21.01.2015 | Байцоўскі ген Спорт

Меліціна Станюта: “Промні беларускага сонца ззяюць ярка. Але магло б быць значна лепш”

Сучасная ікона беларускай мастацкай гімнастыкі апавядае пра папулярнасць нашых спартсменак за мяжой, згадвае сваю легендарную прабабулю і тое, як брала медалі на чэмпіянаце свету з пераломам ступні.

Здавалася б, што мастацкая гімнастка можа рабіць у такім брутальным праекце, як “Байцоўскі ген”. Тым больш калі гэта элегантная Меліціна Станюта. Ці не яе мы часта бачым на старонках глянцавых часопісаў.

Але ёсць і іншы бок медаля. Стойкасць, воля і перадавыя погляды топавай гімнасткі не могуць пакінуць нармальнага беларуса абыякавым.

FOTA 1

Стужкі, булавы і харэаграфія — гэта ці не першыя дзіцячыя ўспаміны ужо шматразовай медалісткі чэмпіянатаў свету і Еўропы Меліціны Станюты. У адзін з самых прыгожых і адначасова жорсткіх відаў спорту яна прыйшла зусім маленькай.

— Мне было тры гады. Звычайная дзяўчынка, у мяне не было ног ад вушэй. Але першы трэнер, Святлана Васільеўна Бурдзявіцкая, казала, што пабачыла мяне ўдалечыні з акна і падышла да маёй маці, — згадвае Меліціна пра тую лёсавызначальную сустрэчу. — Прапанавала ёй звярнуць увагу на мастацкую гімнастыку.

­— У Святланы Васільеўны, напэўна, паранармальныя здольнасці.

— Не ведаю, але я ўжо больш за 18 гадоў у гімнастыцы.

Fota 2

Зрэшты, гэтых 18 гадоў у спорце магло б і не быць. Калі Меліціна замацавалася ў дарослай нацыянальнай зборнай, то проста падчас старту атрымала шакавальны пералом. І… працягнула выступаць.

— Скажыце, гэта байка ці праўдзівая гісторыя?

— Гэта была ступня. Балела і балела бясконца. Рабілі здымкі — усе косткі цэлыя. “Чаго ты ныеш?” Але было цяжка трэніравацца, рабіць скачкі. Звярталася да вялікай колькасці спецыялістаў. І адзін сказаў: “Ведаеш, твая костка вось-вось зламаецца. Давай гіпс!” Адказваю: “Які гіпс? Праз два тыдні чэмпіянат свету-2010!” Я паехала ў Маскву. На чацвёрты дзень, калі было практыкаванне са стужкай, скокнула і бах… Сама не ведаю, як тое практыкаванне дарабіла і выступіла на наступны дзень. Вось тады ступня пасінела і пазелянела, працэс пайшоў. Але выступіла і стала трэцяй. Потым быў яшчэ адзін клубны чэмпіянат свету ў Японіі. Гісторыя паўтарылася. Пасля гэтага давялося рабіць складаную аперацыю, настала цяжкае чаканне: ці змагу трэніравацца, ці змагу ўвогуле нармальна хадзіць. Цяпер я з жалезкай у ступні на ўсё жыццё.

— Ашаламляльна!

— Лічу, што ў кожнага спартсмена былі такія моманты, калі так баліць, што не трэба ніякіх медалёў, ніякіх прыгодаў спартыўных. У мяне таксама былі думкі, што гэта апошні раз я прачнулася а 7-й раніцы і прыйшла ў залу, якую ўжо бачыць не хачу-не магу. Але назаўтра з’яўляюцца сілы, якія цягнуць назад. І хоць не бяжыш, але ідзеш. Можа, гэта любоў?

FOTA 3

Толькі цёмны беларус не ведае легенду Купалаўскага тэатра Стэфанію Станюту — прабабулю Меліціны. У гэтым годзе будзе святкавацца 100-годдзе культавай актрысы.

— Вы так цудоўна валодаеце беларускай мовай (Меліта гутарыла на роднай мове цягам усяго інтэрв’ю, — “Байцоўскі ген”). Напэўна, і тут на вас паўплывала прабабуля. Ці помніце вы яе?

— Для мяне яна была родным і блізкім чалавекам. Звычайная бабуля, з якой было хораша і цікава. У яе была незвычайная кватэра-куфар, у якім можна было варушыць шмат чаго і кожны раз знайсці нешта новае — пацеркі, маскі і шмат чаго іншага. Мне было 4-5, тады я не думала, што мая прабабуля — вядомая актрыса. Толькі гадоў восем таму я зразумела, хто гэта быў насамрэч, чытала ў кнігах пра маю прабабулю. Ёй вельмі падабалася, што я займаюся мастацкай гімнастыкай, бо яна і сама вельмі-вельмі марыла стаць балерынай. А гісторыя мастацкай гімнастыкі, дарэчы, пачалася з таго, што балерына Айседора Дункан адкінула ўбок пуанты.

FOTA 4

— Магчыма, гэта гучыць банальна, але ці перадалася вам любоў да тэатра?

— Калі я ведаю, што суботу-нядзелю правяду ў Мінску, то зазіраю ў афішу, каб пабачыць нешта новае на нашых сцэнах.

— Што ў вашым рэйтынгу на першых месцах?

— Гэта, канечне, Купалаўскі. Але ведаеце, калі схадзіла на мінулагоднюю прэм’еру “Пана Тадэвуша”, не магла сказаць, што ў захапленні, як ад многіх іншых пастановак тэатра. Таксама вельмі падабаецца Тэатр беларускай драматургіі. Раней любіла Сучасны мастацкі тэатр, але стаўленне колькі гадоў таму змянілася. Што да Рускага драматычнага тэатра, няхай мне там выбачаць, але ніводзін спектакль мне не спадабаўся.

— Аднак атрымліваецца, што да вашага профілю найбольш блізкі Нацыянальны тэатр оперы і балета…

— Яшчэ калі мне было 12, я не пабачыла ў балерынах гэтага тэатра класу. Не маё. А вось улетку, калі прыязджала грузінскай трупа, там так, была ў захапленні.

— Дарэчы, не ўпершыню чуем крытыку наконт тэатра оперы і балету. Будынак прыгожы, адрамантавалі добра, але атмасфера ў ім як у якім-небудзь губернскім тэатры Расіі. Нацыянальнага там мала, нават праграмкі напісаныя па-руску.

— Вось-вось. Незразумела што.

FOTA 5

Мастацкія гімнасткі трэніруюцца па восем гадзін на суткі, увесь час прытрымліваюцца жорсткай дыеты. І можна толькі ўявіць, якая адказнасць кладзецца на плечы нашых грацыяў падчас стартаў. Цікавімся ў Меліціны, чым гэты няпросты занятак так вабіць беларускіх дзяўчат з пакалення ў пакаленне.

— Па-першае, гэта прыгожа. Гэта кактэйль са спорту і мастацтва. Від, які не псуе жаночы ген. Мне хацелася б, каб да мастацкай гімнастыкі ў Беларусі ставіліся больш уважліва. Нам абяцалі спецыялізаваны палац яшчэ, здаецца, у 2010 годзе. А цяпер ужо 2015 год — і нічога. А традыцыі мастацкай гімнастыкі вельмі яркія менавіта ў Беларусі. Мы заўсёды прыносім медалі.

— Праглядзелі замежныя відэаролікі з вашым удзелам. Прагляды — 10, 20, 25 тысяч. Пад відэа безліч каментароў па-іспанску і па-ангельску. І амаль ніколі — па-беларуску ці па-руску. Выходзіць, вашы фанаты пераважна з Заходняй Еўропы?

— У плане ўвагі мне яшчэ вельмі прыемна выступаць у Японіі. Там па-асабліваму ставяцца да людзей, якія змаглі зрабіць крышку больш за іншых. Яны на такіх людзей моляцца. Па-асабліваму да нас ставяцца ў Італіі. А ў Іспаніі я аднойчы проста зайшла ў краму, зразумела, што без спецыяльнага макіяжу, без стужкі, без мяча. Проста вось так, як цяпер. Раптам да мяне падбягае дзяўчына і пачынае рыдаць: “Вы Меліціна Станюта?” Для яе было нечакана, што я па краме хаджу як звычайны чалавек (а я звычайны чалавек).

— Асаблівая ўвага — што гэта азначае?

— У Більбаа, у краіне баскаў, штогод збіраюць 10-12 гімнастак з усяго свету, праводзяць гала-шоў. І столькі фанатак і нават фанатаў прыходзіць на гэта паглядзець! Я з захапленнем там выступаю. Там сябе можна адчуць зоркай — Джэніфер Лопес, Queen ці гуртом “Акіян Эльзы”. Я люблю вельмі “Акіян Эльзы”, таму раблю такое параўнанне. Там чалавек можа кінуцца пад аўтобус: “Вы нікуды не паедзеце, я хачу аўтограф Меліціны Станюты!”

— Што, нехта сапраўды вось так лёг пад колы?

— Так, гэта была дзяўчынка, гадоў 15-16.

— І чым скончылася гісторыя? Вы выйшлі з аўтобуса?

— Я распісалася і перадала гэтую паперу дзяўчынцы. Выйсці з аўтобуса тады не было як: ахвотных узяць у гімнастак аўтограф было шмат, а ўсім трэба было з’язджаць.

FOTA 6

— Гэтае пытанне, магчыма, некарэктнае. Як лічыце, ці магла б кожная жанчына, якая сабой з нейкіх прычын не задаволеная, ператварыцца ў багіню? У тым ліку пры дапамозе практыкаванняў з гімнастыкі ці іншых відаў спорту?

— Мне 21 год, не 30, не 40, таму складана даваць такія парады. Выкажу такое меркаванне. Кожная жанчына — гэта зорка і муза. Няма непрыгожых. Свае плюсы і трэба ператварыць у зорнасць. Канечне, вельмі цяжка паверыць у сябе, калі ты адна. Але калі нехта збоку дадасць пазітыўную кропельку ў акіян незадаволенасці, з жанчынай можа здарыцца цуд. Да таго ж усё ў нашых руках — маіх, вашых, тае жанчыны. Як бы гэта банальна ні гучала, рукі нельга апускаць. У мяне таксама бываюць дэпрэсіі, і прычына не толькі ў зіме ці восені. Мы не жалезныя. Жыццё — гэта эмацыйная крывая, якая здараецца ва ўсіх. Калі, скажам так, мяне накрывае, то стараюся больш нагрузіцца нейкімі прыемнымі і не вельмі справамі, каб не было часу думаць пра тое, што мне дрэнна. І нават калі не можаш, можна перабіць дэпрэсію справамі.

FOTA 7

— Гучалі заявы, што апроч прафесійнага спорту вы хацелі б заняцца маркетынгам і менеджментам. Каб нашых спартоўцаў прасоўваць. Гэта праўда?

— На даволі маленькую ў геаграфічным плане краіну ў нас па-сапраўднаму гучныя традыцыі і ў спорце, і ў мастацтве! Гены пальцам не задушыш. Промні беларускага сонца ззяюць ярка. Але ў той жа час магло б быць значна лепш. Пра шмат якія годныя імёны нашы людзі не ведаюць. Таму гэтых спартсменаў трэба так падаваць грамадству, каб усе зразумелі іх значнасць. Пасля сканчэння спартовай кар’еры я хацела б навучыцца гэта рабіць і прасоўваць такіх людзей.

Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч

Байцоўскі ген” — праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома.

Яны маюць унікальныя лёсы, пра якія варта ведаць. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй і ганарыцеся імі!

Інфармацыйныя партнёры:

logo

Telegraf_logo_new

yoga_newlogo900


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика