Цэлы месяц у цэнтры Мінску ў кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці 37А) будзе стаяць вялікая паліца з нямецкімі, аўстрыйскімі і швейцарскімі кніжкамі. Набыткі нямецкай і нямецкамоўнай літаратуры: сучасныя і класічныя, перакладзеныя і ў арыгінале – падыходзь і набывай, ці проста чытай. Акрамя гэтага ў кнігарні можна будзе азнаёміцца з нямецкімі газетамі і мастацкімі альбомамі нямецкіх ілюстратараў. Цэлы верасень? Так, цэлы месяц раз на тыдзень у кнігарні “логвінаЎ” можна будзе ўбачыць і паразмаўляць з літаратурнымі зоркамі першай велічыні. Расклад імпрэзаў “Месяца нямецкай літаратуры ў кнігарні “логвінаЎ”:
5 верасня (панядзелак). Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца творчы вечар яскравага прадстаўніка беларускага мадэрнізму Алеся Разанава з прэзентацыяй яго нямецкамоўнай кнігі Der Mond denkt, die Sonne sinnt (“Месяц думае, Сонца разважае”). Вядучы імпрэзы – Ігар Бабкоў. Пачатак а 19-й гадзіне.
10 верасня (субота) – дзіцячы ранішнік “Guten Tag, Tanaka! Падарожжа Капітана Танакі ў незвычайную краіну Германію” з прызамі і чаепіццём. Вядучы – пластылінавых спраў майстра Алесь Кудрыцкі. Пачатак а 14-й гадзіне.
12 верасня (панядзелак) – Вечар сучаснай нямецкай літаратуры. Падвядзенне вынікаў конкурсу Інстытута імя Гётэ і часопіса “Прайдзісвет” на пераклад навелы Гайнрыха фон Кляйста. Знаёмства маладых беларускіх перакладчыкаў з сучаснай нямецкай літаратурай. Вядучая – Вера Дзядок.
17 верасня (субота) – нон-стоп паказ 3 стужак рэжысёра Фатыха Акіна на нямецкай мове. Пачатак а 14-й гадзіне. Уваход – вольны.
19 верасня (панядзелак) -Творчая вечарына легенды беларускай літаратуры, перакладчыка Васіля Сёмухі. Падчас вечарыны адбудзецца прэзентацыя перакладной версіі кнігі Германа Гесэ “Стэпавы воўк” і зборніка “Званы старое казкі”, куды ўвайшлі беларускія пераклады вершаў нямецкіх кампазітараў. Запрошаныя госці – Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас і Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19-й гадзіне.
26 верасня (панядзелак). Сустрэча са швейцарскім пісьменнікам Йенсам Нільзэнам. У імпрэзе возьме ўдзел перакладчыца Ірына Герасімовіч. Вядучы – Андрэй Хадановіч. Пачатак а 20-й гадзіне.