Ці знойдуць замежнікі, якія захочуць дакрануцца да культуры краіны, куды трапілі па сваім заўзятарскім пакліканні, у беларускіх кавярнях не толькі дранікі ды мачанку, але і традыцыйную музыку? Гэтым пытаннем задаўся прадзюсар гурта PAWA Валеры Шаўчэнка. У спадзеве атрымаць для свайго калектыву прапановы працы на май ён абзваніў кавярні беларускай кухні, клубы і рэстарацыі, якія знаходзяцца ў цэнтры горада і прымуць найбольшую колькасць турыстаў. Але адказ паўсюль быў адзін: ні пра якую адмысловую музычную праграму пакуль што не думалі.
«У Мінск прыедзе спартовая аўдыторыя, але ўсё адно хацелася б прэзентаваць нашую культуру – у тым ліку каб у кавярнях ды на канцэртных пляцоўках падчас Чэмпіянату гучала беларуская фольк-музыка, – лічыць Валеры Шаўчэнка. – Але, імаверна, паўсюль зноў будуць выступаць тыя ж кавер-бэнды, бо ў нас не імкнуцца паказаць Еўропе нешта адрознае, сваё».
Услед за прадзюсарам карэспандэнт budzma.by абзваніў нацыянальна арыентаваныя кавярні і канцэртныя пляцоўкі, дзе выступаюць беларускія гурты, каб даведацца, ці рыхтуюцца яны хоць неяк да міжнароднай спартовай падзеі.
«Ніяк не рыхтуемся. Мы жывем сённяшнім днём», – адказалі карэспандэнту ў кавярні «Госці», дзе вечарамі грае жывая музыка. У кавярнях «Камяніца», «Агінскі», а таксама ў клубе Loft не знайшлося супрацоўнікаў, якія б валодалі інфармацыяй. «Ніякай падрыхтоўкі няма», – сказалі нам у клубе Re:Public. Музычная праграма «Графіці» на май таксама пакуль невядомая: «Музыкі на такі доўгі тэрмін не арыентуюцца», – патлумачылі ў паб-клубе, але ўладальнікі плануюць набываць правы на трансляцыі матчаў, каб прыцягнуць больш заўзятараў. Адміністратар кавярні «У Францыска» расказала, што нічога асбалівага не мяркуецца: «У нас і так усё ёсць – дзяўчаты ў нацыянальных строях, беларуская музыка, беларуская кухня. Нам няма чаго дадаць, мы заўсёды гатовыя». Прыкладна тое ж адказалі і ў «Беларускай карчме», якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту: «Нам няма як рыхтавацца. Прадставім беларускую кухню ў поўным асартыменце і смакавых якасцях».
Да падзеі яшчэ больш як тры месяцы. Магчыма, за гэты час рэстарацыі і кавярні ўсё ж заклапоцяцца пытаннем, якую музычную праграму паказаць турыстам, і звернуць увагу менавіта на беларускія гурты.
«Клубы маюць дамовы з канцэртнымі агенцтвамі, таму тут яшчэ многае залежыць ад іх, – гаворыць Валеры Шаўчэнка. – А для рэстарацый павінная быць асобная праграма, зрэжысаваная, цікавая для публікі, каб апроч беларускай музыкі, магчыма, было і пэўнае знаёмства з культурай – напрыклад, майстар-класы па ігры на народных інструментах, каб замежнікі, для якіх гэта экзотыка, атрымалі і пэўныя веды пра краіну, у якой пабывалі».
Аляксандра Дорская