пад Маларыты і гэтак далей. Гэта сапраўды беларускае піва».

Півавар лічыць, што абавязковае выкарыстоўванне беларускай мовы на таварах паспрыяе яе пашырэнню. Па меркаванні Андрэя, існуючае апісанне па-руску, у адпаведнасці тэхрэгламенту, нават калі тавар не прадаецца у Расіі, з’яўляецца дыскрымінацыяй: «Мы – беларусы, і нам вельмі шкада, што пад ціскам расійскай мас-культуры і нафталіну савецкай спадчыны беларуская мова тут, у Беларусі, апынулася ў заняпадзе. Прыемна, што зараз карыстанне ёй пашыраецца — нашая мова мілагучная і яскравая, і нам хацелася б, каб яна ўжывалася як мага часцей».

Вытворца моладзевай стрытвэар вопраткі LSTR Adziennie

Ад арнамента і «Пагоні», мабыць, ужо мітусіцца ў вачах, але пакуль што вопратка з патрыятычнай сімволікай з’яўляецца найбольш распаўсюджаным спосабам выраза сваёй нацыянальнай пазіцыі.

LSTR быў першым папулярным праектам, які пачаў рабіць рэчы з патрыятычнымі прынтамі і арнаментам: «Чатыры гады таму, каб насіць патрыятычны шмот, трэба было зрабіць яго самастойна. Паглынутыя традыцыянай беларускай дэпрэсухай, мы вырашылі зрабіць нешта па-сапраўднаму цікавае, ударыўшы па агульнай шэрасці менскай штодзённасці яркім, патрыятычным адзеннем», — настальгуе дырэктар крамы Ілья Аксёнаў.

У стварэнні прынтаў брэнду дапамагаюць прафесійныя дызайнеры-ілюстратары. Яны ўвасабляюць у жыццё ідэі Аксёнава.

Крыніцай натхнення задумак заснавальніка вытворчасці з’яўляецца «Беларусь ва ўсіх яе праявах»: «Нас вабяць непрыступныя сцены сярэднявечных замкаў, халодны бляск ліцвінскай зброі, магія і таямніца старадаўніх сымбалеў. У дызайне нам падабаецца героіка і патас, — захапляецца ўладальнік прадпрыемства. — Сваім адзеннем мы спрабуем стварыць вобраз новага беларуса: ганарлівага і незалежнага, упэўненага і моцнага духам, мужнага і адданага Радзіме».

Аксёнаў прагназуе, што тэндэнцыя да «беларускасці» сыдзе праз некаторы час. Па яго словах, стома ад арнаменталістыкі адчуваецца ўжо зараз, таму што на рынку з’явілася неверагодная колькасць няякасных прадуктаў. Шмат кітчу, безгустоўшчыны, непрыхаванага жадання хутка зарабіць на трэндзе. Аднак «LSTR» не баіцца аслаблення попыта на патрыятычную вопратку, бо «ад самага пачатку пляцоўка зрабіла стаўку на якасць, супрацоўніцтва з найлепшымі дызайнерамі і развіццё ўрбан напрамка, прысвечанае Менску».

ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат», серыя «Цудоўная цукерня»

Калі ў папярэдніх вытворцаў беларускамоўны брэнд вырашаў ідэю папулярызацыі нацыянальнай культуры і самасвядомасці, то скідзельскае прадпрыемства выкарыстоўвае беларускую мову больш як маркетынгавы ход.

«Комплексную распрацоўку новай гандлёвай маркі, ад назвы да дызайну ўпакоўкі правялі спецыялісты беларускай брэндынгавыя фірмы. На этапе нэймінгу за намі стаяла вельмі важная і складаная задача — выбар назвы, — успамінае спецыяліст па збыце камбіната Святлана Цяцько. — Нам прапанавалі выбраць з 11 назваў, сярод якіх былі «імённыя» назвы, а іншыя асацыяваліся з месцам вытворчасці і катэгорыяй прадукту. Прапаноўваліся варыянты на рускай і беларускай мовах. Наш выбар спыніўся на назве «Цудоўная цукерня».

Беларуская канцэпцыя брэнду не толькі падкрэслівае нацыянальны каларыт традыцыйнага прадукту, працягвае Святлана, але і вылучае яго на паліцы сярод канкурэнтаў.

Назва ўтворана на аснове старадаўняга беларускага слова «цукерня», якое ў некалькiх славянскiх мовах азначае «кафэ-кандытарская» — корань «цукар» заяўляе катэгорыю прадукту і выклікае асацыяцыі, па задумцы вытворца, з «салодкім», утульным і атмасферным месцам. Аднолькавы першы склад абодвух слоў – «цу» — стварае дадатковую асацыятыўную сувязь з катэгорыяй прадукту — цукрам.

Моўная гульня, «салодкі» характар назвы і слогана — «Салодзім з асалодай», — па словах Святланы, — падтрымліваюцца і ў дызайне, дамінантамі якога сталі чырвона-белая гама і патэрн у белы гарошак.

Па дадзеных брэндынгавага агенцтва Fabula, якое распрацоўвала канцэпцыю гандлёвай маркі «Цудоўная цукерня», скідзельскі цукар — першы прадукт у сваёй гандлёвай групе на беларускіх паліцах, які ўвёў над-утылітарную камунікацыю: калі цукар выступае не проста прадуктам першай неабходнасці, але і дзейным сродкам надаць жыццю салодасці.

Таксама «Цудоўная цукерня» атрымала і замежнае прызнанне: гандлёвая марка ўвайшла ў топ-10 праектаў тыдня па версіі самага наведвальнага рэсурсу свету па дызайне ўпакоўкі TheDieline.com і з’яўляецца першым беларускамоўным брэндам, намінаваным ў катэгорыі FOOD сярод рэальных упаковак у адным з самых прэстыжных конкурсаў свету, прысвечаным выключна ўпаковачнаму дызайну — PENTAWARDS 2016.

«Мы і далей збіраемся развіваць беларускамоўныя лініі тавараў. Ужо сёння можна сказаць, што спажывец вельмі станоўча рэагуе на нацыянальна-арыентаваны прадукт», — упэўніла нас Святлана Цяцько.


Уладыслаў Голубеў, TUT.BY

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика