Эдуард Акулін: — Алеся, па сваёй адукацыі – ты псіхолаг, вывучала таксама сацыялогію. Якім чынам ты трапіла ў славуты народны тэатр “Жывое слова”?
Алеся Сівохіна: — На самай справе я вывучала таксама псіхалогію, але з боку сямейнага кансультавання. А ў тэатр “Жывое слова” мяне прывяла сяброўка. Гэта толькі здаецца, што мая прафесія і тэатр – рэчы несумяшчальныя. Псіхалогія вывучае душу, а тэатр – гэта магчымасць убачыць чужую душу і паказаць сваю.
Э.А. — Вось ужо колькі гадоў ты працуеш рэжысёрам тэатра. Але, наколькі я ведаю, ты не абмяжоўваешся чыста рэжысёрскай дзейнасцю?
А. С. — Я наогул мультыпрактык: працую на сцэне ў якасці акцёра, выконваю песні. Ну а першай уласнай працай у іншым амплуа было стварэнне музыкі да спектакля “Я кахаЮ” паводле п’есы Вольгі Мухінай “Ю”.
Э.А. – Ствараць музыку да спектакля – няпростая справа, якая патрабуе, як мінімум, веданне музычных канонаў. Ты маеш музычную адукацыю? Можаш запісаць мелодыю на нотны стан? Ці музыка – гэта стан тваёй душы?
А. С. — А ці ёсць людзі для якіх музыка – не стан душы? Музыка суправаджае мяне з самага нараджэння. Часам здаецца, што я нават думаю нотамі. У сувязі з апошнім выказваннем пытанне пра наяўнасць музычнай адукацыі становіцца неактуальным.
Э.А. — Якую сцэнічную працу ў тэатры ты лічыш сваёй творчай удачай?
А. С. — Паколькі я не абмяжоўваюся толькі рэжысурай, але і раблю сцэнаграфію, падбіраю касцюмы, музыку да спектакляў, таму немагчыма вызначыць больш удалае ці менш. Кожны спектакль я люблю па-свойму. Вельмі кранаючым атрымаўся спектакль”Апельсіны ў падарунак” паводле Э.-Э.Шміта “Оскар і Ружовая Дама”. Гэта філасофская гісторыя пра сутнасць чалавечага існавання. Галоўны герой –дзесяцігадовы хлопчык Оскар, хворы на рак. Да апошняга моманту ён змагаецца са смерцю, а заставацца мужным дапамагае надзейны сябра і дарадца – Ружовая Дама.
Э.А. — Амаль кожны рэжысёр марыць паставіць на сцэне “Караля Ліра” або “Гамлета”… Аб чым твае творчыя мроі?
А. С. — У жыцці амаль заўсёды так, што мары застаюцца марамі.
Э.А. — Якая музыка табе падабаецца?
А. С. — У кожны момант розная, таму што жыццё рознае. Сітуацыя і настрой дыктуюць мне прыярытэты. Нават самая любімая песня можа надакучыць, калі слухаць яе кожную вольную хвіліну. Трэба шукаць заўсёды нешта свежае, арыгінальнае, нечаканае.
Э.А. – Хоць і сказана ў бібліі – “не ствары сабе куміра”… Тым не менш, хто з айчынных музыкаў натхняе цябе на ўласную творчасць?
А. С. — Калі мяне будзе натхняць нехта з музыкаў, тады ніякай маёй уласнай творчасці не атрымаецца. У вялікім і ўсеабдымным захапленні талентамі іншых мы становімся майстрамі мімікрыі, замест таго, каб развіваць свае ідэі.
Э.А. — Наколькі я ведаю, ты сама не пішаш вершаў. Якім чынам ты знаходзіш тэксты для сваіх песень?
А. С. — Я іх не знаходжу, яны самі знаходзяць мяне.
Э.А. — Каго з беларускіх пісьменнікаў ты любіш перачытваць?
А. С. — Уладзіміра Караткевіча.
Э.А. — Тэатральнае жыццё – бясконцае вандраванне. Табе падабаецца адкрываць для сябе новыя далягляды – беларускія і не толькі?
А. С. — Новае — заўсёды цікава: уражанні, эмоцыі, людзі, мясціны. Так заўжды, асабліва яскрава запамінаецца апошняе.
Э.А. — Ці ёсць у Мінску сцэна, на якой ты адчуваеш сябе камфортна і куды табе хочацца вяртацца зноў і зноў?
А. С. — Гэта сцэна нашага тэатра ў БДПУ – 500-я аўдыторыя, якую мы пяшчотна называем “пяцісотачка”.
Э.А. — “Няма таго, што раньш было”… Сённяшні час не зусім спрыяльны для развіцця беларускай аўтарскай песні… Як ты лічыш – гэта перашкаджае ці дапамагае творцу?
А. С. — Цяжкасці, на самай справе, і ёсць выклік, і сапраўднаму творцу яны дазваляюць лепш раскрыць свой талент. Творца павінен нешта пераадольваць: сябе, матэрыял, норму. Мы захапляемся вялікімі майстрамі, таму што яны зазірнулі туды, куды мы не маглі ці наогул баяліся зазірнуць…
Э.А. — Алеся, цябе даволі часта можна заўважыць на розных сталічных “тусоўках” – творчых вечарынах, кніжных прэзентацыях і г.д. Як ты лічыш, каб трапіць у “абойму”, трэба, перафразоўваючы Барадуліна, на сцэне бываць часцей? Ці для цябе — гэта патрэба пабыць сярод блізкіх па духу людзей?
А. С. — Я не лічу сябе “тусоўшчыцай”. Проста стараюся адгукацца, калі мяне просяць выступіць. Часта проста прыходжу паглядзець, што новага ў культурным жыцці. Думаю, што гэта нармальна, калі чалавек цікавіцца не толькі сваёй творчасцю.
Э.А. — Сціпласць у нашай беларускай крыві. Нават Янка Купала калісьці прызнаўся: “Я не паэта, о крый мяне Божа!” І ўсё-ткі што, на тваю думку, патрэбна, каб адбыцца як барду?
А. С. — Тое самае, што і любому чалавеку – рэалізоўваць сваё Я.
Э.А. — Ці верыш ты ў сяброўства сярод творчых людзей? Чамусьці згадалася гісторыя Моцарта і Сальеры… З кім ты сябруеш? І што найбольш цэніш у сваіх сябрах?
А. С. — Сапраўдных сяброў у мяне не шмат і амаль усе – з часоў вучобы ў універсітэце. Кожны — чалавек у пэўнай ступені творчы; кожнага з іх я проста цаню за тое, што яны ёсць. А яны прымаюць мяне з усімі маімі асаблівасцямі.
Э.А. — “Пакуль кахаю, я жыву…” — аднойчы сказаў паэт Алесь Пісьмянкоў. Якую ролю ў сваім жыцці адводзіш ты каханню?
А. С. — Жыццё — і ёсць каханне. Без кахання не будзе жыцця, не будзе творчасці, таму што Творчасць – гэта таксама Каханне, якое цябе перапаўняе настолькі, што застаецца толькі адно – ствараць. Ты проста не маеш іншага выйсця.
Э.А. — Як у тваіх вачах павінны выглядаць сапраўдны мужчына? Ці лічыш ты, што час донкіхотаў даўно кануў у Лету?
А. С. — Стэрэатыпаў сапраўднага мужчыны і так шмат. Навошта яшчэ і мой? Не ведаю, як наконт донкіхотаў… Ён, здаецца, і без жонкі застаўся. Калі б усе мужчыны былі такімі – чалавецтва перастала б існаваць… Так што добра, што такі час мінуў.
Э.А. — Вось як! Тады які вобраз сучаснай жанчыны табе бліжэй – свецкай львіцы, феміністкі, гламурнай сэрцаедкі ці мележаўскай Ганны?
А. С. — Абсалютна не хочацца трапляць у рамкі існуючых клішэ. Мне бліжэй вобраз жанчыны, якая слухае сябе, сваё сэрца, сваю інтуіцыю і выражае сябе адпаведна, жанчыны гарманічнай, справы і ўчынкі якой адпавядаюць яе думкам і настрою.
Э.А. — У тэатры ты прывыкла рэжысіраваць жыццё, а ў рэальным жыцці – хто, на тваю думку, рэжысіруе нашыя лёсы?
А. С. — У тым ліку і мы самі. У любой сітуацыі нам даецца выбар і толькі ад нас залежыць, якім будзе наступны ўчынак, што будзе далей. Наша жыццё можа змяніцца каардынальна ад аднаго кароткага “так” ці няўпэўненага “не”. Але ж выбіраем мы самі. Няхай ёсць Той, хто сочыць, хто дапамагае. Але ўся адказнасць за наша жыццё – на нас саміх.
Эдуард Акулін
спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
tbm-mova.by