Калі мяне наўпрост спытаць, ці трэба ісці глядзець спектакль “Вечнасць на дваіх”, мой адказ адназначны – так! Чым хутчэй, тым лепш!
На сцэне Расціслаў Янкоўскі і Бэла Масумян, вы не пабачыце такога ў кіно, не прачытаеце ў кнігах, у вас ёсць шанец пабачыць на ўласныя вочы гісторыю беларускага тэатра тут і цяпер. Я не ведаю, наколькі актыўна Расціслаў Іванавіч удзельнічае ў іншых спектаклях рэпертуару, але ён адназначна заслугоўвае такога ўмоўнага бенефісу.
У спектаклі Янкоўскі грае бацьку, які стаў банкрутам і разам са сваёй жонкай у выкананні Бэлы Масумян разлічвае на дапамогу дзяцей. Іх пяцёра, і яны маглі б нейкім чынам сукупна забяспечыць абаім годную сталасць. Крызіс ці проста сквапнасць дзяцей прыводзяць да таго, што сталыя муж з жонкай мусяць раз’ехацца – нават у розныя гарады.
Шчырае здзіўленне ад той несправядлівасці, тым больш нечаканай, што яна ідзе ад уласных дзяцей, ёсць скразной эмоцыяй, якую выяўляе Барк Купер, герой Янкоўскага. Гэта мае быць сапраўднай эмоцыяй, якую адчувае прадстаўнік сталай генерацыі, гледзячы на тое, што адбываецца ў сучасным свеце. Тут няма адчаю караля Ліра: герой Янкоўскага, здаецца, гатовы сцярпець любое прыніжэнне, хаця яно сапраўды падаецца незаслужаным. Але ў гэтым спектаклі мы не пачуем гучных канфліктаў і спрэчак. Прынамсі з боку бацькоў. Крычаць у асноўным дзеці, напрыклад, праз лішнюю пяцёрку даляраў, якую выпадкова знойдуць у бацькі. А той тым часам вядзе даверлівыя размовы з зяцем ці суседскім бакалейшчыкам.
У нечым гэтая роля — працяг лініі доктара Борга, якога Янкоўскі сыграў у “Сунічнай паляне”, пастаўленай паводле знакамітага фільма Бергмана. Гэта такая назіральная пазіцыя да свету, уласцівая хіба што японцам ды шведам. І раптам яна аказваецца цалкам арганічнай для нас.
Неяк так атрымалася, што Люсі Купер, гераіня Бэлы Масумян, уступае ў значна большы канфлікт з рэчаіснасцю. У адным эпізодзе яна згаджаецца пакрываць стасункі сваёй унучкі з дарослым кавалерам пры ўмове, што тыя стасункі скончацца. Унучка ўсё ж збегла з кавалерам, трапіла ў аварыю, выжыла, але вінаватай нібыта аказалася Люсі Купер. Хаця хіба яна вінаватая ў тым, што ўнукі трымаюць слова яшчэ ў меншай ступені, чым дзеці? І тут таксама Бэла Масумян быццам бы сцішваецца і не ідзе на канфлікт з дзецьмі. Гэта падобна да зацішша пасля буры.
Старым не месца ў гэтым свеце. Паказваецца Амерыка 30-х гадоў мінулага стагоддзя, а падразумяваецца цяперашні час. Не ведаю, ці да месца будзе гэтае параўнанне, але тое, што Віктар Казько ледзь не просіць прабачэння за тое, што перамог у прэміі Гедройца, выглядае дзіўна. Старэйшае пакаленне дамінуе ва ўсіх сферах сучаснага жыцця Беларусі: у палітыцы, у эканоміцы, у культуры. Але такое адчуванне, што ніхто не атрымлівае ад гэтага асалоды. Хіба мала маральных сродкаў, каб сапраўды прымусіць недалёкіх нашчадкаў падпарадкавацца? Хіба партнёры, калегі і сябры дзяцей Барка і Люсі не адвярнуліся б ад іх, даведаўшыся, як яны ставяцца да ўласных бацькоў?
Сродкі і метады ёсць, але Барыс Луцэнка сваім спектаклем прапагандуе змірэнне, бесканфліктнасць, непадпарадкаванне. Засяроджваецца не на канфлікце, а на ўмоўным добрым, што ёсць у яго герояў.
Адзін з самых рамантычных момантаў у спектаклі — святочная вячэра, якую ладзяць сабе Барк і Люсі Купер. Яны даўно не бачыліся, і толькі Люсі напэўна ведае, што няхутка пабачацца, мажліва, нават ніколі (Барк, цалкам магчыма, таксама здагадваецца, але не падае выгляду). Янкоўскі і Масумян не граюць адчайную жарсць, а хутчэй іранічную мяккую сімпатыю (тут успомніўся спектакль “Ілюзіі”, дзе героі разважаюць пра “цвёрды” і “мяккі” свет, вось каму варта было б сыграць у п’есе Вырыпаева!). Сапраўдныя эмоцыі гэтай сцэны застаюцца ў падтэксце. Я, напрыклад, ніколі не пабачу спектакль “Двое на арэлях”, з якім некалі Янкоўскі і Масумян ездзілі з гастролямі нават па цаліне, але “Вечнасць на дваіх” дае магчымасць адчуць, што гэта быў за спектакль.
Напрыканцы чацвёра дзяцей Барка і Люсі становяцца на калені перад вобразам “Вяртання блуднага сына” Рэмбрандта. І гэта сімвалічны жэст, які цяжка патлумачыць з логікі ўсёй дзеі. У выніку нам застаецца такі сімвалічны сямейны фотаздымак. На доўгую і добрую памяць. Менавіта для гэтай памяці і важна наведаць і паглядзець гэты спектакль.
Не ведаю, ці атрымалася ў мяне ў гэтым тэксце перадаць павагу, якую я адчуваю да такіх майстроў сцэны, як Барыс Луцэнка, Расціслаў Янкоўскі, Бэла Масумян. Але мне сапраўды шкада, што іх сумесны тэатральны праект атрымаўся такім “сямейным”… Канстанцін Багамолаў ставіць спектакль для юбілею Алега Табакова, і ён уваходзіць у самыя прызнаныя спектаклі Масквы, Оскарас Каршуновас робіць спектакль паводле Бэкета для Будрайціса і з ім раз’язджае па фестывалях. А спектакль Рускага тэатра атрымаўся густанаселеным, але збольшага “дамашнім”.
Віной таму і якасць драматургічнага матэрыялу, які прапанаваў тэатру Уладзімір Арлоў, якую не хочацца абмяркоўваць, і залішняя далікатнасць рэжысёра Барыса Луцэнкі, які, такое адчуванне, шкадуе маладое пакаленне артыстаў тэатра, а можа, саміх майстроў сцэны, якія чамусьці ігнаруюць магчымасць сумеснай працы з маладымі рэжысёрамі. Вы можаце сабе ўявіць Расціслава Янкоўскага ў спектаклі Яўгена Карняга, ці Кацярыны Аверкавай, ці Міхаіла Лашыцкага, ці Уладзіміра Шчэрбаня, ці Паўла Харланчука? Вось мне шкада, што так не адбылося.
Аляксей Стрэльнікаў