У кожным конкурсе павінен быць хоць нейкі сэнс. У “Бульфэсце” ён адсутнічае. Конкурс праводзіцца дзеля конкурсу. З дзясятак беларускіх камандаў рубяцца толькі за тое, каб выступіць на сцэне з “хэдлайнерам з блізкага замежжа”. І наогул, паразітаванне на бульбе і ўсім гэтым бульбашаўстве дастала моцна.
Адборачны канцэрт “Бульфэсту” праводзіўся ў бары “Doodah King” – цеснаватым накураным памяшканні, дзе немагчыма прайсці, не закрануўшы каго-небудзь плячом. На вечар былі заяўленыя ажно пяць гуртоў, якім пашчасціла выйсці ў фінал (паўфінал?) гэтага дзіўнага конкурсу. Адзін з куратараў фэсту Зміцер Саладуха лічыць сістэму адбору простай: пасля прыёму заяваў арганізатары адсеялі грамафанаў і разгледзелі 30 прэтэндэнтаў, з якіх паводле невядомых крытэраў абралі дзевяць гуртоў, а з іх прыхільнікі “Бульфэсту” недзе ў інтэрнэце абралі пяцёрку, з якой наведнікі гэтага канцэрту разам з журы мусілі абраць двойку найлепшых, што паедуць увесну ў… Re:Public! Менавіта там адбудзецца сам фэст пад дзіўнаватай назвай «Бульфэст-international», які задумваецца пад зорку з блізкага замежжа, і не факт, што першай свежасці (гасцямі фэсту ўжо былі такія гурты, як “Ногу свело” і “7Б”). Менавіта гэтую зорку і будуць разаграваць пераможцы конкурсу. Гэта толькі ўсё геніяльнае проста. Але арганізатары “Бульфэсту” простых шляхоў не шукаюць.
“Чаму мы падалі заяву? Таму што хочацца выступаць часцей”, – кажа Аляксандр Дземідзенка. Яго гурт Re1ikt выступаў першым і на канкурсанта зусім не выглядаў. Музыкі ўжо дасягнулі такой ступені майстэрства, што гэта іх трэба разаграваць ці прынамсі запрашаць гасцямі на фэсты высокага ўзроўню. Але паколькі такія фэсты ў Беларусі практычна адсутнічаюць, то даводзіцца Сашу з паплечнікамі падаваць заявы на такія вось конкурсы з няясным пасылам і білінгвістычным вядоўцам. Наогул, паразітаванне на бульбе і ўсім гэтым бульбашаўстве дастала моцна. Ясна, што “пітная вада “Бульбаш” падтрымлівае ўсю гэтую дзею, але каб назва была больш мілая сэрцу, можа, і людзі б пацягнуліся.
“Я ўспрымаю гэты конкурс нармальна, бо гэта хоць неяк дапамагае прасоўвацца маладым гуртам. Хоць ранейшы падыход арганізатараў мне падабаўся больш”, – прызнаецца сябра журы Ілля Маліноўскі, згадваючы пра фэсты, якія Зміцер Саладуха і Ко праводзілі ў “Рэактары”. Тады без усялякіх пафасных адбораў запрашаліся беларускія гурты, якія гралі ў падобнай да замежных гасцей стылістыцы. Усе выступалі разам, і не было “пераможцаў” і “пераможаных”.
А пераможцамі абсалютна заслужана прызналі 2MORROW2LATE і Re1ikt.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч